Набліжаецца другая гадавіна падзеяў 9 жніўня 2020 года, калі беларусы паўсталі і гучна заявілі аб тым, што яны хочуць людзьмі звацца. У нашых перадача, сярод іншага, прыгадваем тыя падзеі, а таксама намагаемся зразумець, што ім папярэднічала.
Феномен Кастрычніцкай вуліцы ў Мінску ў пэўным сэнсе папярэдзіў падзеі ў Беларусі ў жніўні 2020 года. Менавіта ў былым прамысловым раёне, які месціцца ў самым цэнтры беларускай сталіцы, у постіндустрыяльных дэкарацыях на працягу некалькіх гадоў паўстаў унікальны соцыякультурны кластар, дзе зараджаліся грамадскія ініцыятывы, якія сталі прыкладамі і правобразамі гуртавання беларусаў, якое напоўніцу адбылося ў жніўні 2020 г, кажа прадзюсарка тэатральных праектаў ОК16 (прасторы, якая акурат месцілася на Кастрычніцкай і была ліквідавана больш за год таму), а цяпер завадатарка ініцыятывы Politzek.me Іна Кавалёнак:
-Гэты працэс цягнуўся каля 10 гадоў. Спачатку там пачалі з’яўляцца кавярні і бары, а пазней культурныя прасторы. Вядома, я пераканана, што гэта адбывалася невыпадкова. Вуліца Кастрычніцкая і ваколіцы нават візуальна моцна адрозніваюцца ад навакольнага цэнтру Мінску, праспекту Незалежнасці. Гэта невыпадковасць. Калі ёсць фізічна адрознае ад афіцыйнай прастора, то яна спрыяе развіццю чагосьці новага. Мне здаецца, што гэта адна з прычын таго, чаму менавіта на Кастрычніцкай з’явіўся такі ўнікальны для Беларусі кластар. Стала цікава – на адной вуліцы знаходзіцца галерэя сучаснага мастацтва, месца сустрэчаў і модная кавярня.
У Беларусі заўжды ўсё было рэгламентавана, усё кантралявалася ўладамі, у тым ліку сфера адпачынку і культуры. Як так сталася, што ў цэнтры сталіцы паўстала цэлая «праслойка» культурных і каля культурных устаноў непадкантрольных уладам?
-Добрае пытанне. Мне здаецца, гэта абумоўлена тым, што жаданне развівацца натуральнае, і яно заўжды знаходзіць хоць нейкую прастору для рэалізацыі. Нягледзячы на імкненне ўладаў усё здушыць, кантраляваць такое жаданне заўжды будзе прабівацца і гэта бачна на прыкладзе таго, як зараз функцыянуе Кастрычніцкая. Там шмат зачыненых устаноў, але паступова і павольна з’яўляюцца новыя. Яны там ёсць. Натуральнае жаданне вельмі цяжка здушыць. Мне здаецца гэта і дазволіла развівацца вуліцы Кастрычніцкай асабліва ў тых умовах, калі яшчэ не было такога жорсткага кантролю і гэты імпульс знайшоў магчымасць да развіцця.
На вашу думку феномен вуліцы Кастрычніцкай паўплываў, у нейкім сэнсе папярэдзіў падзеі ў Беларусі жніўня 2020 года. Чаму вы прыйшлі да такіх высноваў?
-На маю думку ёсць некалькі вельмі простых індыкатараў па якіх можна вывесці пэўную ўзаемасувязь паміж тым што адбывалася на Кастрычніцкай напярэдадні і тым, што здарылася ў Беларусі ўлетку 2020 года. Напрыклад, людзі, дарэчы, пра гэта ўжо пачалі забываць, калі пачалася эпідэмія каранавіруса, абсалютна нізавая структура «BYCovid» знайшла сабе сядзібу менавіта на Кастрычніцкай у «Галерэі Ў». Ідзем далей. Самы папулярны кандыдат на выбарах Віктара Бабарыка быў мэнаджарам банку, які валодаў будынкам, дзе размяшчалася вялікая культурная прастора «Ок 16». І сам Віктар Бабарыка чалавек моцна зацікаўлены мастацтвам, мецэнат. Уласным прыкладам паказваў тыя рэчы, якія ўспрымаюцца як важныя каштоўнасці за якімі пайшлі людзі. І гэта здзяйснялася менавіта на Кастрычніцкай, і ў тым ліку на Кастрычніцкай.
Падзеі 2020 і рэакцыя рэжыму Лукашэнкі цалкам зманілі грамадкі пейзаж краіны. Рэпрэсіі і зачысткі ў тым ліку моцна ўдарылі па ўсім праектам, якія паўставалі ў гэтым кластары. Як зараз выглядае вуліца Кастрычніцкая ў Мінску?
- Зараз я назіраю за ёй з боку, бо ўжо там не працую, не ўдзельнічаю ў яе жыцці. Бачу, што адкрываюцца новыя месцы. Адна ўстанова нават захавалася, яна знаходзіцца з іншага боку вуліцы каля ракі. Галерэя «Ў» стала Прасторай «Вершы», дзе дагэтуль адбываюцца цікавыя сустрэчы. У офісных будынках дагэтуль сустракаюцца прадстаўнікі стартапаў. Звонку бачу, што жыццё ёсць і яго варта падтрымліваць.
Я зараз займаюся па сутнасці праваабарончай дзейнасцю, хаця ўсё жыццё займалася мастацтвам. Жыццё мяне да гэтага не рыхтавала. Як паказвае практыка, каб рабіць нешта паспяхова і добра, неабавязкова мець у кішэні адпаведны дыплом. Як паказвае прыклад вуліцы Кастрычніцкай, практыка ўдзелу ў добрых імпрэзах, якія сілкуюць розум і душу, малымі крокамі прыводзіць да таго, што людзям становіцца неабыякавы свет навокал. Яны пачынаюць яго змяняць і гэта прыводзіць да глабальных пераменаў. Заклікаю ўсіх заняцца светам навокал і гэта непазбежна прывядзе да пераменаў.
Размову запісаў Эдуард Жолуд.
Слухайце аўдыё!