Беларуская Служба

105 гадоў Цуду на Вісле — бітве, якая ацаліла Польшчу і Еўропу

15.08.2025 07:46
Ці Цуд на Вісле сапраўды быў цудам ды што цікавага можна пабачыць у Музеі Варшаўскай бітвы ў Радзыміне? Адказвае гісторык Анджэй Мейснэр.  
Аўдыё
  • Бітва жніўня 1920 года, вядомая таксама як «Цуд на Вісле», лічыцца адной з найважнейшых ваенных аперацый ХХ стагоддзя.
Obraz Cud nad WisłąFoto: Jerzy Kossak, reprodukcja
Obraz "Cud nad Wisłą"Foto: Jerzy Kossak, reprodukcja.

15 жніўня 2025 года, у Дзень Войска Польскага і ў 105-ю гадавіну Варшаўскай бітвы 1920 года, у Радзыміне адбудзецца ўрачыстае адкрыццё сталай экспазіцыі Музея Варшаўскай бітвы— наймалодшага аддзялення Музея Незалежнасці ў Варшаве.

Бітва жніўня 1920 года, вядомая таксама як «Цуд на Вісле», лічыцца адной з найважнейшых ваенных аперацый ХХ стагоддзя. Яна спыніла наступ Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі і абараніла Заходнюю Еўропу ад бальшавіцкай экспансіі. Мястэчка Радзымін, што прыкладна ў 30 кіламетрах на паўночны ўсход ад Варшавы, стала арэнай самых жорсткіх баёў. З 13 па 16 жніўня 1920 года горад некалькі разоў пераходзіў з рук у рукі, а на полі бою загінулі тысячы жаўнераў з абодвух бакоў.

Пра значэнне гэтай бітвы, ролю Радзыміна і пра тое, што можна ўбачыць на новай экспазіцыі, мы пагутарылі з Анджэем Мейснэрам, куратарам сталай выставы ў Музеі Варшаўскай бітвы 1920 года ў Радзыміне. 

— Перш за ўсё, хацелася б для нашай аўдыторыі патлумачыць: чаму ў Польшчы гэтак шануюць памяць пра тую бітву? Чаму яна мае такое вялікае значэнне для польскай гісторыі? Мінула шмат гадоў, але памяць жывая — урачыстасці дзяржаўнага ўзроўню, стварэнне музеяў, у тым ліку і вашага. Чаму гэта так важна для палякаў і для Польшчы?

— Варшаўская бітва ў  жніўні 1920 года была ключавой падзеяй, якая фактычна выратавала маладую польскую дзяржаву. Пасля аднаўлення незалежнасці 11 лістапада 1918 года краіна прайшла толькі два гады свайго існавання, і яшчэ не была трывала замацавана на міжнароднай арэне. Перамога пад Варшавай зрабіла немагчымаю яе ліквідацыю ў выніку бальшавіцкай агрэсіі.

Калі б Чырвоная Армія захапіла сталіцу, Польшча магла б быць ператворана ў чарговую савецкую рэспубліку. У такім выпадку незалежнасць была б страчана, а краіна трапіла б у поўную залежнасць ад Масквы. Гэта азначала б не толькі страту дзяржаўнасці, але і ўвядзенне ўсіх атрыбутаў таталітарнага рэжыму — ад жорсткай цэнзуры да маштабных рэпрэсій.

Трэба ўлічваць і еўрапейскі кантэкст. У 1920 годзе камуністычныя і левыя рэвалюцыйныя рухі былі вельмі актыўныя ў Германіі, існавалі моцныя пракамуністычныя колы ў Францыі і іншых краінах. Калі б бальшавіцкая армія прайшла праз Польшчу і адкрыла сабе шлях у цэнтр Еўропы, маглі б адбыцца новыя рэвалюцыі, што зусім змяніла б аблічча ўсяго кантынента.

Такім чынам, значэнне гэтай бітвы выходзіць далёка за межы польскай гісторыі. Гэта была перамога, якая змяніла ход еўрапейскай гісторыі, а для палякаў  стала сімвалам выратавання незалежнасці і самавызначэння.

— У Польшчы гэтую бітву часта называюць «Цудам на Вісле». Ці быў гэта сапраўдны цуд, ці проста прыгожая метафара? І чаму менавіта Радзымін стаў месцам для стварэння музея?

— З 4 ліпеня 1920 года польскія войскі былі вымушаныя адступаць перад наступам войскаў Міхаіла Тухачэўскага на поўначы і Аляксандра Ягорава на поўдні. Перспектывы былі вельмі трывожнымі, бо бальшавіцкая армія перавышала польскую па колькасці і па рэсурсах. Апошнім абаронным рубяжом перад Варшавай стала лінія Варшаўскага прадмесця — сістэма ўмацаванняў, якая засталася яшчэ з часоў Першай сусветнай вайны.

На самым кароткім шляху да сталіцы знаходзіўся Радзымін. Тут супраць польскіх пазіцый былі сканцэнтраваны сілы 3-й і 16-й армій Лазарэвіча і Салагуба. Уначы на 13 жніўня пачаліся надзвычай жорсткія баі, вынік якіх быў доўгі час непрадказальны. Радзымін некалькі разоў пераходзіў з рук у рукі, а кожны метр зямлі даводзілася адстойваць з вялікімі стратамі.

Менавіта ў такіх месцах, як Радзымін, Осаў і рака Вкра, адбывалася вырашальная барацьба за Варшаву. І тут упершыню быў спынены наступ Чырвонай Арміі, якая магла ўзяць сталіцу «з маршу». Радзымін стаў самым далёкім пунктам, куды прасунуўся вораг.

Тэрмін «Цуд на Вісле» ўпершыню прагучаў 16 жніўня 1920 года на старонках газеты Rzeczpospolita як алюзія на «цуд на Марне» часоў Першай сусветнай. Гэта не азначала абавязкова містычнае цудадзейства, а хутчэй падкрэслівала неверагоднае спалучэнне мужнасці, зладжанасці камандавання і стойкасці жаўнераў, якія пасля працяглага адступлення здолелі ўтрымліваць пазіцыі да самага пачатку контрнаступлення з-пад Вепша пад кіраўніцтвам маршала Юзэфа Пілсудскага.

Менавіта гэтае контрнаступленне прывяло да знішчэння мазырскай групы, пералому ходу вайны і канчатковага разгрому Чырвонай Арміі. Таму слова «цуд» у нашым выпадку — гэта сімвал неверагоднай стойкасці і тактычнага майстэрства, якія перамаглі пераважаючыя сілы ворага.

— У гэтым кантэксце хацелася б узгадаць, што ў баях на баку Польшчы ўдзельнічалі таксама беларускія, украінскія і іншыя фарміраванні. Ці адлюстравана гэтая міжнародная тэма ў экспазіцыі музея?

— Безумоўна. Мы імкнёмся паказаць поўную панараму вайны — не толькі польскі ўдзел, але і падтрымку з боку саюзнікаў. Асобнае месца займаюць матэрыялы пра ўкраінскія часці, якія ваявалі разам з польскімі войскамі пасля заключэння палітычнага і вайсковага саюзу ў красавіку 1920 года.

Мы паказваем гісторыю беларускіх атрадаў генерала Станіслава Булак-Балаховіча, данскіх казацкіх фарміраванняў, а таксама іншых падраздзяленняў, якія змагаліся супраць бальшавікоў. Экспазіцыя ўключае зброю, рыштунак, дакументы, звязаныя з украінскімі і беларускімі жаўнерамі.

Падтрымка была значная: дзейная ўкраінская армія генерал-палкоўніка Мыхайла Амельяновіча-Паўленкі, шэсць дывізій стральцоў, кавалерыйская дывізія, браняпоезд «Кармелюк». Беларуская нацыянальная армія пад камандаваннем Балаховіча таксама адыграла сваю ролю. Мы падкрэсліваем ідэю Пілсудскага пра федэрацыю незалежных дзяржаў — Украіны, Беларусі, Літвы, якія павінны былі стаць буферам паміж Польшчай і Расіяй і абараняць рэгіён ад новых пагроз з Усходу.

— І напрыканцы — на чым сканцэнтраваная сталая экспазіцыя? Чым яна можа зацікавіць наведвальнікаў?

— Наша экспазіцыя ахоплівае шырокі спектр тэм. Мы прадстаўляем храналагічную гісторыю вайны ад яе пачатку да падпісання міру, але і паказваем асобныя сацыяльныя групы, якія ўдзельнічалі ў падзеях. Ёсць інтэрактыўныя і мультымедыйныя стэнды, дзе можна паслухаць успаміны жыхароў Радзыміна, удзельнікаў і сведкаў тых падзей.

Уласна вялікая частка прысвечана мясцовай памяці — гісторыям жыхароў, чыноўнікаў, жанчын, харцэраў, святароў, якія былі ўцягнутыя ў барацьбу. Мы хочам паказаць, як вайна выглядала вачыма звычайных людзей, а не толькі камандзіраў і вайскоўцаў.

Вядома, значную ролю займае і чыста вайсковая тэматыка. Мы маем багаты збор зброі, рыштунку, ваеннай формы і дакументаў. Ёсць магчымасць пазнаёміцца з арыгінальнымі біяграмамі камандзіраў і мясцовых жыхароў, якія ўдзельнічалі ў падзеях. Наш музей імкнецца зрабіць гэтую гісторыю жывой і блізкай для кожнага наведвальніка.

Размаўляў Эдуард Жоулд 


Гісторык: «Цуд на Вісле» не быў цудам

15.08.2020 09:13
«Варшаўская бітва стала істотным чыннікам не толькі захавання незалежнасці Польшчы, але таксама чыннікам захавання незалежнасці краінаў Балтыі».