Беларуская Служба

Беларуская мова мела значны ўплыў на польскую мову Адама Міцкевіча

07.12.2022 16:04
Польскі паэт не толькі нарадзіўся на тэрыторыі Беларусі.
Аўдыё
  • Беларуская мова мела значны ўплыў на польскую мову Адама Міцкевіча
Władysław Ciesielski, Portret Adama Mickiewicza (fragm.), 1899 r.
Władysław Ciesielski, "Portret Adama Mickiewicza" (fragm.), 1899 r. Muzeum Narodowe w Warszawie

Беларуская мова мела значны ўплыў на польскую мову паэта. Усё ж з беларускасцю Адам Міцкевіч меў значна менш супольнага, чым з літоўскасцю. Між іншым пра гэта расказваў прафесар Варшаўскага ўніверсітэту Міхал Козяк у рамках беларускага Месяца польскай літаратуры.

200 гадоў таму, у 1822 годзе, у Вільні выйшлі «Балады і рамансы» Адама Міцкевіча – твор, які паклаў пачатак эпохі рамантызму ў Польшчы. 2022 год рашэннем Сейму Польшчы прайшоў як Год польскага рамантызму. У рамках Месяца польскай літаратуры прайшла лекцыі прафесара Варшаўскага ўніверсітэту Міхала Козяка «Міцкевіч перад абліччам літоўскасці, украінскасці і беларускасці».

У слоўніку мовы Адама Міцкевіча мноства слоўнікавых артыкулаў, прысвечаных Літве, значна менш, прысвечаных Украіне, і толькі нязначная частка, прысвечаная Беларусі. Пры гэтым прафесар Міхал Козяк адзначае, што невядома да канца, што пад словам Літва меў на ўвазе Міцкевіч: ці віленска-ковенскую Літву, ці даўняя Вялікае Княства Літоўскае. Паводле слоўніка, гаворачы пра Беларусь, Міцкевіч меў на ўвазе ўсходнюю частку ВКЛ – прыкладны трохвугольнік, які аб’ядноўваў Мінск-Полацк-Віцебск.
На мапе падарожжаў Адама Міцкевіча пераважае сучаснае беларуска-літоўскае памежжа, пачынаючы ад Завосся і Навагрудка, праз Вільню і Коўна.

У «Баладах і рамансах» геаграфічныя рэаліі звязаныя з тэрыторыяй сённяшняй Беларусі. Прафесар нагадвае гісторыю, калі паэт Ян Чачот, які збіраў беларускі фальклор, крытыкаваў Адама Міцкевіча.

-Ян Чачот крытыкаваў Міцкевіча за эстэтычны, мастацкі падыход да беларускага фальклору. Балады Яна Чачота былі бліжэйшыя да гэтага фальклору. Беларускія сляды ёсць у прасторы «Баладаў і рамансаў». З Беларуссю звязанае месца нараджэння Адама Міцкевіча. Да канца сёння няма ўпэўненасці, ці гэта Завоссе ці Наваградак. Але тым не менш гэта беларускі край, з якога выводзіцца наш паэт. Ёсць таксама разважанні мовазнаўцаў, якія пераконваюць, што прозвішча Міцкевіч мае беларускае паходжанне.

Прафесар Міхал Козяк узгадаў пра гісторыю, якая ў выніку ўсё ж аказалася містыфікацыяй, але звязаная менавіта з Беларуссю. Гаворка пра беларускі верш «Беларуская фантазія», аўтарства якога звычайна прыпісваецца Яну Чачоту, але быў момант, калі аўтарам верша лічылі менавіта Адама Міцкевіча.

Відавочным, а пра што даследчыкі мовы Адама Міцкевіча неаднаразова падкрэслівалі, з’яўляецца ўплыў беларускай мовы на польскую мову аўтара. Гэта тэксты ў «Пане Тадэвушы», «Баладах і рамансах», у першых варыянтах вершаў лазанскай лірыкі, то бок пазнейшых вершаў з 30 гадоў, напісаных паэтам у Швейцарыі. Уплыў з’яўляецца выразны, трывалы і доўгі.

Паводле прафесара, найбольшай увагі ўсё ж заслугоўвае справа паэмы «Дзяды», асабліва ў віленска-ковенскім варыянце. Гаворка ідзе пра крыніцу паходжання абраду, якім карыстаецца Міцкевіч.

-Цікавінка: існуе пэўная спрэчка пра беларускія крыніцы, звязаныя з «Дзядамі». Гэта спрэчка паміж польскім гісторыкам літаратуры Станіславам Піганем і Алімпіяй Свяневічовай. Алімпія паставіла пад сумнеў канцэпцыю Піганя. Станіслаў Пігань інтэрпрэтаваў другую частку «Дзядоў», якая стараецца аднавіць візію народнага абраду, як частку, якая паходзіць ад вясенняй Радаўніцы. Пігань асаблівым чынам паказваў, што паэма Міцкевіча звязаная з аўтэнтычным народным абрадам. У сваю чаргу Свяневічова сцвярджае, што абрад Радаўніцы быў уведзены расійскімі ўладамі на беларускіх землях, што ён меў больш праваслаўны характар і павінен быў служыць аб’яднанню ўніятаў і праваслаўных. Яна лічыць, што крыніцаў абраду для Міцкевіча сталі восеньскія Дзяды, якія больш блізкія народнай, беларускай і ўніяцкай рэлігійнасці на гэтых землях.

Мовазнаўцы звяртаюць таксама ўвагу на моўныя падабенствы ў «Дзядах». Праўдападобна з аўтэнтычнага народнага беларускага абрада паходзяць спевы, тыповае «А-кыш, а-кыш», якое праганяла духі. Некаторыя даследчыкі пераконваюць, што Адам Міцкевіч асабіста пазнаёміўся з гэтым беларускім абрадам.

На завяршэнне лекцыі прафесар Козяк падкрэсліў, што ёсць шмат спрэчных момантаў, а на тэму літоўскасці, украінскасці і беларускасці Міцкевіча можа гаварыць гадзінамі.
Міхал Козяк падводзячы вынік адзначыў, што Адам Міцкевіч, думаючы пра Рэч Паспалітую, думаў як пра шматнацыянальную дзяржаву і тоеснасць. Для яго гэта пазітыўны бок Першай Рэчы Паспалітай. Гэта нешта, што сведчыць пра багацце гэтай краіны.

ав

слухайце аўдыё