Беларуская Служба

Актор Аляксандр Ждановіч: Гэтая казка скончыцца добра, але яна не будзе кароткай

14.01.2023 11:20
Актор Аляксандр Ждановіч, вядомы таксама як Маляваныч паводле сцэнічнага вобразу, жыве ў эміграцыі ў Грузіі. Паразмаўляла з ім пра культуру, святы ў эміграцыі і дзе шукаць пазітыўны настрой у змрочны часы.
Аўдыё
  • Аляксандр Ждановіч: Я хоць і казачнік, але разумею, што гэта не хуткае падарожжа. Тым не менш стараюся выцягваць пазітыўныя эмоцыі
 .
Аляксандр Ждановіч. Фота: Facebook

– Былі святы, Каляды – як прайшоў святочны час для вас?

– Мае святочныя часы праходзяць добра – шмат працы. Тут ёсць пляцоўка «Буслік хаб», дзе збіраюцца дзеці беларускія, вучаць мову, вучацца маляваць, у нас там ёсць тэатральная майстэрня – адсвяткавалі пачатку там. У мяне ёсць батлейка. Гэта, відаць, першая беларуская батлейка ў Грузіі. Я ездзіў з батлейкай у Батумі, сустракаўся там з беларусамі – пелі калядкі, чытаў вершы. Потым з сябрамі сустрэў Новы год. Не ведаю, як у Варшаве, а грузіны стралялі тут палову ночы фейверкі-салюты. Яшчэ мы калядавалі па ўсяму Тбілісі.

– Шмат у каго здарылася жыццё ў вымушаным доўгім падарожжы, далёка ад дому. Як вы пачуваецеся ў такім фармаце?

– Божачкі мае! Ну, тут таксама адназначна не адкажаш. Па-рознаму. Я з’ехаў у лютым, за пяць дзён да вайны, хутка будзе год як. Ніхто ж не ведаў, што так адбудзецца – нечакана. І тут кактэйль розных пачуццяў – ад адчування, што вырваўся на свабоду, але які можа быць пазітыў, калі я сёння, напрыклад, даведаўся пра затрыманне ў Беларусі майго сябра. Вайна, сочыш за гэтымі падзеямі – і ўсё адбіваецца на тваім сэрцы.

З аднаго боку трэба жыць – мы пачалі з пытання пра святы. Трэба заставацца чалавекам, захоўваць сваю псіхіку. Я думаю, што тыя людзі, хто цяпер за кратамі, яны б не пажадалі нам пасыпаць галаву попелам. Думаю, яны б сказалі «Жывіце нармальна, радуйцеся, калі ёсць чаму радавацца».

Я люблю падарожжы. Але я разумею, што гэта не падарожжа. Я хоць і казачнік, але разумею, што гэта не хуткае падарожжа. Тым не менш стараюся выцягваць пазітыўныя эмоцыі, жыць пазітыўнымі абставінамі, а іх можна знаходзіць. Дарэчы, можа, гэта і правільна: жывеш тут і зараз, а не будуеш доўгія планы. Мудрыя людзі і казалі, што гэта правільней – жыць момантам.

– Беларусы, з’ехаўшы са сваёй краіны, арганізавалі ў іншых краінах мноства культурніцкіх пляцовак. Гэта патрэба ў захаванні сябе, ці беларусы культурная нацыя? Гэта такі цікавы…

– Феномен? Не думаю, што гэта вызначае толькі беларусаў. Мне здаецца, што кожны, хто выехаў за межы сваёй краіны, культуры, моўнага асяроддзя, адчувае першы час стрэс. Неабходнасць вызначаць сябе, не растварыцца ў новым асяроддзі – гэта вельмі важна. Можа, гэта і вымушаная з’ява, але гэта добра, мне гэта падабаецца. Я не хаваю тое, што я да 2020-га года не размаўляў па-беларуску. Я і зараз, можа, гэта раблю недакладна, але я свядома пераходжу на беларускую мову. І я ведаю шмат людзей, якія тут, напрыклад, у Грузіі свядома пераходзяць на беларускую мову. Не ўсе, але вельмі шмат. Дарэчы, у нейкім сэнсе беларусам Грузіі лягчэй. У тым сэнсе, што польская і беларуская культуры блізкія. І я пабачыў як людзі, нават беларускамоўныя, хутка пераходзяць на польскую мову. Ці іх беларускае вымаўленне становіцца з такім відавочным польскім акцэнтам. Я ўжо не кажу пра дзяцей, якія годзік пражылі ці паўгода і ўжо палякі!

У Грузіі стаць грузінам, пачаць гаварыць па-грузінску складаней. Таму абставіны такія, што тут захаваць беларускасць лягчэй.

– З Беларусі часта гучаць галасы, што ад праектаў за мяжою нам не холадна ні горача, гэта ніяк не ўплывае на наша жыццё. Вы згодныя з гэтым?

– Я не магу за іх адказаць. У мяне ёсць свой, можа быць, крыху тэарэтычны адказ. Канешне, калі чалавек з’язджае са сваёй глебы, ён нешта губляе. Ён не адчувае ўсёй паўнаты жыцця, якое ідзе ў Беларусі. Але з іншага боку, у чым плюс нашага часу, існуюць сацсеткі, інтэрнэт. Гэта дазваляе пераадольваць межы, камунікаваць, даведвацца, што адбываецца, як і для тых, хто ў Беларусі – ведаць пра падзеі ў беларусаў па-за межамі краіны.

Гэта маё меркаванне, яно, канешне, можа быць памылковым, але лічу, што гэтая думка не слушная. Я з’ехаў не так і даўно, і памятаю сваё адчуванне: калі ты там і не можаш у поўны голас нешта выказаць. Моцна падтрымлівае, калі нехта з беларусаў можа гэта рабіць. Гэта надае нейкія сілы. Таму лічу, што хоць неяк мы ўплываем. Страшэнна будзе, калі яны знішчаць свабодны інтэрнэт, зачыняць межы, а яны будуць імкнуцца гэта рабіць. Урэшце гэтая казка скончыцца добра, але яна не будзе кароткай.

вх