Беларуская Служба

Беларусь ніколі не называлі краінай замкаў

26.04.2021 18:51
Часта калі гаворым пра Беларусь у гістарычным кантэксце называем яе «краінай замкаў», але ці гэта правільна?
Аўдыё
  • Гісторык Мікола Волкаў пра тое ці Беларусь гэта сапраўды «краіна замкаў»
Нясвіжpixabay.com/Vlad_Sin

Гэта першая частка размовы з гісторыкам, адмыслоўцам па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага і замках Міколам Волкавым. З ім размаўляў Альберт Ежы Вяжбіцкі.

АЕВ: Спадар Мікола, я б хацеў спачатку закрануць тэму гістарычнай свядомасці, ці гістарычнай памяці беларусаў? Чым на самой справе цікавяцца беларусы? Ці вы бачыце нейкія змены ў грамадстве ў дачыненні да мінулага?

МВ: Пачнем здалёк. Вельмі цікава, што зараз на TUT.by нядаўна была навіна, што па сацыялагічным апытанням, гістарычны перыяд, які зараз найбольш цікавіць беларусаў гэта Вялікае Княства Літоўскае, Рэч паспалітая, часы феадалізму, рыцарства. Гэта вельмі цікава, бо выходзіць што ў нас людзі ўжо наеліся савецкага мінулага і хочуць паглыбіць сваё асабістае, суб’ектыўнае ўспрыманне. Калі яны называюць сябе беларусамі, не хочуць атаясамлівацца з Савецкім саюзам, з вайной, якая ўжо многім надакучыла. І яны шукаюць сябе ў далёкім мінулым і гэта налёт рамантыкі, міфалогіі і ўсяго падобнага мае. І замкі – гэта моцны сімвал, які звязвае людзей з мінулым. Таму што, калі браць музейныя калекцыі, артэфакты, людзям трэба даказаць, што яны маюць сувязь з мінулым. Напрыклад у Польшчы ёсць сэрца Касцюшкі, кафедра ў Кракаве, меч Шчырбец... У Беларусі такіх артэфактаў, якія вельмі крута гучалі б у нацыянальным наратыве, гэта толькі крыж Еўфрасінні Полацкай, які ўжо цяпер скрадзены.

АЕВ: І якая ў гэтым усім роля замкаў? Чым матывавана тое, што Беларусь называюць краінай замкаў. Ці сапраўды можна краіну так называць, абапіраючыся на гістарычную праўду?

МВ: Па факту мы маем справу з тым, што замкі гэта адзін з самых моцных артэфактаў, які звязвае людзей з мінулым, дзе яны хочуць сябе знайсці. Гэта дзіўны сацыяльны працэс, які павінен асэнсоўвацца не гісторыкамі, а сацыёлагамі, псіхолагамі і гэтак далей. А наконт краіны замкаў, вы маеце рацыю. Гэта насамрэч беларуская прыдумка, беларуская рамантыка, але рамантыка, якая мае вялікі ўплыў. Хто ўвогуле прыдумаў гэты міф? У 1977 годзе Міхаіл Ткачоў напісаў кніжку «Замкі Беларусі» і ў гэтай кніжцы ўпершыню сфармуляваў такі тэзіс, што краінай замкаў называлі сучаснікі нашу краіну. І гэта сапраўды так. І ён нібыта спасылаецца на нейкіх сучаснікаў і прыводзіць цытаты. І незразумела на каго ён спасылаецца і гэта так, што Ткачоў можа быць трошкі дадумаў. Хутчэй за ўсё ён дадумаў на аснове таго, што ў старажытнай Русі вікінгі называлі «Гардарыкай» Кіеўскую Русь, таму што яны пабудавалі тут розныя калоніі і гэтак далей. Такая тэма ёсць. А краінай замкаў ніхто не называў і ў крыніцах такога няма. І Ткачоў прыдумаў. Кніжка Ткачова перавыдавалася тры разы і яшчэ некалькі кніг яго пра замкі выйшла. Ён заклаў моцны падмурак нацыянальным наратыве. І замкі сталі сімвалам залатога беларускага веку ў даўнія часы. І замкі ўспрымаюцца як велічны сімвал і таму беларусы хочуць гэтыя замкі панадбудоўваць. І цікава, што ў 77 у нас кніга напісана, а ў 2000-я гады ўсе пра гэта чулі, не ведаюць адкуль, але не задаюцца пытаннем і ў гэта вераць. Мы беларусы былі калісьці крутыя – у нас была куча замкаў.

АЕВ: І ў выніку, колькі ў Беларусі замкаў? У колькіх месцах мы можам спыніцца і сказаць: вось тут быў замак, давайце яго адбудуем? І калі адбудоўваць то што з імі потым рабіць, паўсюль закладаць музеі пад шаблон?

МВ: Замкаў па маіх падліках у лепшыя часы, у 16-тым стагоддзі існавала 100-150, з улікам драўляных замкаў. Драўляны замак гэта зямельны вал, драўляны сцяны і пару драўляных будынкаў раскіданых па перыметру. Гэта не гарадзенскі замак. Замкаў узроўня гарадзенскага, мірскага ў нас было не больш за дзясятак. То-бок мураваных замкаў у нас было няшмат. У прынцыпе аналагаў Старому замку ў Гародні няма, таму што гэта каралеўская рэзідэнцыя. Больш у нас такіх не было. На тэрыторыі Беларусі гэта ўнікальны абʼект.
Наконт музеяў, не трэба паўсюль аднолькава музеяў рабіць, трэба рабіць, так каб абʼект працаваў. Як ён будзе выконваць сацыяльна-культурныя функцыі, трэба падумаць. Ён ужо не будзе каралеўскай рэзідэнцыяй, па адной простай прычыне – караля няма. Перабудаваць будынак і зрабіць у выглядзе каралеўскай рэзідэнцыі не будзе працаваць, таму што гэта будзе музей. Таму трэба задумацца над функцыяй. У некаторых замках, напрыклад у Міры ці Нясвіжы магчыма частковая гатэльная функцыя апраўданая. У гарадзенскім замку я не думаю, што гатэль апраўданы. Там можна ствараць нейкія публічныя прасторы. Пры чым яны могуць выконваць не толькі важную рэпрэзентацыйную функцыю, дзе мясцовыя ўлады могуць праводзіць урачыстасці. Гэта было б крута. Але насамрэч людзям патрэбныя знакавыя публічныя прасторы, каб праводзіць рознага кшталту мерапрыемствы і гэтак далей і Стары замак мог бы пад гэта падыходзіць. І не кажу, што праца ў замку павінна абмежавацца гісторыяй, выхаваннем у патрыятызме. Гэта могуць быць агульна важныя для горада, рэгіёна мерапрыемствы.

АЕВ: А ёсць жа яшчэ месцы ў Беларусі, дзе было вырашана аб рэканструкцыі, але месца не мае нічога агульнага з гісторыяй. Напрыклад комплекс Сула. Аб чым гэта сведчыць?

МВ: Сула гэта прышпільная штука, да якой я аднак негатыўна стаўлюся, таму што гэта поўнае фантазёрства. Прыдумваецца нейкі замак, але ён цікавы тым, што прыдумваецца нейкі замак, створаны прыватнікам, які пачытаў гістарычныя кніжкі па гісторыі Беларусі, чалавек новага часу, незалежнай Беларусі. Пачытаў пра Міндоўга, ВКЛ і замкі, натхніўся, але адначасова для яго няважная аўтэнтычнасць. Ім трэбы прыгожая карцінка, прыгожая гісторыя. І ў Сулі яны робяць фантазійны замак, на мяжы фэнтэзі. І яны ствараюць такі міф беларускай гісторыі і ён ствараецца не на аснове ведаў, а на аснове таго, што патрэбны прыгожы міф. І гэта цікава, бо яны не пераймаюцца гістарычнай адэкватнасцю. Проста ствараюцца вялікае, прыгожае мінулае і ім натхняюцца. Гэта гісторыя на голым месцы, якая знаходзіць падтрымку ў грамадстве. І гісторыкі гэтага не разумеюць, не разбіраюцца.

Гэта першая частка размовы з гісторыкам, адмыслоўцам па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага і замках Міколам Волкавым. У другой частцы мы засяродзімся на працэсе адбудовы замкаў, перадусім замку ў Гродне, які выклікае шмат спрэчак.