Дзеепрыметнік – форма дзеяслова, якая абазначае прыкмету або ўласцівасць прадмета (асобы) паводле дзеяння.
Дзеепрыметнікі ўтвараюцца ад дзеясловаў і маюць з імі агульную аснову і агульнае лексічнае значэнне (вывучыць верш – вывучаны верш, збудаваць дом – збудаваны дом, пасівелі скроні – пасівелыя скроні).
Дзеепрыметнікі адносяцца да дзеяслоўных форм са значэннем прыкметы, якая праяўляецца ў часе. Значэнне прыкметы і часу робяць гэтую форму дзеяслоўна-іменнай, што падмацоўваецца:
- наяўнасцю ў дадзенай форме дзеяслоўных катэгорый часу, стану (пажаўцелае лісце – лісце, якое пажаўцела; асвоеныя землі – землі, якія асвоілі), трывання (вылечыць – вылечаны, звезці – звезены, накрыць – накрыты),
- ды іменных катэгорый роду, ліку, склону (засеяны агарод, засеяная ніва, засеянае поле, засеяныя палеткі, засеяных палеткаў, засеянымі палеткамі, на засеяных палетках),
- дзеепрыметнікі, так як і дзеясловы, кіруюць назоўнікамі (засыпаць снегам – засыпаны снегам, асвятліць сонцам – асветлены сонцам),
- да іх прымыкаюць прыслоўі (сабраць вечарам – сабраны вечарам, зжаць хутка – зжаты хутка).
Дзеепрыметнікі адрозніваюцца ад дзеясловаў тым, што не маюць форм асобы і ладу, а ад прыметнікаў тым, што не маюць форм суб’ектыўнай ацэнкі.
Дзеепрыметнікі незалежнага стану характарызуюць таго, хто (што) утварае дзеянне (напр.: знікшы незнаёмец, набалелае пытанне), а залежнага стану – таго, хто (што) падлягае дзеянню (напр.: засеянае поле, адамкнутыя дзверы).
Дзеепрыметнікі залежнага стану прошлага часу могуць мець кароткія формы (кніга прачытана), якія, аднак, у сучаснай беларускай мове малаўжывальныя.
Дзеепрыметнікі незалежнага і залежнага стану з суфіксамі -уч (-юч), -ач (-яч), -ем (-ом), -ім, -ш-, -уш-, якія з’яўляюцца прадуктыўнымі ў расійскай мове, гэтаксама як і зваротныя дзеепрыметнікі, малаўжывальныя ў сучаснай беларускай літаратурнай мове.
У беларускую мову яны былі ўведзены рэформаю 1933 году. Гэтая рэформа:
- узаконіла дзеепрыметнікі цяперашняга часу залежнага стану (тыпу любімы, перажываемы) замест дзеепрыметнікаў залежнага стану прошлага часу (улюблены, перажываны);
- спрыяла паяўленню зусім чужых беларускай мове зваротных форм дзеепрыметнікаў (адбыўшыеся канфэрэнцыі, набліжаўшайся вайны);
- прычынілася да пашырэння кароткай формы дзеепрыметнікаў залежнага стану прошлага часу замест поўнай формы (здымак зроблен, рамонт закончан замест здымак зроблены, рамонт закончаны).
На месцы такіх дзеепрыметнікаў расійскай мовы ў беларускай мове могуць ужывацца:
- даданыя сказы (напр.: танцующий кавалер – кавалер, які танцуе),
- прыметнікі (напр.: воображаемый сюжет – уяўны сюжэт),
- назоўнікі (напр.: будущее человечества – будучыня чалавецтва),
- дзеясловы (напр.: загоревшийся костёр ярко светил – вогнішча загарэлася і ярка свяціла),
- развітыя прыдаткі (напр.: витамины, стимулирующие активность – вітаміны – стымулятары актыўнасці) і інш.
Найбольш ужывальнымі ў беларускай мове з’яўляюцца дзеепрыметнікі прошлага часу залежнага і незалежнага стану з суфіксамі -л-, -н-, -ан-, -ен-, -т- (напр.: пажоўклы лес, узаранае поле, зачараваны хлопчык, стомлены вандроўнік, закрыты твар), якія выступаюць у ролі азначэнняў і прэдыкатываў (параўн.: узаранае поле – поле было ўзаранае, стомлены вандроўнік – вандроўнік быў стомлены падарожжам).
Пераважна азначальная функцыя дзеепрыметнікаў спрыяла іх пераходу ў прыметнікі, калі на першы план выступае не працэсуальная прыкмета, а якасная, што часцей за ўсё ўзнікае пры метафарычным ужыванні дзеепрыметнікаў незалежнага стану з суфіксам -л- і дзеепрыметнікаў залежнага стану з суфіксамі -н-, -ан, -ен-, -т- (напр.: заляжалы тавар, стрыманы чалавек, сасмаленая палка, неабжытая спадчына).
Пры ўжыванні дзеепрыметнікаў разам з паясняльнымі словамі ўтвараецца дзеепрыметнае словазлучэнне, сінтаксічна непадзельная адзінка, якая выконвае ў сказе функцыю аднаго яго члена – азначэння (напр. Асветлены бяссоннымі ліхтарамі горада, блішчыць гранітнай чырванню абеліск...Бр. – абеліск які? асветлены бяссоннымі ліхтарамі горада).
Дзеепрыслоўе – гэта нязменная форма дзеяслова, якая абазначае дадатковае дзеянне і паясняе асноўнае, выражанае дзеясловам-выказнікам (напр. Назбіраўшы яшчэ сушняку, Міколка з дзедам расклалі агонь. Лыньк. – расклалі агонь калі? назбіраўшы сушняку).
Дзеепрыслоўі ўтвараюцца ад дзеясловаў і маюць з імі агульную аснову і агульнае лексічнае значэнне (імкнуцца – імкнучыся, распытваць – распытваючы, збудаваць – збудаваўшы, прынесці – прынёсшы).
Дзеепрыслоўе, як вынікае з яго назвы, сумяшчае рысы дзеяслова і прыслоўя.
Падобна дзеяслову:
- яно мае закончанае і незакончанае трыванне (напр.: чытаючы – прачытаўшы),
- можа быць зваротным і незваротным (напр.: мыючы – мыючыся),
- пераходным і непераходным (напр.: слухаючы лекцыю – стоячы наверсе),
- мае толькі незалежны стан (напр.: узяўшыся за рукі),
- але не мае формы часу, якая злілася ў ім з катэгорыяй трывання,
- захоўвае дзеяслоўнае кіраванне (спяваць песню – спяваючы песню, запаліць святло – запаліўшы святло),
- да дзеепрыслоўяў могуць прымыкаць прыслоўі (ісці хутка – ідучы хутка, зразумець правільна – зразумеўшы правільна).
Падобна прыслоўю:
- дзеепрыслоўе выконвае ў сказе сінтаксічную ролю акалічнасці: спосабу дзеяння, часу, прычыны і інш. (Пацалаваўшы Марылю і сына, каваль рушыў змрокам дня ў вялікую дарогу. К.Ч.);
- паясняе дзеяслоў-выказнік (Бабёр насцярожвае слых і, стаіўшыся, слухае. Бр.),
- не змяняецца (спяваючы, убачыўшы).
У некаторых паўночна-заходніх гаворках Беларусі дзеепрыслоўе закончанага трывання ўжываецца ў функцыі выказніка (тыпу тут ручай перасохшы, ён быў прыехаўшы і да т. п.).
Пры ўжыванні з паясняльнымі словамі дзеепрыслоўе ўтварае спалучэнне, якое выступае ў сінтаксічнай функцыі аднаго члена сказа (акалічнасці), выдзяляецца на пісьме коскай / коскамі (Саломку выгнуўшы дугою, звісае колас над зямлёю. К-с – колас звісае як? саломку выгнуўшы дугою).
У сказе дзеепрыслоўе можа пераходзіць у прыслоўі пры перадачы прыкметы дзеяння (напр.: стаяў не рухаючыся = стаяў нерухома).
Дзеепрыслоўе ў сказе выражае дадатковае дзеянне, што, як і асноўнае дзеянне, утвараецца адной асобай, прадметам, з’явай.
Шырэй гл.: Сучасная беларуская літаратурная мова. Марфалогія пад рэд. Ф.М. Янкоўскага, Мінск 1980; Л.А. Антанюк, Б.А. Плотнікаў, Беларуская мова: прафесійная лексіка, Мінск 2005
Ніна Баршчэўская