Прыслоўе – гэта нязменная часціна мовы, якая абазначае разнастайныя прыкметы дзеянняў, стану, якасцяў прадмета ў адносінах да дзеяслова (дзеепрыслоўя), прыметніка (дзеепрыметніка), назоўніка, а таксама і да другога прыслоўя.
Паводле свайго значэння прыслоўі падзяляюцца на:
- азначальныя прыслоўі, якія характарызуюць той ці іншы бок дзеяння (яго якасць, колькасць, спосаб дзеяння) або меру ці ступень якасці; сярод іх выдзяляюцца:
- якасныя прыслоўі, якія паказваюць на якасць дзеяння, адказваюць на пытанне як? і ўтвараюцца ад якасных прыметнікаў (балюча, весела, горача), маюць граматычныя характарыстыкі ступеней параўнання (коратка – карацей – найкарацей, ціха – цішэй – найцішэй) і суб’ектыўнай ацэнкі (проста – просценька – прасцюсенька, страшна – страшэнна, цяжка – цяжкавата);
- колькасныя прыслоўі, што адказваюць на пытанні колькі? як многа? да якой ступені? ды выражаюць дзеянне і прыкмету па ступені іх праяўлення: інтэнсіўнасць або мяжу дзеяння, а таксама меру ці ступень якасці (двойчы спазніўся, крыху непакоіўся, шмат перадумаў; даволі высока, зусім блізка);
- прыслоўі спосабу дзеяння – як сама назва паказвае – абазначаюць, якім чынам адбываецца дзеянне (гаварыў уголас, ехаў вярхом); яны блізкія па сэнсу да якасных, але адрозніваюцца ад іх адценнем спосабу дзеяння (параўн.: гаварыў шэптам і гаварыў ціха, рушыў подбегам і рушыў хутка); утвораныя пераважна ад ускосных склонаў назоўнікаў і прыметнікаў з прыназоўнікамі ці без прыназоўнікаў (услед, навыперадкі, пехатою, подбегам, цішком; паасобку, утраіх; па-воўчы, па-дзіцячы, па-летняму);
- акалічнасныя прыслоўі, сярод якіх выдзяляюцца:
- прыслоўі месца – паказваюць, дзеадбываецца дзеянне ці яго накірунак (блізка, воддаль, наперадзе, тут, усюды),
- прыслоўі часу– паказваюць на працягласць дзеяння (даўно, заўтра, летась, надоечы, узімку, штогод),
- прыслоўі прычыны– паказваюць на прычыну дзеяння, чаму яно адбываецца (згарача, здуру, спрасонку, таму, чамусьці),
- прыслоўі мэты – абазначаюць, для чаго, навошта, з якой мэтай адбываецца дзеянне (знарок, назло, наперакор, сумыслу).
Якасныя прыслоўі маюць дзве ступені параўнання: вышэйшую і найвышэйшую:
- вышэйшая ступень параўнання ў сваю чаргу мае:
- простую (сінтэтычную) форму, якая ўтвараецца праз далучэнне да асновы зменных прыслоўяў суфікса-ей (-эй) (тыпу даўно – даўней, доўга – даўжэй), прычым могуць назірацца чаргаванні зычных і выпадзенне суфіксаў -к-, -ок-(-ёк-) (блізка – бліжэй, высока – вышэй, далёка – далей); ёсць суплетыўныя формы вышэйшай ступені (добра – лепш/лепей, дрэнна – горш/горай, многа – больш/болей);
- і складаную (аналітычную) форму, што ўтвараецца спалучэннем слоў больш/болей, менш/меней з якаснымі прыслоўямі (больш прыкметна, болей старанна, менш складана, меней ярка).
- найвышэйшая ступень параўнання таксама мае:
- простую (сінтэтычную) форму, якая ўтвараецца праз далучэнне да формы вышэйшай ступені параўнання прыстаўкі най- (найбольш, найлепш, найпрыгажэй, найцямней);
- і складаную (аналітычную) форму, што ўтвараецца праз спалучэнне слоў найбольш, найменш з зыходнай формай прыслоўя (найбольш рацыянальна, найменш заблытана), а таксама шляхам далучэння да формы вышэйшай ступені параўнання прыслоўя слоў за ўсё, за ўсіх (больш за ўсё, лепш за ўсіх).
Якасным прыслоўям уласцівыя формы суб’ектыўнай ацэнкі:
- памяншальна-ласкальныя з суфіксамі: -еньк-(-аньк-),-енечк-(-анечк-), -утк-(-ютк-) -усеньк-(-юсеньк-), -усенечк-(-юсенечк-) (ціхенька, добранька, памаленечку, ранютка, ціхусенька, памалюсенечку);
- павелічальна-ўзмацняльныя з суфіксамі: -енн-(-энн-), -эзн-, -эразн- (страшэнна, высачэзна, даўжэразна);
- непаўнаты якасці з суфіксам -ават- (высакавата, малавата, цяжкавата).
Па сваёй дэрывацыйнай структуры прыслоўі падзяляюцца на невытворныя (нематываваныя, тыпу куды, дзе) і вытворныя (матываваныя знамянальнымі словамі ўсіх іншых часцін мовы, ад якіх яны паходзяць). Прыслоўі ўтвараюцца:
- ад назоўнікаў спосабам адвербіялізацыі, г.зн. пераходу склонавых форм назоўнікаў з прыназоўнікамі (дадому, зверху, напаказ, патроху, подбегам) ці без прыназоўнікаў (бягом, вобмацкам, ноччу, раніцай); ператварэнне назоўніка ў прыслоўе азначае не толькі страту словам прадметнага значэння і граматычных прыкмет назоўніка (ліку, склону, роду), але і змену структуры слова: ператварэнне канчаткаў у суфіксы, а прыназоўнікаў у прэфіксы, назіраецца таксама змена націску (параўн.: бегам – бягом, без канца – бясконца, за мужам – замужам);
- ад прыметнікаў з суфіксамі -а(-о, -е) (адкрыта, бадзёра, свядома; даўно; знешне, лішне); з прэфіксам па- (па-летняму, па-новаму, па-ранейшаму; па-бацькоўску, па-беларуску, па-мастацку; па-дзіцячы, па-мядзведжы, па-чалавечы);
- ад лічэбнікаў: ад колькасных і зборных з прыназоўнікам у (у адно; удвух, утрох, утраіх, учацвярых; удвая, утрая); ад парадкавых (перш, перш-наперш, спярша; па-другому);
- ад займеннікаў: архаічныя, якія ўтварыліся даўно і сёння ўспрымаюцца як невытворныя (дзе, так, там, тут); другую групу складаюць тыя, у якіх выступае сёння выразная сувязь з займеннікамі (штосьці; па-мойму, па-іхняму; зусім, ніяк, ніколькі);
- ад дзеяслоўных форм – у выніку пераходу дзеепрыслоўяў у разрад прыслоўяў, хаця гэта рэдкая з’ява (параўн.: ідзе прыпяваючы ‘ідзе і спявае песню’ і жыве прыпяваючы ‘жыве весела і добра’);
- ад прыслоўяў пры дапамозе прэфіксаў: за- са значэннем ‘залішне’(заглыбока, затанна), на- (назаўсёды, настолькі), не-(ня-) для ўтварэння антанімічных прыслоўяў (недалёка, нядобра) і ні- з адмоўным значэннем (нідзе, ніколі); а таксама пры дапамозе постфіксаў -сьці, -небудзь (дзесьці, куды-небудзь);
- складаныя прыслоўі ўтвараюцца спосабам асноваскладання (басанож, самахоць), словаскладання (штогод, штоноч), шляхам паўтарэння слоў (далёка-далёка, даўным-даўно, мала-памалу, перш-наперш), а таксама злучэння двух сінанімічных ці антанімічных слоў (сяк-так, сям-там; воляй-няволяй, рана-позна);
- у ролі прыслоўяў могуць выступаць фразеалагізмы (з дня на дзень, нага ў нагу, крок за крокам; без дай прычыны, на свае вочы, сцяўшы зубы, як мае быць).
Прыслоўі шырока выкарыстоўваюцца для ўтварэння слоў іншых знамянальных часцін мовы з дапамогай разнастайных афіксаў, напр.: назоўнікаў (вакол – ваколіца), прыметнікаў (заўтра – заўтрашні), ці дзеясловаў (даволі– задаволіць)...
Шырэй гл.: Сучасная беларуская літаратурная мова. Марфалогія пад рэд. Ф.М. Янкоўскага, Мінск 1980; Л.А. Антанюк, Б.А. Плотнікаў, Беларуская мова: прафесійная лексіка, Мінск 2005
Ніна Баршчэўская