Выстава татальнай інсталяцыі «Дом, у якім разлятаюцца сцены. Паміж двума імгненнямі» беларускага мастака Ігара Цішына распачнецца 17 ліпеня а 15:00 у межах пачатку працы новай пляцоўкі «Музей Вольнай Беларусі» (Foksal 11, Warszawa) і ў рамках Дзён беларускай культуры.
«Дом» у гэтым праекце разумеецца шырока – не толькі і не столькі як архітэктурнае збудаванне, але і як краіна ў цэлым. Усе фрагменты сцэн, інтэр'ераў, самі жыхары гэтай прасторы ўзлятаюць, як пасля ўздзеяння знешняй сілы ці стыхійнага бедства. Мастак прапануе гледачу апынуцца паміж двума імгненнямі – узлёту і прызямлення, – націснуць на кнопку пульта «паўза» і затым – «рэверс», калі абломкі абавязкова збіраюцца ў новы Дом. Калі паглядзець на працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі, – то гэта самаразбурэнне, блізкае да глабальнай катастрофы. Самагубства дыктатуры імкнецца тапіць за сабой і іншых: забіваецца час, забіваецца мінулае, забіваецца будучыня, забіваюцца людзі. Дом разлятаецца ў трэскі, але з вуснаў урада і электарату гаворыцца пра татальную стабільнасць. Гэта можна было б назваць сваёй асаблівай «стабільнай катастрофай».
«Сёння мы можам толькі канстатаваць, што ягоная [Ігара Цішына] пазіцыя зʼяўляецца ўнікальным феноменам у беларускай культурнай прасторы. У творчасці мастака мы бачым рашучае, разняволенае ігнараванне ўсялякіх умоўнасцяў, тут скрыжоўваюцца індывідуальная незалежнасць аўтара і цэлыя пласты нашай калектыўнай памяці. Творчасць Ігара Цішына – не толькі складнік сучаснага беларускага мастацкага працэсу, але цяпер ужо і важная частка нашай гістарычнай самаiдэнтыфiкацыi», – адзначае мастацтвазнаўца Таццяна Кандраценка.
Куратарка выставы – Вольга Мжэльская.
Ігар Цішын – беларускі мастак, жыве ў Бельгіі.
вх