Беларуская Служба

Біржа крыптавалют Zondacrypto на мяжы банкруцтва. Генеральны дырэктар збег у Ізраіль

24.04.2026 11:02
Партал Onet.pl паведамляе, што Пшэмыслаў Краль, генеральны дырэктар біржы крыптавалют Zondacrypto ужо тыдзень знахозіцца ў Ізраілі. Гэта азначае, што няма магчымасці вярнуць яго ў Польшчу.
 ,     Zondacrypto
Пшэмыслаў Краль, генеральны дырэктар біржы крыптавалют ZondacryptoFacebook/Polski Komitet Olimpijski

Людзі, якія ўклалі грошы на біржу, не могуць іх забраць. Пацярпець могуць дзясяткі тысяч людзей. Сотні іншых штодня падаюць скаргі ў пракуратуру. Тыдзень таму пракуратура пачала расследаванне махлярства і адмывання грошай найбуйнейшай польскай біржай крыптавалют. Zondacrypto таксама з'яўляецца спонсарам Польскага алімпійскага камітэта. Спартсмены, якія выйгралі медалі на зімовых Алімпійскіх гульнях у Мілане, не могуць атрымаць свае прызы.

Zondacrypto знаходзіцца на мяжы банкруцтва. Біржа крыптавалют, фармальна зарэгістраваная ў Эстоніі, але працуе ў асноўным на польскім рынку. З біржы зніклі 99% рэзерваў біткойнаў.

У апошнія гады генеральны дырэктар Zondacrypto Пшэмыслаў Краль адсутнічаў у Польшчы, баючыся арышту. Ён пастаянна жыве ў Манака. Цяпер, паводле звестак Onet, ён зʼехаў у Ізраіль. Краль мае ізраільскае грамадзянства, што азначае, што яго не экстрадуюць у Польшчу, бо Ізраіль не перадае сваіх грамадзян спецслужбам іншых краін.

Краль спрабуе абвінаваціць у фінансавых праблемах Zondacrypto яе заснавальніка, Сільвестра Сушэка (кампанія, заснаваная ў 2014 годзе, першапачаткова называлася BitBay). Гэты малады бізнесмен з Сілезіі знік без следу ў 2022 годзе.

Краль, які быў яго адвакатам і пераняў ад яго крыптабіржу, мяркуе, што Сушэк мог бы лёгка пакласці канец фінансавым праблемам Zondacrypto, бо ён сам не мае доступу да кашалька, які змяшчае 4500 біткойнаў — асноўнага рэзерва кампаніі.

Паводле слоў Краля, Сушэк захоўвае ключы ад гэтага кашалька. У запісе, размешчаным у сацыяльных сетках. Краль мяркуе, што Сушэк жывы і хаваецца.

Аднак, паводле Onet, пракуроры, якія расследуюць знікненне Сушэка, перакананыя, што бізнесмена забілі. Яны таксама лічаць, што Краль выдатна пра гэта ведае. Праўда, паколькі цела Сушэка і злачынцы зніклі без вестак, расследаванне, хутчэй за ўсё, будзе спынена.

Сам Краль ужо некалькі дзён не выходзіць на сувязь.

Паводле слоў яго сяброў, тэлефон адключаны, і ён не адказвае на паведамленні. Ён таксама перастаў быць актыўным у сацыяльных сетках, дзе ў апошнія дні публікаваў шматлікія паведамленні, спрабуючы растлумачыць нібыта «часовыя» праблемы біржы, якая некалькі тыдняў таму спыніла выплату дэпазітаў кліентам у крыптавалютах.

Некалькі дзён таму ён таксама развітаўся са сваімі калегамі ў інтэрнэце, якія неўзабаве атрымалі паведамленні аб звальненні. Назіральны савет BB Trade Estonia OU, аператара біржы крыптавалют, зарэгістраванага ў Эстоніі, таксама падаў у адстаўку.

яс