У сённяшняй рэлігійнай перадачы мы раскажам пра дзесяць польскіх манахінь-лізавецянак, якія былі забітыя чырвонаармейцамі ў 1945 годзе. Тыдзень таму іх уключылі ў лік польскіх блаславёных.
Яны прадстаўляюць больш за сто сясцёр, забітых падчас Другой сусветнай вайны салдатамі Чырвонай Арміі. Чырвонаармейцы забілі больш за 100 сясцёр-лізавецянак. Для бэатыфікацыі былі абраныя дзесяць, чыё жыццё і смерць было лягчэй за ўсё задакументаваць.
Некаторыя манахіні загінулі, абараняючы ўласную чысціню і годнасць, іншыя – за абарону малодшых сясцёр, але былі і тыя, каго забілі, таму што яны абаранялі сваіх падапечных, дзяўчынак з дзіцячага дому. Заходзячы ў манастыр чырвонаармейцы ў першую чаргу знішчалі капліцы, зневажаючы Найсвяцейшы Сакрамэнт, знішчаючы абразы і літургічны посуд. Іх паводзіны былі выразам нянавісці да ўсяго, што было звязана з хрысціянствам, з Богам, адзначаюць лізавецянкі.
Першыя спробы бэатыфікацыі адбыліся адразу пасля Другой сусветнай вайны ў 1946 годзе, а другая спроба пачаць бэатыфікацыйны працэс адносіцца да 1959 года. На жаль, у сувязі з тым, што ўсе сёстры-мучаніцы былі забітыя Чырвонай Арміяй, а ў тыя гады Польшча знаходзілася пад уплывам СССР, прыйшлося адкласці працэс бэатыфікацыі.
У 2009 годзе Генеральная рада сясцёр-лізавецянак прыняла рашэнне распачаць працэдуру бэатыфікацыі.
Сёстры-лізавецянкі адзначаюць, што бэатыфікаваныя манахіні, забітыя чырвонаармейцамі, «могуць быць заступніцамі сучаснасці, у якой мы назіраем усё больш і больш гвалту». Паралелі паміж тым, што адбылося ў 1945 годзе, і тым, што адбываецца сёння, бачыць і прэс-сакрата мітрапалітарнай курыі ва Уроцлаве, ксёндз Рафал Кавальскі.
-Калі пачаўся працэс бэатыфікацыі ўсе думалі, што гэта падзеі мінулага. Нешта, што здарылася калісці, што тыя падзеі і акалічнасці больш не вернуцца. Ніхто не спадзяваўся, што калі бэатыфікацыя ўжо будзе адбывацца, трэба будзе прызнацца, што мы памыліліся, што часы вярнуліся. Для мяне найбольш кранальным момантам было адкрыццё бэатыфікацыйнага абраза манахінь. Я зразумеў, што ў тварах гэтых дзесяці сясцёр, якія былі аб’яўленыя блаславёнымі, мы павінны пабачыць вельмі канкрэтных людзей: твары жанчын і дзяцей, якіх сёння гвалцяць і забіваюць ва Украіне. Тады чалавек разумее, што гэта не тэорыя. Што гэта сапраўды здарылася.
У працэсе бэатыфікацыі быў даказаны цуд. Гэта цудоўнае аздараўленне сястры Міры Веранікі Дзерэсінскай з Кангрэгацыі Сясцёр святой Лізаветы. У 1943 годзе ёй паставілі дыягназ невылечнай хваробы лёгкіх. Прагноз для жыцця манахіні быў нікчэмным, бо эфектыўных прэпаратаў для барацьбы з гэтай хваробай яшчэ не было.
Тым часам сястра Міра Вераніка, ведаючы, што яе жыццё знаходзіцца ў небяспецы, пачала маліцца аб заступніцтве да сястры Марыі Меркерт, заснавальніцы ордэна, якой яна была асабліва адданая. У студзені 1944 года яе здароўе значна і хутка палепшылася, што і пацвердзілі лекары. У жніўні 1944 года сястра Міра Вераніка была цалкам здаровая, без якога-небудзь спецыфічнага лячэння.
Галоўная місія кангрэгацыі сясцёр-лізавецянак заключаецца ў самаадданым служэнні найбольш патрабуючым, асабліва церпячым і хворым, незалежна ад іх узросту, стану і веравызнання. У цяперашні час сёстры з Кангрэгацыі працуюць у Польшчы, Германіі, Чэхіі, Італіі, Даніі, Швецыі, Нарвегіі, Ізраілі, Палестыне, Бразіліі, Расіі, Літве і Украіне, Грузіі, Балівіі, Казахстане, Парагваі, Венгрыі і Танзаніі.
Першая група са 108 мучанікаў Другой сусветнай вайны была бэатыфікавана Папам Янам Паўлам ІІ падчас яго пілігрымкі ў Польшчу 13 чэрвеня 1999 года ў Варшаве.
ав