Беларуская Служба

Вячаслаў Багдановіч абараніў Жыровіцкі манастыр

05.09.2019 14:20
Гісторык Аляксандр Горны сабраў том выбраных твораў Вячаслава Багдановіча.
Аўдыё
  • Варшаўскі мост. А.Горны пра В.Багдановіча.
 .  . XVIII .
Жыровіцкі манастыр. Крыжаўзвіжанская царква. XVIII ст.Commons.wikimedia.org/Futureal/CC BY-SA 3.0

У Гродне выйшаў першы збор твораў Вячаслава Багдановіча (1878-1939?) — сенатара даваеннай Рэспублікі Польшча, беларускага рэлігійнага і нацыянальнага дзеяча ў Вільні. У 1939 годзе ён быў рэпрэсіраваны савецкімі ўладамі. І толькі цяпер яго спадчына ўпершыню сабрана пад адной вокладкай. Працу выканаў кандыдат гістарычных навук Аляксандр Горны, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Кніга Вячаслава Багдановіча «Царква і дзяржава: выбраныя артыкулы і прамовы», якую ўклаў Аляксандр Горны, уключае прамовы ў польскім Сенаце, артыкулы вядомага ў свой час беларускага праваслаўнага дзеяча.

На 203 старонках змешчаны матэрыялы, прысвечаныя становішчу праваслаўнай царквы ў даваеннай Польшчы (Заходняй Беларусі), а таксама па гісторыі, літаратуразнаўстве, успаміны пра падзеі, сведкам якіх быў аўтар.

Кнігу тыражом 500 экз. выдаў прыход Свята-Петра-Паўлаўскага сабора ў Мінску. Рэкамендаваў да публікацыі збор твораў В. Багдановіча выдавецкі савет Беларускай праваслаўнай царквы.

Аляксандр Горны. Аляксандр Горны.

Аляксандр Горны: — Вячаслава Багдановіча ў Беларускай праваслаўнай царкве ўспамінаюць рэдка, хоць пра яго дзейнасць напісана некалькі навуковых і навукова-папулярных артыкулаў. У савецкі час Багдановіча як царкоўнага дзеяча і ахвяры сталінскіх рэпрэсій з’яўлялася табу, і толькі ў эміграцыі некаторыя беларусы, яго сучаснікі з асаблівай павагай пісалі пра Багдановіча ў сваіх успамінах. Фундаментальная біяграфія гэтага чалавека яшчэ чакае свайго напісання. Малавядомай з’яўляецца і рознабаковая творчая спадчына Багдановіча, пачынаючы з яго публікацый і заканчваючы абразамі, якія да гэтага часу знаходзяцца ў некаторых віленскіх храмах.

Збор твораў Багдановіча — першая спроба сабраць пад адной вокладкай толькі частку з напісанага аўтарам. У кнігу ўвайшла пераважна беларускамоўная творчая спадчына — артыкулы і перапіска.

Том публіцыстычнай спадчыны Вячаслава Багдановіча ўбачыў свет к 140-годдзю з дня яго нараджэння. Выданне гэтай кнігі падтрымала Гродзенская епархія Беларускай праваслаўнай царквы. Хачу асобна ўспомніць благачыннага Гродзенскай акругі протаіерэя Аляксандра Велісейчыка. Таксама словы глыбокай падзякі хочацца выказаць гісторыкам Аляксандру Цымбалу, Уладзіміру Ляхоўскаму, Андрэю Чарнякевічу, Дарафею Фіёніку за дапамогу ў падборы матэрыялаў і фотаздымкаў да гэтага выдання, філолагам Алене Хлусевіч і Вользе Тарасавай, клірыку гродзенскай Свята-Уладзімірскай царквы іерэю Андрэю Яварцу за дапамогу ў падрыхтоўцы рукапісу збору твораў; мінскаму брацтву ў гонар Віленскіх мучанікаў.

На першым месцы ў публіцыстыцы Багдановіча былі пытанні захавання праваслаўнай царквы і кананічнасці царкоўных устаноў у Польшчы таго часу. Акрамя таго, на старонках беларускага друку Багдановіч выступаў як палітык, грамадскі дзеяч, гісторык і нават літаратуразнаўца, пра што, напрыклад, сведчаць яго два нарысы, прысвечаныя творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Кніга Вячаслава Багдановіча «Царква і дзяржава: выбраныя артыкулы і прамовы», якую ўклаў Аляксандр Горны. Кніга Вячаслава Багдановіча «Царква і дзяржава: выбраныя артыкулы і прамовы», якую ўклаў Аляксандр Горны.

Публіцыстыку Вячаслава Багдановіча я пачаў збіраць яшчэ ў студэнцкія гады. Мяне як маладога даследчыка гісторыі Заходняй Беларусі вельмі цікавіў удзел розных асоб у беларускім нацыянальным руху, у беларусізацыі тагачаснага царкоўнага жыцця. І менавіта постаць Вячаслава Багдановіча ў гэтых падзеях займала бадай адно з найважнейшых месцаў.

Вячаслаў Багдановіч належаў да кагорты дарэвалюцыйнай інтэлігенцыі, якая пасля рэвалюцыі 1917 года зразумела перспектыўнасць і патэнцыял беларускага нацыянальнага руху. Аднак мала каму вядома, што яго два родныя браты таксама былі беларускімі патрыётамі.

Малодшы з іх, Анатоль, пасля заканчэння гісторыка-філалагічнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта настаўнічаў у розных кутках Беларусі, затым працаваў у Інбелкульце. Як выдатны мовазнавец і педагог, быў сакратаром арфаграфічнай камісіі Інбелкульта, удзельнічаў у стварэнні праектаў беларускага правапісу ў 1930 і 1933 гг. Не вытрымаўшы ціску з боку сталінскай рэпрэсіўнай машыны, у 1934 г. пакінуў БССР і пераехаў у Расію, дзе працаваў выкладчыкам рускай мовы ў Астраханскім, Магнітагорскім і Краснадарскім педінстытутах.

Генадзь Багдановіч, сярэдні брат, таксама абраў дарогу настаўніцтва. Ён скончыў Віцебскую духоўную семінарыю і яраслаўскі Дзямідаўскі ліцэй, да 1917 г. працаваў настаўнікам у Вілейцы і Кінешме (Кастрамская губерня). Потым далучыўся да беларускага руху, стаў сябрам Беларускай сацыялістычнай грамады. У 1919 г. Генадзь Багдановіч стаяў ля вытокаў Віленскай беларускай гімназіі, выкладаў там гісторыю Беларусі і геаграфію. У 1924 г., паверыўшы ў савецкую прапаганду, ён пераехаў ў БССР і ўладкаваўся выкладчыкам у віцебскіх навучальных установах. Праз шэсць гадоў яго арыштавала ДПУ па вядомай справе «Саюз вызвалення Беларусі» і ў 1937 г. Генадзь Багдановіч загінуў у зняволенні, як і сотні іншых прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты.

Жыццяпіс Вячаслава Багдановіча — гэта не толькі прыклад паслядоўнай абароны сваіх поглядаў, але і ілюстрацыя трагічнага лёсу беларускай інтэлігенцыі ў ХХ ст.

Багдановіч нарадзіўся 26 верасня 1878 г. у мястэчку Дзісна Віленскай губерні ў сям’і вясковага свяшчэнніка. Атрымаўшы бліскучую багаслоўскую адукацыю ў Кіеўскай духоўнай акадэміі, ён да 1922 г. актыўна працаваў у сферы духоўнай асветы — спачатку выкладчыкам віцебскай семінарыі, а пасля інспектарам і в. а. рэктара Віленскай духоўнай семінарыі.

У 1917–1918 гг. як прадстаўнік міран Літоўскай епархіі прыняў удзел у Памесным саборы Расійскай праваслаўнай царквы, на якім было адноўлена патрыяршаства.

З 1919 г. Вячаслаў Багдановіч стаў актывістам беларускага грамадска-палітычнага і культурнага жыцця. Яго імя можна сустрэць сярод заснавальнікаў і сяброў Таварыства беларускай школы, Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, Беларускага нацыянальнага камітэта, Беларускага кааператыўнага банка.

Багдановіч з’яўляўся адным з заснавальнікаў Віленскай беларускай гімназіі, дзе пэўны час выкладаў матэматыку і з’яўляўся старшынёй бацькоўскага камітэта, а яго два сыны — Глеб і Алег — былі выпускнікамі гімназіі.

Менавіта дзякуючы намаганням Багдановіча ў Віленскай праваслаўнай семінарыі з 1921 г. пачалося выкладанне беларускай мовы і літаратуры, а на пасаду настаўніка быў запрошаны вядомы беларускі пісьменнік Максім Гарэцкі.

Вячаслаў Багдановіч паслядоўна адстойваў права выкарыстання беларускай мовы ў царкоўным жыцці — у якасці псаломшчыка ў царкве ён нярэдка чытаў беларускамоўныя богаслужэбныя тэксты.

У 1927–1928 гг. па ініцыятыве Вячаслава Багдановіча ў Вільні выходзіў грамадскі і царкоўны часопіс «Праваслаўная Беларусь».Багдановіч з’яўляўся фактычным рэдактарам гэтага часопіса і аўтарам амаль усіх матэрыялаў. У гэты ж перыяд па яго ініцыятыве была ўтворана палітычная арганізацыя пад назвай «Праваслаўнае беларускае дэмакратычнае аб’яднанне».

Вяршыняй жыцця Вячаслава Багдановіча можна лічыць яго дзейнасць у польскім парламенце. У 1922 г. ён быў абраны ў Сенат Польшчы і ўвайшоў у фракцыю беларускіх дэпутатаў Сейма і Сената — Беларускі пасольскі (дэпутацкі; пол. poseł — дэпутат) клуб. На працягу васьмі гадоў Багдановіч з’яўляўся фактычна адзіным абаронцам праваслаўных беларусаў ад праследавання з боку польскіх улад і каталіцкага касцёла.

Сенатар спрабаваў абараніць многія праваслаўныя святыні ад разбурэння і перадачы ва ўласнасць католікаў, у тым ліку Жыровіцкі манастыр, царкву ў Мураванцы і інш.

Ацэньваючы сваю парламенцкую дзейнасць, Багдановіч з гонарам заяўляў: «Я чую сябе дужа шчаслівым тым, што маю гонар у сягоняшні дзень стаць перад Вамі, браты Беларусы, як першы беларускі сэнатар у сэнаце Польскай Рэспублікі».

Калі ў 1922 г. праваслаўная царква ў Польшчы самастойна пачала рухацца ў бок аўтакефаліі ад Масквы, Багдановіч адзначыў некананічнасць гэтага працэсу і да канца сваіх дзён заставаўся прыхільнікам кананічнай еднасці з Маскоўскім патрыярхатам. Дзякуючы яго ініцыятыве ў Вільне доўгі час існаваў адзіны на ўсю Польшчу праваслаўны прыход, які падтрымліваў сувязі з кананічнымі царкоўнымі структурамі.

Нягледзячы на тое, што ў 1925 г. у Польскай праваслаўнай царкве на Багдановіча была накладзена анафема, ён меў вялікі аўтарытэт сярод афіцыйнай праваслаўнай іерархіі і прыхадскіх свяшчэннікаў.

Магчыма, адданасць сваім поглядам стала прычынай арышту гэтага чалавека савецкімі органамі бяспекі, якія з’явіліся ў Вільні ў 1939 г. Паводле некаторых звестак Вячаслаў Багдановіч быў расстраляны адразу ж пасля арышту — у вілейскай турме.

Багдановіч у даваеннай Польшчы меў рэпутацыю знаўцы рускай літаратуры і рэлігійнай філасофіі, якім прысвяціў вялікую колькасць артыкулаў у тагачаснай рускамоўнай прэсе. Акрамя гэтага, Багдановіч меў мастацкія і музычныя здольнасці.

Багдановіч збіраў беларускі фальклор і паклаў на музыку шэраг вершаў беларускіх паэтаў — М. Багдановіча, Я. Купалы, Н. Арсенневай.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост