Лаўрэатамі прэміі імя Сахарава «За свабоду думкі» 2025 года сталі двое журналістаў, якія знаходзяцца ў турмах у Беларусі і Грузіі. Урачыстае ўручэнне прайшло ў Еўрапарламенце 16 снежня.
Прэмія імя Сахарава «За свабоду думкі», названая ў гонар савецкага фізіка і палітычнага дысідэнта Андрэя Сахарава, з'яўляецца найвышэйшай узнагародай ЕС у галіне правоў чалавека. Упершыню прэмія была прысуджаная ў 1988 годзе Нэльсану Мандэле і Анатолю Марчанку. Гэтай узнагародай Еўрапейскі Саюз ушаноўвае асобных людзей і арганізацыі за працу ў галіне правоў чалавека, і за ўклад у абарону свабоды думкі.
У аўторак 16-га снежня ў Еўрапарламенце адбылося ўрачыстае ўручэнне прэміі. Абвяшчаючы лаўрэатаў, прэзідэнт Еўрапарламента Раберта Мэцола адзначыла, што журналісты надалей плацяць высокую цану за абарону свабоды думкі ў свеце.
— Уручаючы сёлетнюю прэмію імя Сахарава за свабоду думкі Анджэю Пачобуту з Беларусі і Мзі Амаглабэлі з Грузіі, мы ўшаноўваем двое журналістаў, чыя мужнасць ззяе як маяк для ўсіх, хто выступае супраць прымусу маўчання. Абодва заплацілі высокую цану за тое, што гаварылі праўду ўладзе, стаўшы сімваламі барацьбы за свабоду і дэмакратыю. Мужнасць Анджэя перад абліччам рэпрэсій у Беларусі і яго нязменная абарона польскай меншасці зрабілі яго сімвалам супраціву. Гэтак жа барацьба Мзіі за фундаментальныя каштоўнасці ёсць маяком для ўсіх тых, хто лічыць, што свабода і годнасць ніколі не павінны быць забытыя. Адзін з нашых абавязкаў, якія мы штогод бяром на сябе, - не пераставаць выступаць за неадкладнае і безумоўнае вызваленне палітычных зняволеных, журналістаў, якія знаходзяцца за кратамі за выкананне сваёй працы. Дазвольце мне таксама накіраваць выразнае пасланне ўсім беларусам, якія ўсё яшчэ спадзяюцца і імкнуцца да свабоднай і дэмакратычнай будучыні. Повязі, якія звязваюць нас, еўрапейцаў, не могуць і не будуць разарваныя. І ўсім жыхарам Грузіі, якія бачаць сваю будучыню ў Еўрапейскім Саюзе, Еўрапарламент цвёрда стаіць на вашым баку.
Анджэй Пачобут — журналіст, эсэіст, блогер і актывіст польскай меншасці ў Беларусі. Вядомы сваёй адкрытай крытыкай рэжыму Лукашэнкі. Журналіст знаходзіцца ў зняволенні з 2021 года. Цяперашні стан здароўя Пачобута невядомы, яго сям'і забаронена наведваць палітвязня.
Узнагароду для Анджэя Пачобута атрымала яго дачка – Яна.
— І хоць ён не можа бачыць гэтую залу сёння, я спадзяюся, што ён неяк ведае, што пра яго не забыліся. Вы паказваеце, што нават калі чалавека кідаюць за краты, яго прынцыпы нельга адабраць. І нават калі кагосьці прымушаюць маўчаць, яго голас працягвае гаварыць праз іншых. Ваша прызнанне не можа змяніць мінулае, але яно дае нам нешта надзвычай каштоўнае для будучыні — веру ў тое, што справядлівасць і чалавечнасць усё яшчэ маюць месца ў гэтым свеце. Усім, хто кожны дзень працуе, каб абараніць чалавечую годнасць, дапамагчы тым, хто ў патрэбе, і прынесці надзею туды, дзе яна найбольш патрэбна, дзякуй.
Прэмія Сахарава неверагодна важная для сям'і Пачобутаў адзначыла старшыня Падляшскага аддзялення Асацыяцыі «Польская супольнасць» Ганна Кетліньска.
— Я ведаю Анджэя Пачобута і яго сям'ю больш за 20 гадоў. Сёння я хачу сказаць тое, чаго не можа сказаць яго дачка, бо Яна таксама хоча вярнуцца ў Беларусь, дзе яе дом, дзе яе маці, дзе яе брат, і дзе з чэрвеня 2021 года ў калоніі знаходзіцца яе бацька. Прэмія Сахарава неверагодна важная для сям'і, бо яна паказвае, што не толькі Польшча, але і Еўропа салідарныя з Анджэем. Анджэй з'яўляецца сімвалам актывізму і веры ў тое, што свабода казаць праўду і ахвяраваць сабой у імя гэтых каштоўнасцей — гэта найважнейшыя рэчы, дзеля якіх варта рызыкаваць сваім здароўем, жыццём і асабістым шчасцем.
У рэзалюцыі, прынятай 15 сакавіка 2023 года, Еўрапарламент заклікаў да неадкладнага і безумоўнага вызвалення Анджэя Пачобута, заявіўшы, што абвінавачванні супраць яго «палітычна матываваныя».
Другая лаўрэатка - грузінская журналістка і дырэктарка інтэрнэт-СМІ Batumelebi і Netgazeti Мзія Амаглобелі. Грузінскія ўлады арыштавалі журналістку ў студзені 2025 года за ўдзел у антыўрадавых пратэстах у Грузіі. У жніўні яна была асуджана на два гады пазбаўлення волі па палітычных матывах. Яна стала першай жанчынай палітвязнем у Грузіі з моманту атрымання краінай незалежнасці.
Прэмію для Мзіі Амаглобелі атрымала журналістка Gazeti Batumelebi Ірма Дзімітрадзэ.
— Я тут прадстаўляю Мзію, іншых адважных журналістаў Грузіі, я прадстаўляю маю краіну, якая перажывае найцяжэйшую барацьбу. Я хачу выказаць нашу падзяку Еўрапейскаму парламенту за ўручэнне гэтай узнагароды, якую Мзія прымае ад імя ўсіх журналістаў у Грузіі і ўсяго руху супраціву. У дыктатарскіх і аўтарытарных краінах шмат палітычных зняволеных, як гэта адбываецца ў Беларусі. На жаль, вельмі хутка, усяго за год, гэта прыйшло і да нас у Грузію, дзе цяпер больш за 100 палітычных зняволеных. Яны змагаюцца за свабоду і за вольны, дэмакратычны, мірны еўрапейскі кантынент і сваё заслужанае месца ў Еўрапейскім Саюзе, таму што мы верым у гэты саюз і хочам зрабіць свой унёсак у Еўрапейскае адзінства. Аднак, алігарх, які стаіць за нашай кіруючай партыяй, паверыў, што ёсць мацнейшая ўлада, і што ў Пуціна і Расіі больш шанцаў на перамогу, і гэта змяніла траекторыю развіцця Грузіі, і таму пачаўся пераслед іншадумцаў і журналістаў.
У рэзалюцыі, прынятай 19 чэрвеня 2025 года, Парламент заклікаў да неадкладнага і безумоўнага вызвалення Мзіі Амаглобелі ў Грузіі, асудзіўшы «сістэмныя напады рэжыму «Грузінскай мары» на дэмакратычныя інстытуты, палітычную апазіцыю, незалежныя СМІ, грамадзянскую супольнасць і незалежнасць судовай улады» у Грузіі.
Юры Ліхтаровіч