Беларуская Служба

1900 студэнтаў-уцекачоў атрымліваюць дапамогу па праграме «Салідарныя з Украінай»

31.05.2022 15:54
Студэнты і аспіранты атрымліваюць стыпендыю ў памеры 1500 злотых.
Аўдыё
  • Дырэктарка NAWA узгадала і падтрымку грамадзянаў Беларусі.
Ілюстрацыя Крыніца: shutterstock/Matej Kastelic

Нацыянальнае агенцтва акадэмічнага абмену (NAWA) распрацавала праграму «Салідарныя з Украінай» (па-польску «Solidarni z Ukrainą»). Яна дзейнічае ўжо два месяцы. Праграма заклікана падтрымаць студэнтаў і аспірантаў з Украіны, якія знайшлі прытулак ад вайны ў Польшчы, тлумачыць дырэктарка NAWA Гражына Жэброўская:

-Пасля пачатку агрэсіі Расіі супраць Украіны ў Нацыянальным агенцтве акадэмічнага абмену нарадзілася ідэя – дапамагчы ўкраінскім студэнтам-уцекачам. Такім чынам паўстала праграма пад назвай «Салідарныя з Украінай». У рамках гэтай праграмы мы падтрымліваем польскія ВНУ, навуковыя ўстановы, якія арганізоўваюць курсы, заняткі альбо наўпрост прымаюць на вучобу студэнтаў-уцекачоў з Украіны. Мы атрымалі заяўкі на дафінансіраванне ад 98 устаноў адукацыі і навукі. Усе яны былі разгледжаны пазітыўна. Пераважна гэта ВНУ і навукова-даследчыя інстытуты. Наша падтрымка накіраваная менавіта студэнтам гэтых устаноў. Навукоўцы могуць разлічваць на падтрымку іншых праграм. Мы дапамагаем студэнтам і аспірантам з Украіны. Акрамя таго, што яны не павінны плаціць за адукацыю (курсы польскай мовы, падрыхтоўчыя курсы, працяг адукацыі), студэнты і аспіранты атрымліваюць стыпендыю ў памеры 1500 злотых. Пакуль праграма разлічана да канца 2021/22 навучальнага года, то-бок, да сёлетняга верасня.

98 ВНУ – гэта лічба сапраўды ўражвае. Мы папрасілі распавесці дырэктарку Гражэну Жэброўскую пра колькасць украінцаў, якія карыстаюцца праграмай падтрымкі, а таксама ці праграма «Салідарныя з Украінай» будзе працягнутая ў будучыні?

-ВНУ, якія звярнуліся па фінансавую падтрымку ў рамках гэтай праграмы Нацыянальнага агенцтва акадэмічнага абмену знаходзяцца большасці гарадоў Польшчы, дзе ёсць малыя ці буйныя акадэмічныя цэнтры. Там куды трапляюць студэнты з Украіны, напэўна, дзейнічае праграма «Салідарныя з Украінай». Паводле нашых падлікаў, у гэтым навучальным годзе праграма дапамагае каля 1900 студэнтам-уцекачам з Украіны. На дадзены момант праграма дзейнічае толькі ў гэтым навучальным годзе. Што будзе ў наступным – пакуль цяжка сказаць. Будзем раіцца з акадэмічным асяроддзем, а таксама са спонсарамі праграмы «Салідарныя з Украінай» – Міністэрствам адукацыі і навукі і Міністэрствам аховы здароўя.

Зараз расійская прапаганда, а за ёй і прапаганда рэжыму Лукашэнкі пастаянна закідваюць Польшчы неаімперыялістычныя амбіцыі. Такія абвінавачванні супярэчаць здароваму глузду, і гэта бачна па канкрэтных мэтах Польшчы ў рэгіёне ў галіне акадэмічнага абмену, кажа дырэктарка NAWA Гражына Жэброўская:

-Нацыянальнае агенцтва акадэмічнага абмену было створана дзеля паглыблення міжнароднага супрацоўніцтва польскіх ВНУ. На жаль, зараз наступілі змрочныя часы, ваенныя часы і наша Агенцтва ў адказ на гэта крыху змяніла профіль сваёй дзейнасці. У гэтыя цяжкія часы польская дзяржава падтрымлівае Украіну і Беларусь у тым ліку праз праекты Нацыянальнага агенцтва акадэмічнага абмену. Хачу звярнуць увагу, што польская акадэмічнае супольнасць імкліва адрэагавала на крызіс, выкліканы вайной Расіі супраць Украіны. Супольнасць адразу пачала распрацоўваць формы падтрымкі ўкраінскіх студэнтаў-уцекачоў ці навукоўцаў. Мы падтрымліваем сувязь як з тымі, хто аказвае дапамогу, так і з тымі, хто гэту дапамогу атрымлівае. У чэрвені мы правядзем пэўнае падсумаванне працы праграмы «Салідарныя з Украінай», паспрабуем зразумець ці тыя фінансавыя сродкі, якія мы размеркавалі трапляюць у месцы, дзе сапраўды ёсць вялікае зацікаўленасць. Пасля такога аналізу магчыма пераразмяркуем гэтыя сродкі ў тыя месцы, дзе зацікаўленасць большая.

Дырэктарка NAWA узгадала і падтрымку грамадзянаў Беларусі. Раней дзейнічала праграма «Салідарныя з Беларуссю», якая на дадзены момант ужо завершана. Мы папрасілі дырэктарку Гражыну Жэброўскую ўдакладніць пра што ішла гаворка:

- Для падтрымкі грамадзянаў Беларусі Нацыянальнае агенцтва акадэмічнага абмену працягвае праграму «Anders NAWA». Гэта праграма разлічана для дапамогі грамадзянам Беларусі, якія маюць польскае паходжанне. Вядома праграма тычыцца грамадзянаў іншых краінаў, аднак адметна, што больш за палову ўдзельнікаў «Anders NAWA» – грамадзяне Беларусі. У рамках гэтай праграмы стыпендыяты вызваляюцца ад аплаты за вучобу, а таксама атрымлівае штомесячную стыпендыю, якая выплочваецца на працягу трох гадоў у выпадку бакалаўрыяту, і на працягу ўсіх пяці гадоў у выпадку вучобы на магістратуры.

Слухайце аўдыё!

эж

397 студэнтаў карыстаецца падтрымкай у рамках праграмы «Салідарныя з Беларуссю -студэнты»

23.12.2021 10:31
Польшча няспынна дапамагае студэнтам з Беларусі.