Беларуская Служба

Польскае радыё з нагоды 10-й гадавіны Смаленскай катастрофы выдала два ўнікальныя альбомы

09.04.2020 12:45
Гэта альбомы «Прэзідэнт РП Лех Качыньскі – сведчанне» і «Смаленск – апошняя місія».
Аўдыё
  • «Прэзідэнт РП Лех Качыньскі – сведчанне»
Альбом «Прэзідэнт РП Лех Качыньскі – сведчанне»фота: Польскае радыё

Польскае радыё з нагоды 10-й гадавіны Смаленскай катастрофы, у якой загінуў прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі і яшчэ 95 чалавек, выдала два ўнікальныя альбомы, якія складаюць фанаграфічны выраз нацыянальнай памяці.

Гэта альбомы «Прэзідэнт РП Лех Качыньскі – сведчанне» і «Смаленск – апошняя місія» – расказвае Яанна Мітка з Архіва Польскага радыё:

- Гэта нашая даніна, па-першае, ахвярам катастрофы і прэзідэнту Леху Качыньскаму. Першы альбом складаецца з пяці дыскаў і ўтрымлівае выступы, прамовы польскага прэзідэнта, звязаныя з найважнейшымі падзеямі ў Польшчы і свеце. Ён аздоблены цудоўнымі здымкамі. Таму гэта не толькі фанаграфічны альбом, але і фатаграфічны.

Старшыня Польскага радыё Агнешка Каміньска падкрэслівае, што альбом «Прэзідэнт ПР Лех Качыньскі – сведчанне» з’яўляецца поўным фанаграфічным зборам ведаў на тэму прэзідэнтуры Леха Качыньскага:

-Гэта такія прамовы, як вядомыя словы з Вэстэрплатэ 1 верасня 2009 году, прамовы з мітынгаў у Грузіі. Гэта інтэрв'ю, якія з Лехам Качыньскім праводзіў Кшыштаф Чабаньскі. Гэта таксама размовы з жонкай прэзідэнта Марыяй Качыньскай. Яна расказвае пра дом, кветкі, пра любоў да музыкі. Гэта цудоўныя гукі, цудоўныя ўспаміны.

Альбом «Смаленск – апошняя місія. У памяць ахвяр смаленскай катастрофы ў 2010 годзе» складаецца з двух дыскаў. На іх змешчаны архіўныя запісы выказванняў важных постацяў касцёла і польскай палітыкі, запісаныя падчас жалобных урачыстасцяў, якія адбыліся пасля 10 красавіка 2010 году.

Другі дыск таксама ўтрымлівае, між іншым, запіс надзвычайнага сімфанічнага канцэрту ў гонар ахвяр смаленскай катастрофы, які адбыўся ў канцэртнай студыі Польскага радыё імя Вітольда Лютаслаўскага 18 красавіка 2010 году. Разам з аркестрам Польскага радыё ў ім удзел прыняла Sinfonia Varsovia – успамінае яе дырэктар Януш Марыноўскі:

-Аркестр Sinfonia Varsovia ў гэтыя цяжкія, трагічныя для Польшчы дні хацеў аддаць пашану і памяць асобам, якія загінулі ў катастрофе. Мы прыйшлі да высновы, што найлепшым спосабам будзе зайграць твор. Адразу ў галаву нам прыйшла Трэцяя сімфонія Генрыка Мікалая Гурэцкага. Мы хацелі нейкім чынам гуртавацца ў трагедыі, таму і паявілася ідэя зайграць разам з музыкамі аркестра Польскага радыё.

Падчас канцэрту прагучалі два фундаментальныя для польскай музыкі творы, звязаныя з катынскай мартыралогіяй: Катынская эпітафія для аркестру Анджэя Пануфніка і Трэцяя «Сімфонія жаласных песень» для сапрану і аркестра Генрыка Мікалая Гурэцкага.

Канцэрт будзе паўтораны на ўсіх каналах Польскага радыё 10 красавіка у 16.00.
Старшыня праўлення Польскага радыё Агнешка Каміньска падкрэслівае, што матэрыялы з увагі на ўнікальны характар запісаў выконваюць адукацыйную функцыю і з’яўляюцца фанаграфічным выразам нацыянальнай памяці:

-Альбомы, выдадзеныя Польскім радыё, з’яўляюцца доказам дзейнасці і выконвання Польскім радыё грамадскай місіі. Гэта пашана, аддадзеная ўсім ахвярам смаленскай катастрофы, якія загінулі 10 красавіка 2010 году.

Калекцыя выдадзеныя пад патранажам Рады нацыянальных СМІ. Яе старшыня Кшыштаф Чабаньскі гаворыць, што гэта вельмі важная ініцыятыва Польскага радыё:

-У першую чаргу гэта працяг грамадскай місіі Польскага радыё, яго абавязку. Гэта першы элемент, але для мяне гэты альбом мае асабістае значэнне, паколькі прэзідэнт быў блізкім калегам у розных грамадскіх і палітычных ініцыятывах. Для многіх, у тым ліку для мяне, быў кімсці вельмі блізкім. Альбомы – гэта адзін са спосабаў ушанавання памяці, збор у адным месцы таго, што ў гукавых архівах з’яўляецца самым каштоўным у палітычнай спадчыне прэзідэнта Качыньскага.

10 красавіка 2010 году польская дэлегацыя на чале з прэзідэнтам Лехам Качыньскім паляцела ў Смаленск, каб ушанаваць памяць закатаваных савецкай уладай польскіх афіцэраў. Падчас прызямлення прэзідэнцкі самалёт з 96 пасажырамі разбіўся. Для іх Смаленск стаў месцам смерці, як і для тысяч польскіх афіцэраў у 1940 годзе.

ав