Беларуская культура перажывае рэпрэсіі, якія набліжаюцца да ўзроўню 30-ых гадоў мінулага стагоддзя. Пра гэта заявіў кіраўнік Беларускага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка падчас адкрыцця Музею вольнай Беларусі ў Варшаве. За два гады пратэсту беларусы стварылі шмат культурных аб'ектаў, якія пасля перамогі абавязкова будуць перанесеныя ў Беларусь.
- Тысячы дзеячаў беларускай культуры прайшлі праз рэпрэсіі, шмат з іх вымушаны знаходзіцца за мяжой, таксама тут, у Польшчы. Для іх гэта стаў другі дом. Для нас вельмі важна стварыць магчымасць, каб яны маглі працаваць дзеля будучыні. Усё, што мы створым зараз, мы захаваем і перанясем у нашу родную, незалежную Беларусь, якая напэўна адродзіцца.
Калі не будзе беларускай культуры, то нельга марыць аб адраджэнні беларускай дзяржавы, – мяркуе Павел Латушка.
Музей вольнай Беларусі адкрыты ў цэнтры Варшавы, што было магчыма дзякуючы актыўнай падтрымцы польскіх уладаў. Такая пляцоўка важная як для беларусаў, так і палякаў, – адзначыў амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі.
- Я ведаю, што для вас гэта вельмі важна: пачуццё супольнасці. Культура дае пачуццё супольнасці. Але гэта вельмі важна таксама для нас, палякаў, каб мы вас бачылі як беларусаў, якія зараз жывуць тут, у Польшчы, але прыйдзе момант, калі вы вернецеся ў сваю свабодную Радзіму.
Музей вольнай Беларусі адчыняе свае дзверы для таленавітых беларускіх творцаў – мастакоў, актораў, музыкантаў.
нг