Беларуская Служба

«Цэнзура для творчага чалавека – гэта і творчы, і чалавечы тупік»

19.05.2022 16:59
У Мінску гэтымі днямі праходзіць выстава «Арт-Мінск». Але ўжо са старту здарыўся скандал з цэнзураю.
Аўдыё
 .
Ілюстрацыйнае фота. Фота з адкрытых крыніц

У Мінску гэтымі днямі праходзіць выстава «Арт-Мінск». Але ўжо са старту здарыўся скандал. Першапачаткова да ўдзелу былі адабраны 240 мастакоў. З экспазіцыі былі зняты работы больш за 40 мастакоў. Мастакі Вадзім Богдан, Аляксандр Бельскі і Станіслаў Гурскі публічна заявілі, што іх карціны знялі. Агульнага «чорнага спісу» ў публічным доступе няма.

У сацыяльных сетках асцярожна дыскутавалі пра тое, што варта было б астатнім мастакам правяць салідарнасць і зняць свае працы з выставы самастойна. Але, канешне, гэтага не адбылося. Мастацтва – справа індывідуальная, а не калектыўная, мастак патрэбна выстаўляцца, а гледачу патрэбныя выставы.

Мы паспрабавалі паразмаўляць пра гэта з тымі, хто ўдзельнічае ў выставе і творы каго знялі. Трэба сказаць, што не атрымалася. Людзі адмовіліся з меркаванняў бяспекі. Гэта жахлівая сітуацыя, калі немагчыма гаварыць, што думаеш. Але, каб зразумець гэтую сітуацыю, трэба жыць у Беларусі і бачыць на свае вочы, што бывае з людзьмі за публічнае выказванне.

Карціны Станіслава Гурскага. Карціны Станіслава Гурскага.



Дзмітрый Папоў займаецца арганізацыяй мастацкіх выстаў у Беларусі, ён мяркуе, што чакаць байкоту было не варта.

– Трыста мастакоў, кожны са сваім светаўяўленнем, сваім узроўнем асабістай бяспекі. Нельга казаць «давайце ўсе», нікога заклікаць у дадзеным выпадку і не варта. Гэта пытанне асабістай пазіцыі, сумлення, уласнай будучыні. Мы ж разумеем, што калі застрэлілі суседа, то заўтра прыйдуць за табой. Закон такі, правераны гісторыяй. Маё меркаванне – кожны мусіць выбіраць свой шлях сам і адказваць за тое, што ён зрабіў ці не зрабіў. Гіпатэтычна, канешне, мог быць такі байкот салідарнасці, але ў рэальнасці наўрад. Давайце не будзем выходзіць на працу – у выніку нехта не выйшаў, а астатнія выйшлі. Пацярпеў той, хто не выйшаў на працу. Вы зразумейце, гэта іх работа. Мастак не той чалавек, які прыходзіць з працы і забаўляецца мастацтвам. Стаўцеся да гэтага як да прафесійнай дзейнасці. Гэта як шахцёры ці работнікі прадпрыемстваў, яны зарабляюць мастацтвам сабе і сваім сем’ям на жыццё.

Што тычыцца адмовы размаўляць пра гэта публічна, Дзмітрый Папоў кажа, што сітуацыя зразумелая, хаця і трагічная для асобы і грамадства ў цэлым.

– Да чаго вядзе, калі чалавек не можа сказаць тое, што ён думае? Не можа зрабіць нешта так, як ён хоча, калі гэта ў межах этычнасці і заканадаўства? Людзі проста загоняць сябе ў свой маральны кут, з якога і выхад то не надта ёсць. Гэта ж становіцца звычкаю. Для творчага чалавека гэта і творчы, і чалавечы тупік. Мы ўсе разумеем, што такое самацэнзура. Самацэнзура – гэта загон сябе ў нейкія чужыя і жорсткія рамкі, а гэта заўсёды кепска сканчаецца, вельмі кепска, і для жыцця, і для псіхікі, і культуры, і для чалавецтва.

Гісторыя апошніх двух год паказвае, што ўсё становіцца небяспечным. Любыя твае выказванні могуць стварыць перашкоду ці ўвогуле сцяну на шляху да дасягнення мэтаў ці жаданняў

Мастацтвазнаўца, якая адмовілася выказвацца публічна, гаворыць, што сітуацыя ў сферы вельмі кепская:

«У пэўным сэнсе, на мой погляд, некаторы час трэба захоўваць працэдуру цішыні. Справы пагражаюць быць зусім кепскімі. Да прыкладу, Беларускі саюз мастакоў прымушаюць зліцца з Расійскім саюзам, пагражаюць адняць у нас галоўную выставачную прастору – Палац мастацтва, і яшчэ шмат чаго іншага. Аднавілася жорсткая цэнзура да выставачных праектаў...Гэта толькі тое, што вонкі, а ўнутрана шмат чаго яшчэ і куды больш складана складаней. У кіраўніцтве Беларускага саюзу мастакоў ёсць талковыя людзі, адбіваюцца як могуць з апошніх сілаў. Чакаем іншых часоў».

Выстава «Арт-Мінск» дзейнічае, ёсць пазітыўныя водгукі на яе з боку гледачоў. Хто ў тэме гісторыі з цэнзурай «усё разумеюць», для чалавека не заглыбленага ў кантэкст гэта проста выстава. Для мастакоў, якія выстаўляюцца і маюць сумленне, гэта падзея з горыччу. А для кагосьці гэта яшчэ адзін каменьчык у бок аргументаў, каб з’ехаць з краіны.

вх