7 лістапада ў Еўрапейскім цэнтры салідарнасці ў Гданьску былі абвешчаныя пераможцы 15-й літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця.
Журы прысудзіла першае і другое месцы творам, якія ўдзельнічалі ў конкурсе ў зашыфраваным выглядзе. З меркаванняў бяспекі сапраўдныя імёны аўтараў і назвы гэтых кніг пакуль што не абвяшчаюцца публічна.
Першае месца атрымала кніга, аўтару якой давялося прыдумаць для ўдзелу псеўданім Аляксандр Касцюковіч і назву-маску «Лірнік». Журы ўганаравала кнігу «за высокае майстэрства валодання словам і глыбокую эмпатыю».
Другое месца здабыла кніга з назвай-маскай «Цесля жыцця», аўтар якой удзельнічаў пад псеўданімам Сяргей Дубаўцэвіч. Кніга ўганараваная «за сінтэз дакументальнага і мастацкага і плённае развіццё беларускай даследчыцкай прозы».
Трэцюю прэмію атрымаў раман «Пентаквантар» (кнігі 1 і 2) Арцёма Шуканава — «за яскравую мультыкультурную навукова-фантастычную сагу, якая пашырае жанравыя межы беларускай літаратуры».
Кіраўніца Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай гаворыць, што цягам 15-ці гадоў існавання прэміі, яны ніколі не сумняваліся ў яе актуальнасці.
— Мы заўсёды разумелі, што патрэбны механізм, які б выбіраў найлепшае з літаратуры і даваў арыентыры, з аднаго боку, чытачам, а з іншага — аўтараь, каб стымуляваць іх пісаць больш.
Беларускі ПЭН/ав