Упершыню наведвальнікі могуць палюбавацца 14 работамі мастака, набытымі восенню на аўкцыёне ў Швейцарыі. У экспазіцыю таксама прадстаўлены дзве графікі з калекцыі музею. У калекцыі Нацыянальнага музею ў Варшаве на сённяшні дзень захоўваецца самая вялікая калекцыя твораў Шагала ў Польшчы.
Усе прадстаўленыя на выставе працы – гэта карціны на папяровай аснове, якія спалучаюць розныя тэхнікі. Працы, набытыя музеем у 2021 годзе, з'яўляюцца ўзорамі сталай творчасці мастака. У першай залі выстаўленыя працы на рэлігійную тэму. У другой залі – выбух квітнеючых букетаў, адзін з любімых матываў Шагала. Гэта таксама працы, прысвечаныя праніканню з аднаго свету ў іншы: са свету мараў і фантазіі Шагала ў рэчаіснасць. Безумоўна, гэта карціны, прысвечаныя каханню Шагала да абодвух жонак. І, канешне, вечны матыў Шагала: Віцебск контра Парыж.
Карціны былі намаляваныя ў 1960-1970-я гады, у час росквіту малюнка і графікі ў Заходняй Еўропе, кажа дырэктар Нацыянальнага музею ў Варшаве, прафесар Лукаш Гавел.
-Гэта працы з позняга этапу творчасці Шагала, але ў выніку яны абʼядноўваюць усё, што ў Шагале найбольш відавочнае. Я лічу, што купленыя намі працы – самыя прыгожыя і незвычайныя. Я перакананы, што наведвальнікі, якія пабачаць гэтыя карціны Шагала, будуць стаяць доўга-доўга перад гэтымі працамі і насычацца імі.
Марк Шагал належыць да групы творцаў, якія пэўныя матывы выкарыстоўвалі на працягу ўсяго жыцця: пары закаханых, жывёлы, букеты кветак. З часам спіс матываў Шагал пашырыў да тэмаў, звязаных з хрысціянствам, робячы гэта тыповым толькі для сябе чынам, напрыклад, Хрыстос распяты на Эйфелевай вежы.
Гэта мастацтва перапоўненае фантазіяй і эмацыйнасцю, а таксама тым, з чаго ён вырас, гаворыць гісторык мастацтва Малгажата Чыньска:
-Гэта працы прасякнутыя габрэйскай рэлігіяй, габрэйскімі казкамі. Шагал зʼяўляецца такім «люфтмэншам», што ў ідыш абазначае паветранага чалавека, які лётае ў аблоках. Крыху варʼята, крыху неварʼята. Асобу адарваную ад рэчаіснасці, ці асобу па-за рэчаіснасцю. І ў гэтых карцінах усё ёсць: лятаючыя нявесты, крылатыя гадзіннікі, анёлы, лятаючыя жывёлы. Нейкі зусім асобны свет, вельмі прыгожы і вельмі прыцягальны. Яго хочацца чытаць як казку.
Карціна М. Шагал
Безумоўна, многія карціны прысвечаныя першаму каханню і галоўнай музе – Бэле. Бэла Розенфельд і Марк Шагал закахаліся з першага погляду. Бэла ведала рускую мову, Шагал размаўляў на ідышу. Пасля выезду ў Парыж гэта яна пераклала на французскую мову яго ўспаміны. Бэла была не толькі яго музай, адзначае Малгажата Чыньска.
-Сам Шагал лічыў, што яго карціны – гэта іх супольныя працы. І, хіба, справа не ў тым, што на большасці з іх паяўляецца прыгожая Бэла, гэта яна тая габрэйская нарачоная, а потым жонка, яны разам ляцяць над Віцебскам. Бо Шагал, куды б не ехаў, дзе б не маляваў, у сэрцы насіў Віцебск. Дарэчы, ён казаў, што Парыж – гэта яго другі Віцебск. Дух Бэлы, яе прысутнасць, не кажучы аб тым, што яна была яго мадэллю, прысутны ў яго жывапісе.
Сярод выстаўленых у Нацыянальным музеі прац – «Маё жыццё» паміж Віцебскам і Парыжам», «Цар Давід з лірай», «Жоўты козлік у вёсцы» ці «Бухта анёлаў». Куратарка выставы Анна Маніцка лічыць, што адной з найпрыгажэйшых карцін зʼяўляецца «Укрыжаванне», намаляванае ў пачатку 50-х гадоў. На карціне бачны Хрыстос, Маці Божая з сямю пальцамі, а каля Хрыста знаходзіцца Маісей з рагамі.
-Звярніце ўвагу, што Маці Божая мае сем пальцаў. У ідышу, якім Шагал карыстаўся да канца жыцця, ёсць прыказка, што чалавек з сямю пальцамі зʼяўляецца выключна разумны. І такім чалавек зʼяўляецца Маці Божая, якая лётае вакол Пана Езуса, выглядае быццам бы яна хацела прытуліцца шчакой да яго шчакі. На фоне адбываецца быццам бы пажар свету. Мы тут маем дачыненне з вельмі неверагодным феноменам колераў. Паяўляецца ўражанне, што карціна гарыць. Думаю, што гэта адна з найпрыгажэйшых працаў, якія мы купілі.
Выстава суправаджаецца публікацыямі і насычанай адукацыйнай праграмай. Выстава будзе даступная для наведвальнікаў да 24 ліпеня.
ав
.