Беларуская Служба

Аб'яднаны Пераходны Кабінет намагаецца захаваць Беларусь у міжнароднай павестцы

25.11.2025 14:06
На фоне актывізацыі перамоў аб спыненні расійскай агрэсіі супраць Украіны, беларускія дэмакратычныя сілы звяртаюцца да партнёраў у ЕС ды ЗША з заклікам не забываць пра Беларусь.
Аўдыё
  • Беларускія дэмакратычныя сілы пільна сочаць за перамовамі па Украіне
Брыфінг Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі ў ВаршавеPolskie Radio dla Zagranicy/Y.likhtarovich

ЗША актывізавалі перамовы аб вырашэнні ўкраінскага крызісу. Амерыканская дыпламатыя ўзгадніла 19 пунктаў пагаднення аб спыненні агню з украінскім бокам, і вядзе перамовы з расійскімі прадстаўнікамі. У гэтай сітуацыі беларускія дэмакратычныя сілы нагадваюць міжнароднай супольнасці аб важнасці вырашэння палітычнага крызісу ў Беларусі, які цягнецца ўжо 5 год

Пра гэта ішла размова 24 лістапада ў Варшаве на брыфінгу з удзелам кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Святланы Ціханоўскай і прадстаўнікоў Кабінета на тэму палітычнай сітуацыі ў Беларусі і рэгіянальнай бяспекі.

Святлана Ціханоўская заявіла, што беларускія дэмакратычныя сілы пільна сочаць за перамовамі па Украіне.

— Мы ў кантакце з нашымі еўрапейскімі саюзнікамі, каб былі ўлічаныя інтарэсы Беларусі таксама. Важна, каб па выніках любых дамоўленасцяў Беларусь не заставалася пад кантролем Расіі. Мы асуджаем правакацыі рэжыму Лукашэнкі.

Намеснік кіраўніка Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Павал Латушка зазначыў, што вядзецца актыўная камунікацыю з большасцю краін Еўрапейскага Саюза.

— Мы рэгулярна сустракаемся з кіраўнікамі міністэрстваў замежных спраў, таксама з амбасадарамі розных еўрапейскіх краін. Мы практычна ахапілі большасць дзяржаў ЕС, дзе мы даводзім нашу адназначную пазіцыю, што падчас камунікацыі з рэжымам Лукашэнкі ў звязку з працягам перамоў аб спыненні агню паміж Расіяй ды Украінай, вельмі важна ўлічваць і беларускае пытанне, не дапусціць да сітуацыі, калі Лукашэнка скарыстаецца з перамоў і з яго знімуць санкцыі.

Святлана Ціханоўская дадала, што ў інтарэсах беларусаў, каб мір ва Украіне быў не на расійскіх умовах.

— Цяпер гэта так не выглядае, перавага Расіі ў перамовах адаб'ецца і на сітуацыі ў Беларусі. У такой сітуацыі нам будзе цяжка вярнуць Беларусь беларусам. Зразумела, што Лукашэнка будзе мець падтрымку ад Пуціна і далей.

Прадстаўнік Кабінета па міжнародным і еўрапейскім супрацоўніцтве Уладзімір Астапенка зазначыў, што застаецца надзея на тое, што Украіна абароніць свае нацыянальныя інтарэсы. Гэта вельмі важна і для будучыні Беларусі.

— Агульная тэндэнцыя ў перамовах цяпер больш улічваць украінскія інтарэсы ды павялічыць уплыў Еўропы на вырашэнне ўкраінскага крызісу. Для нас гэта добрая тэндэнцыя. Праз ЕС у нас ёсць больш магчымасцяў абараняць нацыянальныя інтарэсы Беларусі.

Разам з тым сярод беларускіх дэмакратычных сіл ёсць разуменне, што яны не маюць пакуль рэсурсаў, каб стаць часткай перамоўнага працэсу. На гэта звяртала ўвагу Святлана Ціханоўская.

— Кажучы пра цяперашні фармат міру, які высунула ЗША. Не думаю, што беларускія дэмакратычныя сілы могуць трапіць у гэты перамоўны працэс, але ў нашых інтарэсах, каб за стол перамоў трапіў Еўрасаюз. У інтарэсах ЕС, каб Беларусь заставалася незалежнай ад расійскага ўплыву і стала дэмакратычнай.

У звязку з гэтым Кабінет высунуў прапанову правядзення палітычнай канферэнцыі па вырашэнні будучыні Беларусі. Пастулат агучыў Павал Латушка.

— Аб'яднаны Пераходны Кабінет звяртаецца да партнёраў у ЗША і Еўрасаюзе аб важнасці выпрацоўкі адзінай пазіцыі адносна будучыні Рэспублікі Беларусь, дзе галоўнымі ўмовамі павінны быць захаванне незалежнасці, суверэнітэту Беларусі ды правядзення дэмакратычных пераўтварэнняў. Мы звяртаемся да адміністрацыі прэзідэнта ЗША, урадаў краіна ЕС і Вялікабрытаніі з прапановай правядзення палітычнай канферэнцыі па вырашэнні палітычнага крызісу ў Беларусі.

Беларуская апазіцыя заклікае ЗША ды ЕС заняцца вырашэннем беларускага пытання ў выпадку паспяховых перамоў аб спыненні вайны ва Украіне. 

Юры Ліхтаровіч