Беларуская Служба

Гваркі набліжаюць турыстам гісторыю Олькуша (ФОТА)

10.12.2021 16:14
Фігуры олькушскіх сярэднявечных шахцёраў нагадваюць нам пра гарняцкія традыцыі Срэбнага горада.
Аўдыё
  • Гваркі набліжаюць турыстам гісторыю Олькуша.
    .
Гваркі набліжаюць турыстам гісторыю Олькуша.Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Сёння я запрашаю ў Олькуш (Olkusz) – гарадок на поўдні Польшчы, на вуліцах якога можна пабачыць невялікія скульптуры мясцовых шахцёраў, якіх у сярэднявеччы называлі гваркамі. Зробленыя з бронзы фігуры – гэта частка буйнейшага праекта, рэалізаванага мясцовымі ўладамі пад назвай: «Срэбны шлях олькушскіх гваркаў».

З восенні 2020 года ў цэнтры Олькуша можна паглядзець 18 скульптур шахцёраў, інакш гваркаў. Кожны персанаж адрозніваецца ад астатніх, мае свае атрыбуты і расказвае пра розныя падзеі, якія адлюстроўваюць асобны аспект гісторыі горада – падзею, постаць, гістарычна важнае месца або легенду звязаную з Олькушам.
«Срэбны шлях олькушскіх гваркаў» – гэта праект, галоўная мэта якога – інавацыйна і цікава папулярызаваць гісторыю горада, а таксама стварыць характэрную для Олькуша турыстычную цікавінку.

Фігура гварка ля базілікі св. Анджэя, трымае ў руках сярэбраны «Крыж гваркаў». Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Фігура гварка ля базілікі св. Анджэя, трымае ў руках сярэбраны «Крыж гваркаў». Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Сцежка прыдуманая такім чынам, каб яна была даступная для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, таксама для невідомых і глухіх. На кожным пастаменце, на якім стаіць фіруга гварка, устаноўленая таксама інфармацыйная дошка.

Фігура гварка, Олькуш. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Фігура гварка, Олькуш. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Уваходзячы з захаду ў Стары горад Олькуша, у месцы былой Слаўкоўскай брамы, нас сустракае гварак, які трымае ў руках герб горада і шахцёрскую матыку. Фігура гварка, якая знаходзіцца ля базілікі св. Анджэя, трымае ў руках вялікі крыж, які нагадвае пра сярэбраны «Крыж гваркаў» з XVII стагоддзя. Дарэчы, арыгінальную рэліквію мы можам пабачыць побач – у базіліцы. Насупраць гістарычнай сядзібы гарадскіх уладаў, дзе напрыканцы XVI і пачатку XVII стагоддзяў дзейнічаў олькушскі манетны двор, усталяваныя фігуры гваркаў, якія чаканяць манеты. У сваю чаргу ў месцы, дзе на сярэднявечнай рынкавай плошчы знаходзілася гарадская вага можна палюбавацца скульптурамі дваіх гваркаў, якія нясуць сімвалічны олькушскі «каравай» са свінца.

Гваркi, якія нясуць сімвалічны олькушскі «каравай» са свінца. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Гваркi, якія нясуць сімвалічны олькушскі «каравай» са свінца. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Ёсць таксама фігура гварка, які плавіць свінец і гварак–каваль. У сваю чаргу гварак з мячом «бароніць» Олькушскую вежу, а фігура, змешчаная перад сядзібай мясцовага музея трымае ў руках меч «ката», які можна пабачыць на музейнай выставе.

Фігура гварка, які трымае ў руках шахцёрскую матыку. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Фігура гварка, які трымае ў руках шахцёрскую матыку. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

З іншага боку, гварак, які падымаецца па лесвіцы, адлюстроўвае традыцыі пажарнай службы, якія ў Олькушу датуюцца XV стагоддзем. У сваю чаргу фігура старога гварка, якая стаіць у гарадскім парку, адносіцца да касцёла св. Духа XIV стагоддзя.

Фігура гварка, Олькуш. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Фігура гварка, Олькуш. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Фігуры гваркаў таксама адносяцца да мясцовых легендаў. Такім чынам, гварак Скарбнік звязаны з легендай пра духа шахты, а гварак, які схіляецца над калыскай, – да легенды пра срэбныя калыскі, якія, быццам бы, замаўлялі багатыя олькушскія шахцёры для сваіх дзяцей.

Фігура гварка, які схіляецца над калыскай. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Фігура гварка, які схіляецца над калыскай. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Фігуры гваркаў з'яўляюцца мастацкімі творамі Яна Сіуты – скульптара, жывапісца і філосафа, выпускніка Акадэміі прыгожых мастацтваў у Кракаве. Варта нагадаць, што ён з’яўляецца аўтарам, сярод іншага, саркафага прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага і першай лэдзі на Вавелі.

Фігура гварка, Олькуш. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Фігура гварка, Олькуш. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Фігуры олькушскіх шахцёраў у характэрных куртках з капюшонамі і сярэднявечных пуленах створаны паводле арыгінальнай іканаграфіі, гэта значыць выяваў гваркаў, створаных вучонымі XVI стагоддзя і паводле роспісаў на сценах Олькушскай базілікі. Побач з кожнай фігурай знаходзіцца таблічка з інфармацыяй пра гісторыю месца, дзе фігура ўстаноўленая.

«Срэбны шлях олькушскіх гваркаў» дапаўняе прыкладанне для мабільных прылад пад назвай «Олькуш – шляхам гваркаў». Прыкладанне даступнае на польскай, англійскай, нямецкай і рускай мовах. Ёсць і спецыяльная версія для самых маленькіх. Прыкладаннем могуць карыстацца таксама глухія і невідомыя людзі з так званым аўдыяапісаннем, дзе лектар апісвае элементы навакольнага асяроддзя.

Фігура гварка, Олькуш. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Фігура гварка, Олькуш. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Віртуальны аўдыягід можна спампаваць бясплатна. Дзякуючы яму шпацыр па сцежцы становіцца яшчэ больш цікавым, пазнавальным і вясёлым. Прыкладанне дазваляе, між іншым, пазнаёміцца з цікавымі фактамі пра шахцёраў і месца ўсталявання фігураў, з гісторыяй горада і абʼектаў, якія турысты мінаюць падчас шпацыру. Акрамя таго, на экране паказаны таксама план Олькуша, які паказвае месца ўсталявання асобных фігур гваркаў і нашае месцазнаходжанне.

Фігуры гваркаў былі абсталяваныя спецыяльнымі «маякамі». Дзякуючы гэтаму падчас шпацыру па сцежцы з прыкладаннем, калі мы набліжаемся да фігуры, аўтаматычна ўключаецца чарговы запіс аўдыягіда.

Фігура гварка, які трымае ў руках шахцёрскую матыку. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Фігура гварка, які трымае ў руках шахцёрскую матыку. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

«Срэбны шлях олькушскіх гваркаў» зʼяўляецца часткай больш шырокага праекта па аднаўленні горада, а фігуры шахцёраў нагадваюць пра гісторыю і багатыя гарняцкія традыцыі Олькуша. Нагадваем, самыя старажытныя сляды здабычы руды ў рэгіёне Олькуша датуюцца XII стагоддзем. Гваркі здабывалі галеніт – руду, якая змяшчае свінец і срэбра. У часы росквіту Олькуш называлі Срэбным горадам. У XIV-XV стагоддзях Олькуш быў адным з найбуйнейшых цэнтраў вытворчасці свінцу ў Еўропе. У канцы XVII стагоддзя адбыўся заняпад горназдабыўной прамысловасці ў горадзе. На сённяшні дзень Олькуш больш вядомы фабрыкай эмаляваных гаршкоў, чым гарняцкай традыцыяй.

Анна Задрожна

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу