Беларуская Служба

Гэтыя праблемы маюць вялікае значэнне для фармавання тоеснасці насельніцтва паасобных краін — праф. Мірановіч

19.02.2026 07:11
Часопіс «Orthódoxi Evrópi» існуе з 2018 года. Ён скіраваны да шырокага кола чытачоў, якія цікавяцца гісторыяй краін Усходняй Еўропы і міжканфесійных адносін.
Аўдыё
  • «Мы стараемся як найболей друкаваць артыкулы пра гісторыю Царквы на Беларусі і на Падляшшы», адзначае праф. Антон Мірановіч
Прафесар Антон Мірановіч Беларуская служба Польскага радыё/Я. Іванюк

Аўтары часопіса імкнуцца прыцягнуць увагу да пэўных праблем, якія мелі істотны ўплыў на лёс праваслаўнага насельніцтва Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Гэтыя праблемы маюць вялікае значэнне для гісторыі і фармавання тоеснасці насельніцтва гэтых краін.

На думку рэдактараў часопіса, гэта не толькі напамін пра гістарычныя факты, але і спосаб паказаць складанасць міжканфесійных адносінаў у мінулым.

З 2018 году выйшла ўжо 9 нумароў «Orthódoxi Evrópi».

«Мы стараемся друкаваць як найболей артыкулы пра гісторыю Царквы на Беларусі і на Падляшшы, бываюць таксама і іншыя па тэмах тэксты, якія датычаць цэлай Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Мы разглядаем гэтыя пытанні ў кантэксце рэлігійнага дыялогу паміж праваслаўем і заходнім хрысціянствам», адзначае навуковы рэдактар часопіса праф. Антон Мірановіч.

«Orthódoxi Evrópi» рэдагуюць навуковыя супрацоўнікі Беластоцкага Універсітэта, таму ў цэнтры іх зацікаўлення застаецца праваслаўе ў Польшчу. У апошнім нумары надрукаваны артыкул пра падляшскую вёску Клейнікі і яе праваслаўны прыход.

«Гэта важны фрагмент гісторыі прыходу, калі ў 1915 годзе адбылося бежанства і шмат праваслаўнага насельніцтва Клейнік выехала ўглыб Расіі. Усе падзе і ўсе наступствы і, якія тады адбываліся, апісаныя ў гэтым артыкуле», зазначае праф.Мірановіч.

Даследчыкі даведаліся шмат цікавага пра людзей, якіх ужо няма сярод жывых, але яны сямейную гісторыю перадалі сваім нашчадкам – сённяшнім жыхарам Клейнікаў і навакольных вёсак.

«Цяпер гэта, магчыма, апошні час, калі яшчэ можна пагаварыць пра гэта з людзьмі. Неўзабаве застануцца нам толькі дакументы», – перакананы праф. Мірановіч.

Гродна і Гродзенская епархія – гэта яшчэ адна тэма апошняга нумара часопіса «Orthódoxi Evrópi».

Артыкул напісала журналістка і гісторык па адукацыі Наталля Дорош, якая знайшла шмат цікавых матэрыялаў.

«Мы друкуем ужо трэці артыкул, які звязаны не толькі з Гродзеншчынай, але і з падзеямі на Падляшшы. Я добра памятаю, як два нумары таму мы пісалі пра ўспаміны вядомага беларускага іерарха Афанасія Мартоса. Ён распавядаў, як ствараўся праваслаўны манастыр у Турковіцах у Польшчы, як складана ўсё гэта было, якім быў час Першай сусветнай вайны», – узгадаў навуковы рэдактар часопіса «Orthódoxi Evrópi».

У апошнім нумары гаворка ідзе пра дзейнасць беларускіх іерархаў, якія жылі ў Гродне ў канцы XIX і пачатку XX стагоддзя. Гродзенская епархія была ўтворана толькі ў 1900 годзе.

«Яшчэ да Першай сусветнай вайны, а пасля – падчас масавага бежанства, шмат што змянілася, і мы апынуліся ўжо ў зусім іншых рэаліях Другой Рэчы Паспалітай», кажа праф. Мірановіч.

Яраслаў Іванюк