Беларуская Служба

Алеся Каролік: Пры ўсёй разнастайнасці адукацыйных ініцыятыў, наша мэта – дасягнуць сінергіі

26.01.2023 15:36
Прайшоў круглы стол з удзелам прадстаўнікоў адукацыйных ініцыятываў па вострых і актуальных пытаннях супрацы.
Аўдыё
  • Прайшоў круглы стол з удзелам прадстаўнікоў адукацыйных ініцыятываў па вострых і актуальных пытаннях супрацы.
Ілюстрацыя Крыніца: shutterstock/

Прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык узначаліць працоўную групу для супрацоўніцтва Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі з Міністэрствам адукацыі і навукі Польшчы. 24 студзеня дэлегацыя Кабінета ў складзе яго кіраўніцы Святланы Ціханоўскай, прадстаўнікоў Аліны Коўшык і Паўла Латушкі сустрэлася з міністрам адукацыі і навукі Польшчы Пшэмыславам Чарнэкам.

Беларускі і польскі бакі абмеркавалі магчымасць стварэння і фінансавання польскім урадам сеткі беларускіх школ выхаднога дня ў гарадах кампактнага пражывання беларускіх дыяспару, а таксама магчымасць дзяцей грамадзян Беларусі наведваць заняткі беларускай мовы ў беларускіх класах дзяржаўных школ, на што права пакуль маюць толькі беларусы з польскім грамадзянствам. Кандыдат філасофскіх навук Павел Баркоўскі, які супрацоўнічае ў галіне адукацыі з Пераходным кабінетам распавёў падрабязнасці сустрэчы беларускай дэлегацыі з польскім міністрам:

-На ўзроўні Кабінета нам удалося ўсталяваць добрыя кантакты з Міністэрствам адукацыі і навукі Польшчы. Адбылося ўжо некалькі падобных сустрэч. На апошняй мы падымалі крытычныя пытанні беларускай адукацыі ў Польшчы. У міністэрстве мы агучылі шмат розных прапаноў, па некаторых пунктах мы знайшлі агульную мову. Гэтыя размовы даюць нам надзею, што ідэя беларускіх школаў выходнага атрымае міністэрскую падтрымку. Таксама разлічваем на тое, што палепшацца ўмовы беларускай вышэйшай адукацыі ў Польшчы. Вынікі нашых размоў, думаю зможам назіраць ужо самы бліжэйшы час.

Пасля сустрэчы з міністрам адукацыі і навукі Польшчы на базе «Руху беларускай салідарнасці» прайшоў круглы стол з удзелам прадстаўнікоў адукацыйных ініцыятываў па вострых і актуальных пытаннях супрацы. Падчас сустрэчы былі падведзены вынікі кампаніі па збору подпісаў пад праектам грамадзянскага бюджэту польскай сталіцы. Пераможцы конкурсу атрымліваюць фінансавання з гарадскога бюджэту на рэалізацыю грамадска карысных задумаў. Пра праект такой беларускай школы распавяла Іна Дабратвор прадстаўніца фундацыі-ініцыятара гэтага праекту «Kraj do życia».

Калі гаворка ідзе пра адукацыю малых беларусаў у Польшчы, маем дачыненне адразу з двума крызісамі: крызісам адаптацыі малога і крызісам сістэмы польскай школьнай адукацыі, якая абцяжарана хваляй уцекачоў з Украіны. На гэта звярнуў увагу педагог, які выкладае адразу ў дзяржаўнай і прыватнай польскіх школах Ягор Сурскі.

Менеджар адукацыйнага кірунку «Руху беларускай салідарнасці» Алеся Каролік, якая праводзіла сустрэчу, выразіла спадзеў, што разнастайнасць розных адукацыйных ініцыятыў прывядзе да сінергіі і здаровай канкрэцыі дзеля дасягнення агульнай мэты:

-Мы паставілі сабе вялікую мэту. Будзем працаваць над паўстаннем супольнасці самых разнастайных беларускіх адукацыйных ініцыятыў, каб разам дасягаць агульных мэтаў і разам супрацоўнічаць з польскім урадамі. Каб пры ўсёй разнастайнасці была магчымасць дасягнуць сінергіі ў нашай дзейнасці. Вельмі разлічваем, што Рух беларускай салідарнасці стане пляцоўкай, якая дапаможа ў рэалізацыі гэтай мэты. (...)

Слухайце аўдыё!

эж