«Хлопчык, укушаны яшчаркай» Мікеланджэла Мерызі, вядомага як Караваджа, аднаго з найвялікшых жывапісцаў у гісторыі, і больш за сорак палотнаў мастакоў з Італіі і Паўночнай Еўропы 16-17 стагоддзяў выстаўлены ў Каралеўскім замку ў Варшаве. Работы можна глядзець на выставе «Караваджа і іншыя майстры. Шэдэўры з калекцыі Роберта Лонгі».
Дырэктар Замка прафесар Войцех Фалкоўскі падкрэсліў, што гэта другі візіт Караваджа ў Польшчу:
-Караваджа прыехаў у Польшчу другі раз, але ў Каралеўскім замку ён упершыню. Гэтым разам з цэлай світай. Больш за дзясятак карцін узроўню самога Караваджа. Для нас гэта незвычайная падзея, бо, з аднаго боку, гэта цудоўныя працы, а з другога боку яны паказваюць рэвалюцыю, якая адбылася на пачатку 17 стагоддзя дзякуючы гэтаму вялікаму майстру.
На выставе таксама прадстаўлены палотны такіх мастакоў, як Ларэнца Лота, Батыста дэль Мора, Даменіка Фэці, Дырк ван Бабурэн, Маціас Стомер і Юзэп дэ Рыбера.
Выстава будзе даступная для наведвальнікаў у Каралеўскім замку ў Варшаве з 10 лістапада па 10 лютага наступнага года. Яна будзе суправаджацца сустрэчамі, лекцыямі і адукацыйнымі мерапрыемствамі. Таксама будзе даступны навуковы каталог эсэ і нататак даследчыкаў, звязаных з Фондам Роберта Лонгі.
ав