Пасля Другой сусветнай вайны Уроцлаў, які ўвайшоў у склад Польшчы, стаў домам для прадстаўнікоў розных нацыянальных і этнічных меншасцяў. Людзі прыязджалі сюды з рознымі гісторыямі, традыцыямі і досведам, а кожная супольнасць мела свае прычыны апынуцца ў гэтым горадзе. Пра пасляваенную гісторыю меншасцяў Ніжняй Сілезіі расказвае культуролаг і гісторык мастацтва Юлія Шот, супрацоўніца Этнаграфічнага музея — філіяла Нацыянальнага музея ў Уроцлаве.
Перш чым перайсці да гісторыі асобных супольнасцяў, даследчыца звяртае ўвагу на стэрэатыпы, праз якія мы часта ўспрымаем людзей, і тлумачыць, чаму важна не спрошчваць іх досвед:
— Мы таксама закранаем тэму стэрэатыпаў, і мне вельмі хацелася б пазбегнуць стэрэатыпізацыі, калі гаворым пра розныя групы. З аднаго боку, я звяртаю ўвагу на ўнутраную разнастайнасць, а з другога — хацела б скарыстацца прыкладам, які часта прыводзіць мая калега з аддзела адукацыі Ольга Будзан. Калі Ольга расказвае пра стэрэатыпы, з якімі прыходзяць да нас школьнікі, мне падабаецца выкарыстоўваць прыклад гурала (горца).
Калі я скажу вам «гурал», верагодна, большасць уявіць мужчыну, які ўпэўнена трымае ў руках ciupagę (гуральская сякера), на нагах мае kierpce, апрануты ў народны строй, напэўна, займаецца выпасам авечак, а яшчэ жыве ў драўляным доме і, вядома, есць oscypki (гуральскі вэнджаны сыр) з каўбасамі. Гэта стэрэатып. Гурал, аднак, можа быць вегетарыянцам, жыць у шматкватэрным доме і насіць джынсы.
Гэта рэальнасць. Я хацела б, каб мы проста памяталі пра розныя стэрэатыпы і прадузятасці, якія часта закранаюць меншасці, і не хацелася б, каб падчас нашай размовы мы нейкім чынам не паўтаралі.
Меншасці — гэта не ізаляваныя супольнасці. Ва Уроцлаве іх прадстаўнікі знаёмяцца, падтрымліваюць сувязі, ладзяць супольныя мерапрыемствы. А даведацца больш пра іх гісторыі можна не толькі з лекцый, але падчас наведвання цікавых адукацыйных усатноў:
— Магчыма, вы гэтага не ведаеце, але Этнаграфічны музей супрацоўнічаў і працягвае супрацоўнічаць з многімі меншасцямі. Мы знаёмыя. Не заўсёды я асабіста, бо працую ў музеі некалькі гадоў і не з усімі меншасцямі даводзілася сустракацца, але прадстаўнікі нацыянальных і этнічных меншасцяў Уроцлава ў цэлым часта знаёмыя паміж сабой.
У іх розныя адносіны, яны арганізоўваюць супольныя праекты і мерапрыемствы, звычайна падтрымліваюць кантакт. Гэтыя сувязі маюць розны характар, але гэта пэўнае асяроддзе, у якім людзі ведаюць адно аднаго.
Калі вам захочацца даведацца больш, то, здаецца, пра ўсе меншасці, пра іх можна знайсці кароткія дакументальныя фільмы. Серыя «Ніжняя Сілезія» была створаная маёй калегай, супрацоўніцай Этнаграфічнага музея — філіяла Нацыянальнага музея ва Уроцлаве. Гэта серыя з 15 дакументальных фільмаў пра розныя польскія групы перасяленцаў, якая больш падрабязна расказвае пра іх гісторыю, культуру і фальклор.
Шчыра рэкамендую гэтую серыю, бо гэта найпрасцейшы спосаб паглыбіць свае веды. Фільмы даступныя на нашым сайце і на YouTube-канале Этнаграфічнага музея. Іх сапраўды варта паглядзець.
Даследчыца звяртае ўвагу на дзве найбуйнейшыя меншасці ў пасляваенным Уроцлаве, каб заахвоціць самастойны глыбей даведацца пра гісторыю гэтых ды іншых жыхароў гораду:
— Я старалася размясціць групы ў больш-менш храналагічным парадку, наколькі гэта магчыма. Часам паслядоўнасць выпадковая, але часта гаворка ідзе менавіта пра храналогію міграцый, з'яўлення ва Уроцлаве і Ніжняй Сілезіі. Немагчыма не пачаць з нямецкай меншасці.
Гэта часта людзі, якія засталіся ва Уроцлаве пасля 1945 года дзякуючы, напрыклад, сваім функцыям, сувязям або працы на розных прамысловых прадпрыемствах. Вядома, пераважная большасць насельніцтва, якое жыла ва Уроцлаве, мусіла выехаць. Немцаў выселілі, выгналі. Самі немцы кажуць пра выгнанне з Ніжняй Сілезіі.
Невялікая частка засталася, бо ёй дазволілі застацца. Але праз пазнейшую дыскрымінацыйную палітыку, накіраваную на культурную аднастайнасць, многія немцы пасля Кастрычніцкай адлігі 1956 года ўсё ж вырашылі з'ехаць. Меншасць яшчэ больш скарацілася. Сёння немцы — найбольшая нацыянальная меншасць у Польшчы, крыху больш за 100 тыс. чалавек. Ва Уроцлаве яны аб'ядноўваюцца ў Нямецкае культурна-грамадскае таварыства. У Ніжняй Сілезіі дзейнічае некалькі такіх арганізацый, і нямецкая меншасць працягвае тут жыць, хоць адток пасля адлігі 1956 года быў значным.
Калі гаварыць пра габрэйскую меншасць, то да вайны ў Брэславе, а гэта нямецкая назва гораду, жыла вялікая габрэйская супольнасць. Габрэяў часта ідэнтыфікавалі як немцаў. Тыя, хто перажыў Халакост і вярнуўся ва Уроцлаў, таксама высяляліся. У Ніжнюю Сілезію накіравалі польскіх габрэяў, якія перажылі Халакост. Гэта была група прыкладна з 90 тысяч чалавек. Яны таксама зазнавалі рэпрэсіі. Антысемітызм у Польскай Народнай Рэспубліцы быў сістэмным, і габрэі эмігравалі як з Ніжняй Сілезіі, так і з усёй Польшчы. Таму з часам іх колькасць значна скарацілася.
Аднак адразу пасля вайны, яны ахвотна тут сяліліся, бо польская дзяржава закрывала вочы на нелегальнае перасячэнне чэхаславацкай і нямецкай межаў. Пасля адлігі многія выехалі праз антысеміцкую палітыку. Хваляў эміграцыі было некалькі. Да 1968 года пераважная большасць габрэяў пакінула Польшчу. Частка ў адпаведнасці з сіянісцкай ідэалогіяй выехала ствараць дзяржаву Ізраіль, частка — у ЗША і іншыя заходнія краіны.
Сёння габрэйская супольнасць ва Уроцлаве налічвае некалькі сотняў чалавек — паводле маіх звестак, каля 300–500. Яны аб'ядноўваюцца ў габрэйскую рэлігійную супольнасць пры сінагозе «Белы бусел», а таксама ў Сацыяльна-культурным таварыстве габрэяў у мясцовым аддзяленні Уроцлава.
У другой частцы размовы з гісторыкам мастацтва, супрацоўніцай Этнаграфічнага музея Уроцлава, працягнем знаёміцца з гісторыямі нацыянальных і этнічных меншасцяў Ніжняй Сілезіі. Пагаворым пра армян, грэкаў і македонцаў, якія знайшлі прытулак у рэгіёне, караімаў — найменшую нацыянальную меншасць Польшчы, а таксама польскіх татараў, лемкаў, украінцаў, пераселеных у Ніжнюю Сілезію ў выніку аперацыі «Вісла», а таксама цыганаў. Як складваліся іх лёсы, што дапамагло захаваць уласную ідэнтычнасць і як гэтыя супольнасці сталі часткай гісторыі рэгіёна — слухайце ў другой частцы размовы ўжо праз тыдзень.
Слухайце аўдыё!
эж