Беларуская Служба

Праект у падтрымку беларускай метал-сцэны ByMetal аднаўляе сваю працу ў замежжы

03.02.2023 13:03
У Варшаве прайшла прэзентацыя і абмеркаванне праекту.
Аўдыё
  • Праект у падтрымку беларускай метал-сцэны ByMetal аднаўляе сваю працу ў замежжы
Ян і Ігар.

ByMetal паспяхова працаваў у Беларусі на працягу 15 гадоў. Праект выконваў ролю медыярэсурса з навінамі, афішамі і мапай падзей. На старонцы выходзілі рэпартажы, інтэрв’ю і рэцэнзіі. ByMetal рыхтаваў уласныя імпрэзы, праводзіў спецпраекты. Гэта таксама кам’юніці людзей, якія граюць і слухаюць цяжкую музыку, расказвае Ян:

-ByMetal – гэта праект у падтрымку цяжкай музычнай сцэны. Мы падтрымлівалі метал-сцэну розным чынам: інфармацыйная падтрымка, робілі мерапрыемствы і канцэрты. І так было 15 гадоў. Цяпер у эміграцыі адбудавацца было цяжка, мы страцілі сайт. Зараз мы яго аднаўляем. Навіны і рэлізы ўжо можна ўбачыць у нашых сацсетках. Эміграцыя, хоць гэта і цяжка, то яна таксама дае магчымасці. Гэта магчымасць працаваць з Еўропай і праводзіць канцэрты тут. Ладзіць супрацу з еўрапейцамі.

Першы слуп праекту – металіка, другі – беларушчына і нацыянальная ідэя. Рускай мовы на сайце і сацсетках праекту не будзе, гаворыць Ян:

-Наша мэта заўсёды была, каб зрабіць беларускую мову мовай нармальнасці, мовай паўсядзённага ўжытку. Як сайт, як СМІ мы пачыналі пісаць на ёй у 2011 годзе і тады гэты было вельмі дзіўна. Цяпер беларуская ўспрымаецца цалкам нармальна, а значыць мы таксама зрабілі свой унёсак у гэта.

Ігар кажа, што на сённяшнюю метал-сцэну можна глядзець з двух перспектыў:

-На дадзены момант у Беларусі не адбываецца амаль ніякіх канцэртаў, асабліва замежных гуртоў. Колькасць альбомаў, сінглаў, кліпаў зменшылася больш чым у пяць разоў. Сітуацыя жахлівая. Але можна паглядзець і з іншага боку. Гурты, якія працягваюць сваю дзейнасць, значна павялічылі сваю якасць. Яны робяць шмат анонсаў на замежных пляцоўках. Усё не так добра, як было, але сцэна жыве, працуе ў бок якасці.

Галоўная мэта каманды ў бліжэйшай перспектыве: аб’яднаць усё, што знаходзіцца каля беларускай метал-сцэны, нацыянальна арыентаванай. Трымаць руку на пульсе і быць карыснымі ўсяму руху, адзначыў Ігар.

ав

Размова з Янам і Ігарам - у далучаным гукавым файле.

слухайце аўдыё