Беларуская Служба

Запрацавала Беларуская незалежная кінаакадэмія (BIFA)

14.02.2023 17:15
«Калі я расказала дырэктару Еўрапейскай кінаакадэміі пра нас, то яго першая рэакцыя была: «Мы вас даўно чакалі», – расказвае Воля Чайкоўская.
Аўдыё
  • Запрацавала Беларуская незалежная кінаакадэмія (BIFA)
    (BIFA)
Запрацавала Беларуская незалежная кінаакадэмія (BIFA).

Яна будзе аб’ядноўваць беларускіх фільммэйкераў, падтрымліваць іх, прасоўваць іх голас на міжнароднай кінаарэне. Стварэнне BIFA падтрымала Еўрапейская кінаакадэмія (EFA), што моцна дапаможа беларускім кінематаграфістам ствараць кантакты з еўрапейскімі кінаінстытутамі, кінафондамі і кінарынкамі.

Беларуская незалежная кінаакадэмія – гэта праект групы беларускіх фільммэйкераў, стымулам для якога стала антываенная заява, якую рэжысёрка і прадзюсарка, дырэктарка кінафэсту «Паўночнае ззянне» Воля Чайкоўская ініцыявала ў лютым мінулага году. Заяву падпісала 130 чалавек, і такім чынам утварылася немалое кам’юніці беларускіх кінавытворцаў. Тады і паявілася думка, што патрэбная нейкая арганізацыя, якая будзе аб’ядноўваць і кансалідаваць беларускіх фільммэйкераў. У выніку нарадзілася ідэя стварыць Беларускую незалежную кінаакадэмію, расказвае Воля Чайкоўская.

-Я і Аляксей Палуян запрасілі яшчэ некалькі фільммэйкераў, сярод якіх Дар’я Жук, Андрэй Куціла, Ігар Сукманаў, Ірына Каціловіч. Такой групай мы працягвалі працаваць больш чым паўгода, перш чым вырашылі, што прыйшоў час прэзентаваць акадэмію афіцыйна. І гэта адбудзецца на еўрапейскім кінарынку ў межах Берлінале напрыканцы гэтага тыдня.

Заснавальнікі Беларускай кінаакадэміі маюць падтрымку міжнародных інстытуцый і арганізацый у сферы кіно дзякуючы прыватным кантактам беларускіх рэжысёраў.

-Мой досвед у кінаіндустрыі ў свеце даволі вялікі, таксама досвед Дар’і, Андрэя, Ігара. Гэта людзі, якія маюць вялікую базу кантактаў дзякуючы шматгадовай папярэдняй працы ў кіно. І мы аб’ядноўваемся, каб рабіць унёсак у развіццё нашай кінакам’юніці, рабіць так, каб нашыя кантакты працавалі на развіццё кам’юніці. У нас вялікая падтрымка Еўрапейскай кінаакадэміі, сябрамі якой з’яўляемся я і Аляксей. Калі я расказала дырэктару Еўрапейскай кінаакадэміі пра нас, то яго першая рэакцыя была: «Мы вас даўно чакалі», – расказвае Воля Чайкоўская.

На дадзеным этапе праект знаходзіцца ў фазе стварэння. Ініцыятары выпрацоўваюць крытэрыі і прынцыпы працы акадэміі, між іншым ведучы размовы з кам’юніці. Да незалежнай кінаакадэміі можна будзе далучыцца, але будучыя члены павінны адпавядаць таксама маральным патрабаванням:

-Мы называем гэта этычным стандартам. Найперш мы аб’ядноўваемся вакол прынцыпу, што мы адмаўляем любую супрацу з дзяржаўным рэжымам. Да нас могуць далучыцца толькі тыя фільммэйкеры, якія з 20-га году не працуюць з дзяржавай.

Беларуская тэматыка цікавая для гледачоў. Гэта паказаў таксама прыклад кінафестывалю «Паўночнае ззянне». Беларусь для міжнароднай супольнасці з’яўляецца своеасаблівай terra incognita. Трагедыяй для незалежных фільммэйкераў з’ўялецца немагчымасць здымаць у сваёй уласнай краіне. Аднак, не працаваць яны не могуць, кажа Воля:

-Думаю, ёсць розныя шляхі і творчыя магчымасці для таго, каб расказваць гісторыі рознымі спосабамі. Канешне, гэта абмежаванне і драма для творцаў, якія не могуць здымаць сваё кіно ў сваёй краіне. Але я стараюся нягледзячы на абставіны заставацца аптымісткай і выбіраць варыянт «рабіць». Рабіць і працягваць можна і важна ў розных умовах.

Прэзентацыя Беларускай незалежнай кінаакадэміі адбудзецца ўжо 17-га лютага на Еўрапейскім кінакірмашы (EFM у межах Берлінале) – найбуйнейшым штогадовым кінаівэнце ў Еўропе. Заснавальнікі акадэміі шчыра вераць, што дзякуючы гэтаму іх голас стане гучнейшым, а ў беларускіх кінатворцаў будзе больш магчымасцяў ствараць, рэфлексаваць і дакументаваць.

ав

слухайце аўдыё