38-ы варшаўскі кінафэстываль – гэта падзея классу А. Г. зн. тут удзельнічаюць работы, якія ў абавязковым парадку павінны ўпершыню дэманстравацца на тэрыторыі Польшчы. І вітаецца, калі гэта ўвогуле сусветная прэм’ера, хоць і не абавязкова. Арганізатары адабралі 157 кінастужак з 57 краін свету.
Сёлета ў межах варшаўскага кінафестывалю прайшоў асобны ўкраінскі конкурс, які да вайны праводзіўся ў Адэсе. Украінскія фільмы вартыя ўвагі не толькі таму, што гэта модная тэма. Гэта стужкі высокай якасці – дзеліцца сваімі ўражаннямі беларуская фатографка і рэжысёрка Ксенія Галубовіч:
- Украінскі кінематограф апошнія гады вельмі моцна развіваўся, у ім ёсць даволі шмат вельмі таленавітых рэжысёраў, і ўзровень іх кіно вельмі высокі.
Ксенія ўражаная стужкай «Фелікс і я» украінскай рэжысёркі Ірыны Цылік – у многім аўтабіяграфічная стужка па п’есе мужа Ірыны, які зараз на вайне. Адзначыла беларуска і стужку «Бачанне матылька» украінскага рэжысёра Максіма Наканечнага пра жанчыну, якая патрапіла ў палон да расейскіх сепаратыстаў. Фільм зняты на высокім узроўні, быў паказаны да таго ў Канах.
Гераіня фільма «Бачанне матылька», рэжысёр Максім Наканэчны, Украіна.
Тэма вайны важная, але не адзіная на Варшаўскім кінафестывалі. Асабліва разнастайнай тэматычна і насычанай была праграма дакументальных фільмаў. У журы конкурсу дакументальнага кіно працаваў беларускі рэжысёр Андрэй Куціла:
– Трэба разумець, якія мэты ставілі перад сабой селекцыянеры, адбіраючы такую праграму. Я адчуў, што яны хочуць паказаць праз дакументальнае кіно ўсе праблемы свету, актуальныя на дадзены момант. Не столькі шукаць чагосьці аўтарскага, а даць нам такі веер і разуменне таго, што адбываецца навокал.
Па словах Андрэя Куцілы, журы звяртала ўвагу на мастацкія якасці дакументальных фільмаў. Таму ў гэтым конкурсе перамагла стужка з Чэхіі.
– Пошукі чагосьці такога нетыповага і адметнага скончыліся тым, што мы з журы пабачылі і спыніліся на адной чэшскай стужцы, якая апавядае пра свет сляпых людзей з нетыповай перспектывы, з добрым гумарам, з пэўным такім далікатным і глыбокім падыходам да характараў. І гэты было нешта такое выключнае сярод усё праграмы. Таму гэты фільм і атрымаў галоўны прыз.
Кадр з фільма «Тыя, хто працуе ў цемры», рэжысёр Яна Шэўчыкава, Чэхія.
Гран-пры фестывалю атрымала мастацкая стужка «Свята працы» баснійскага рэжысёра П’ера Жаліцы. Лепшай працаў украінскіх кінематаграфістаў стала ўжо згаданая стужка «Бачанне матылька». Прыз глядацкіх сімпатыяў атрымаў дэбютны фільм Мачэя Кавальскага «Небяспечныя джэнтльмены», паказам якога адкрыўся фестываль. Яго героі – вядомыя дзеячы мастацкай багемы Закапане рубяжа 19 і 20 стагоддзяў.
Варшаўскі фестываль – гарадскі і сталічны па сваёй сутнасці. Як адзначаюць арганізатары, тут няма так званай стаўкі на інтэлектуальную эліту, амбіцыяў на адкрыццё новых тэндэнцый, павеваў. Таму фільмы, якія трапляюць сюды, у нейкай ступені павінны адпавядаць тым чаканням, з якімі глядач прыходзіць у глядацкі зал. Гледачам была магчымасць усё ўбачыць з 14 па 23 кастрычніка ў чатырох залах кінатэатра Atlantic і Multikino.
Паводле нашых суразмоўцаў, за ўсю гісторыю беларускія фільмы патраплялі на Варшаўскі фестываль не так ужо і часта. Можа, па два разы ў мастацкі і дакументальны конкурсы. Планка высокая. Беларускія творцы многія цяпер з эміграцыі. Але гэта і выклік, і магчымасць, лічыць Ксенія Галубовіч:
– Людзі стараюцца і нешта робяць, упісваюцца ў новую рэальнасць. Магчыма гэта будуць нават лепшыя фільмы, бо магчымасцяў тут, пры жаданні, болей, чым было ў Беларусі. Праца з замежнымі прадзюсарамі дапаможа развіццю беларускага кінематографу.
Свежыя стужкі маладых беларускіх кінематаграфістаў Ксенія збіраецца паглядзець ужо 18 лістапада, калі ў Варшаве пройдзе фестываль Bulbamovie.
Казімір Шчадковіч