Беларуская Служба

«Культура з’яўляецца ключом да краіны і да яе мовы»

25.07.2020 11:12
Цэнтр польскай мовы і польскай культуры для іншаземцаў «Polonicum» штогод арганізоўвае вакацыі з польскай мовай. 
Аўдыё
  • «Культура з’яўляецца ключом да краіны і да яе мовы»
.
.geralt/pixabay.com/CC0

У нашым эфіры вяртаецца цыкл перадач «Польская мова без межаў», скіраваны да палякаў на ўсходзе і польскай дыяспары ў цэлым свеце. Бліжэйшыя месяцы мы будзем сягаць па розныя цікавыя тэмы, каб папулярызаваць польскую мову за межамі Польшчы.

У нашай студыі Малгажата Маліноўска з Цэнтра польскай мовы і польскай культуры для іншаземцаў «Polonicum», аўтар шматлікіх публікацый, у тым ліку падручніка па польскай мове для дзяцей ва Украіне. «Раз, два, тры і па-польску размаўляеш ты» – гэта фрагмент яго назвы, які можа сведчыць аб тым, што польская мова не належыць да групы самых цяжкіх моваў свету. Гэта новы падручнік, які актуалізуецца з бегам часу. Што памянялася ў метадах навучання польскай мовы, як замежнай?

-Падручнік сапраўды з’яўляецца дастаткова новай публікацыяй, скіраванай да маладога адрасата – дзяцей і моладзі. У сувязі з гэтым мы павінны былі памятаць аб тым, каб лекцыі былі цікавымі, каб малодшы слухач прымаў у іх актыўны ўдзел. Заняткі звычайна адбываюцца ў суботу, таму важна, каб не было пачуцця, што ўрок – гэта пакаранне. Таму мы прыдумалі гульні, якія яшчэ не паяўляліся ў ніводных іншых падручніках. Мы стараліся, каб на кожнай лекцыі была прысутная культура, каб былі песні, гульні.

Падручнік прадугледжвае кантакт паміж удзельнікамі заняткаў, працу ў парах, у дыскусіях. Паводле нашай госці, значную частку запрапанаваных у падручніку практыкаванняў можна беспраблемна перанесці на віртуальныя платформы для навучання.

Цэнтр польскай мовы і польскай культуры для іншаземцаў «Polonicum» штогод арганізоўвае вакацыі з польскай мовай. На працягу 60-ці гадоў людзі з самых адлеглых закуткоў свету прыязджалі ў Польшчу і вывучалі польскую мову. Кім з’яўляюцца гэтыя людзі?

-Калі гаварыць пра профіль людзей, якія да нас прыязджаюць, то ён вельмі розны. Гэта не толькі людзі з польскім паходжаннем. Цікава, што можна гаварыць пра розныя пакаленні людзей, якія ствараюць польскую дыяспару. Напрыклад, прыязджаюць старэйшыя людзі, якія б хацелі ўспомніць мову. Ёсць тыя, для каго гэта форма правядзення вакацый. Ёсць і такія, хто хацеў бы актуалізаваць мову, бо карыстаецца, можна сказаць, мовай Сянкевіча. Гэта асабліва тыя, хто прыязджае да нас з далёкіх краін, напрыклад, Бразіліі, дзе ёсць пэўны культ Сянкевіча. Ёсць людзі, якія працуюць у Польшчы і ходзяць на моўныя заняткі, таксама студэнты. Зрэз узросту, статусу, прафесіі людзей, якія прыязджаюць сапраўды вельмі вялікі. Гэта месца, якое аб’ядноўвае людзей розных пакаленняў, з вельмі розных краін. І яны стараюцца разам супрацоўнічаць. Часамі ў групе працуюць людзі 18 і 79 гадоў. Былі такія выпадкі. А супольным элементам з’яўляецца польская мова.

У гэтым годзе ўсё памянялася з-за каранавіруса. Цэнтр польскай мовы і польскай культуры для іншаземцаў «Polonicum» выпрацаваў адпаведныя метады, каб праводзіць курсы анлайн. Малгажата Маліноўска кажа, што курс адбудзецца, цэнтр мовы не здаецца:

-Гэта найстарэйшы вакацыйны курс польскай мовы ў Польшчы. Мы не здамося, бо мы ж палякі, а яны здаюцца апошнімі. Таму і мы пераходзім у анлайн прастору. Мы падрыхтавалі дзве прапановы. Усё залежыць ад таго, хто чаго хоча. Першы варыянт – гэта пераважна моўныя заняткі плюс восем заняткаў пра гісторыю Польшчы, культуру і інфармацыю пра грамадства. І ёсць пашыраны варыянт, які разбудаваны лекцыямі і семінарамі. Гэта таксама варштаты з мастацтва пісьма. І гэты другі варыянт адрасаваны людзям на сярэднім і вышэйшым узроўнях. Гэта будзе выглядаць так, што частка практыкаванняў будзе змешчаная на платформе, а 32 гадзіны заняткаў будзе весці лектар, з якім можна будзе размаўляць у рэальным часе.

У сувязі з тым, што на курсы прыязджалі людзі з вельмі далёкіх куткоў свету, у выпадку абучэння анлайн паяўляецца праблема часавых поясаў. Малгажата Маліноўска расказвае, што некаторыя вучні настолькі зацікаўленыя курсамі, што на некаторыя вебінары яны былі ў стане падключыцца нават у 3 гадзіны ночы.

-Гэта не мяняе факту, што мы разумеем – гэта можа быць вельмі вялікі выклік. А нашыя курсы вельмі багатыя, нашая прапанова заўсёды была вельмі разнастайная, таму частка практыкаванняў будзе на платформе анлайн.

Курсы «Polonicum» заўсёды былі выключнымі, бо яны аб’ядноўваюць людзей з адлеглых месцаў свету і рознага ўзросту. Але вельмі важным з’яўляецца спалучэнне мовы з культурай, з гістарычным кантэкстам, дзякуючы чаму камунікацыя праходзіць значна прасцей – адзначае Малгажата Маліноўска.

-Мы не ўяўляем сабе адсутнасці інтэграцыі паміж удзельнікамі заняткаў, культурніцкіх і моўных элементаў. «Polonicum» з самага пачатку клаў вялікі націск менавіта на культурніцкі аспект, сацыяльна-культурніцкі. Мы не засяроджваемся выключна на граматыцы. Апошняй нашай публікацыяй аўтарства Пятра Каяка з’яўляецца кніга «Папулярная культура ў навучанні польскай мовы як замежнай. Уступ да глотадыдактычнага культуразнаўства». Гэта вельмі цікавая пазіцыя, нават для тых, хто не з’яўляецца прафесійным настаўнікам польскай мовы. Такім чынам з самага пачатку гэты культурніцкі кампанент прысутнічае. Мы вельмі моцна кладзем на яго націск. Насамрэч культура з’яўляецца ключом да краіны, да мовы. Паводле мяне, толькі несур’ёзныя настаўнікі вучаць толькі граматыцы. Ад гэтага нельга ўцячы, а нават не варта, бо нашая культура з’яўляецца цікавай, вельмі часта захапляльнай. Гэта яна вельмі часта схіляе іншаземцаў да таго, каб пачаць вучыць польскую мову. У нас яны ў стане пашыраць свае веды на тэму, пашыраць свае зацікаўленні. І мы стараемся не расчараваць нашых слухачоў, нашых студэнтак і студэнтаў.

Перадачу падрыхтавала Магдалена Гурэцка-Бальцэр, апрацавала Алена Вялічка.

Перадача фінансуецца са сродкаў канцылярыі старшыні Рады міністраў у рамках грамадскай задачы, якая тычыцца дапамогі палякам замежжа.


ав

Больш на гэтую тэму: Польская мова без межаў