Беларуская Служба

Ад Гродна і Саколкі да Случы і Украіны: падарожжа ў Рэч Паспалітую з Ёганам Генрыхам Мюнцам

16.02.2023 15:49
Нацыянальны інстытут польскай культурнай спадчыны за мяжой Polonika выдаў альбом Podróże malownicze przez Polskę 1780-1784: малюнкі Ёгана Генрыха Мюнца канца XVIII ст.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Малюнкі Ё.Г.Мюнца.
 :  ,  .
Злева направа: Ежы Маліноўскі, Эльжбета Будзіньская.https://www.facebook.com/photo.php?fbid=691388246041530&set=pcb.691390049374683&type=3&theater

Сёння мы ажыццявім незвычайнае падарожжа — у Рэч Паспалітую канца XVIII стагоддзя, у тым ліку на яе беларускія землі. А нашым гідам будзе эльзаска-швейцарскі мастак і архітэктар Ёган Генрых Мюнц, які звязаў свой лёс з Рэччу Паспалітай у апошнія гады яе існавання.

Забягаючы крыху наперад, адзначым, што ў Англіі Ёган Генрых Мюнц лічыцца адным з пачынальнікаў стылю неаготыка, які пазней распаўсюдзіцца і ў Польшчы, і ў Беларусі. Але гэта будзе ўжо ў тыя часы, калі нашы землі ўвойдуць у склад Расійскай імперыі. А мы наведаем Рэч Паспалітую ў апошнія гады яе існавання…

Мюнц нарадзіўся ў 1727 годзе ў частцы Эльзаса, якая належала ў той час Швейцарыі. Служыў у французскай арміі — капітанам швейцарскага палка, з якім правёў час у Іспаніі. Далей яго шлях ляжаў праз Рым, Лондан, Нідэрланды, дзе ён праектаваў будынкі і пісаў пейзажы.

У 1778 г. лёс звязаў Мюнца з Рэччу Паспалітай. Спачатку ён знаходзіўся ў Гродне — на службе вядомага мясцовага прадпрымальніка Антонія Тызенгаўза. Затым паступіў на службу да князя Станіслава Панятоўскага, пляменніка тагачаснага караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які, напомнім, нарадзіўся недалёка ад Брэста, у Вялікім Княстве Літоўскім і на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

У 1780-я гг. Мюнц разам з князем Станіславам Панятоўскім ажыццявіў падарожжа ў яго ўкраінскія маёнткі, а таксама па землях цяперашніх Беларусі, Польшчы, Малдовы. Калі гаварыць пра тэрыторыю сучаснай Беларусі, то гэта Палессе, рака Случ. А калі паглядзець у кантэксце таго, дзе была распаўсюджана ў той час (зрэшты, як і сёння) беларуская мова — гэта Саколка на Падляшшы: тады ў ВКЛ, а цяпер у Польшчы. Гэтыя землі Мюнц называе Літвой, бо яны ўваходзілі тады ў склад літоўскай дзяржавы, звязанай уніяй з Польшчай.

Малюнкі, створаныя Ёганам Генрыхам Мюнцам падчас падарожжа, а іх больш за 200, днямі сталі даступныя шырокаму колу вучоных і грамадскасці. Альбом з пейзажамі выдаў Нацыянальны інстытут польскай культурнай спадчыны за мяжой Polonika пад назвай Podróże malownicze przez Polskę 1780-1784 («Маляўнічыя падарожжы па Польшчы ў 1780-1784 гг.»). Важкі том змяшчае таксама факсіміле рукапісаў Мюнца на французскай мове і іх пераклады на польскую, англійскую і рускую.

Падрыхтавала да друку гэтыя каштоўныя матэрыялы мастацтвазнавец Эльжбета Будзіньская, якая яшчэ ў 1982 г. абараніла дысертацыю аб мастаку і яго малюнках пад кіраўніцтвам вядомага польскага мастацтвазнаўца і музеязнаўца Станіслава Лёрэнца, які ў Беларусі і Літве вядомы перш за ўсё па яго працы ў даваеннай Вільні.

Малюнкі і дзённік падарожжа Мюнца, выдадзеныя цяпер у Варшаве, знаходзяцца ў трох альбомах, два з якіх захоўваюцца ў зборы Дзяржаўнага гістарычнага музея ў Маскве, а адзін — у Бібліятэцы Варшаўскага ўніверсітэта.

Эльжбета Будзіньская: — У 1927 г. у ленінградскага актыквара Бібліятэка Варшаўскага ўніверсітэта набыла альбом са 168 малюнкамі з выявай паўднёва-ўсходніх ускраін Рэчы Паспалітай малавядомага ў той час аўтара Ёгана Генрыха Мюнца.

Гэтыя малюнкі Мюнц у 1787 г. прапанаваў набыць каралю Станіславу Аўгусту Панятоўскаму.

Я пачала работу з імі ў 1957 г. А калі пачала пісаць па іх дысертацыю, то атрымала магчымасць паехаць у Маскву, і там, у Дзяржаўным гістарычным музеі, мне ўдалося выявіць два альбомы з малюнкамі Мюнца — усяго больш за 140 малюнкаў, якія дапаўняюць варшаўскі альбом.

І толькі ў 2017 годзе маскоўскія альбомы былі адсканіраваны і перададзены ў Польшчу. Гэта дало магчымасць яшчэ раз супаставіць варшаўскую (набытую ў Ленінградзе) і маскоўскую часткі спадчыны Мюнца. І вось што аказалася.

Эльжбета Будзіньская: — У абодвух альбомах было больш за 300 малюнкаў. Але адну трэцюю з іх складалі паўторы. У XVIII ст. мастакі часта капіравалі ўласныя выявы якога-небудзь прывабнага аб'екта. Гэта былі не копіі, а рэплікі, часам дакладныя, часам з дробнымі адрозненнямі.

Каштоўнасць малюнкаў Мюнца ў тым, што на іх абароце змешчаны фрагменты з дзённіка мастака з яго падарожжа. Гэтыя запісы паўтараліся і на рэпліках. Гэта звязана з тым, што ён жыў з таго, што прадаваў свае працы. Гэта было яго камерцыйнае прадпрыемства.

Таму публікаваць усе паўторы не было сэнсу. Некаторыя з іх у розных альбомах паўтараюцца два-тры разы.

Таму было прынята рашэнне, што будзе апублікаваны альбом у храналагічнай паслядоўнасці, ілюструючы падарожжа Мюнца па Рэчы Паспалітай. А паўтараць адны і тыя ж ілюстрацыі, мабыць, было б бессэнсоўна.

Мастацтвазнавец Ежы Маліноўскі, які ўдзельнічаў у падрыхтоўцы выдання малюнкаў Ёгана Генрыха Мюнца, адзначыў актуальнасць іх для пазнання гісторыі  розных краін Усходняй Еўропы, якія ўзніклі на месцы даўняй Рэчы Паспалітай.

Ежы Маліноўскі: — Тут мы бачым не толькі малюнкі, але і апісанні Валыні, Падолля, Кіеўшчыны.

А я б хацеў зачытаць характарыстыку Херсона, дадзеную Мюнцам у той час, калі, а менавіта ў 1770-я гг., горад толькі быў заснаваны расіянамі. У той час, натуральна, гэты горад не ўваходзіў у склад Рэчы Паспалітай.

Цяпер Херсон стаў вядомы з-за яго значэння ў вайне ва Украіне: тут вяліся жорсткія баі...

Ежы Маліноўскі: — Мюнц піша: «Херсон быў заснаваны нядаўна. Першыя распараджэнні па яго забудове былі выдадзены ў 1779 г. генералам Ганібалам, арапам. Калісьці на гэтым месцы была невялікая крэпасць пад назвай Аляксандр. Тут пачынаюць вельмі шмат будаваць. Умацаванні (зусім нічога не вартыя) ужо амаль скончаны, гэтак жа як і верф. Аднак сумнеўна, што гэта прадпрыемства будзе паспяховым, улічваючы, што размяшчэнне вельмі нездаровае. З захаду Херсон акружаюць шматлікія балоты. А воды Дняпра ўлетку тут брудныя і сонныя, якія выдзяляюць шкодныя выпарэнні. Акрамя таго, вятры з паўднёвага ўсходу прыносяць шкодныя выпарэнні з Крыма. Караблі таксама вельмі псуюцца ад гнілі ў гэтых кепскіх водах. Аднак, здаецца, Расія імкнецца ўводзіць сваіх суседзяў у зман. Яна імкнеца зусім да іншага. Херсон — гэта проста маска. Палякам абяцаюць вялікія выгады ад збыту іх тавараў праз Чорнае мора, каб заахвочваць іх развіваць гандаль па Дняпры — і каб засяліць гэтыя пустыні для Расіі, якая не забавіцца, каб  пашырыць свае межы з гэтага боку да берагоў Днястра. Расія гэтымі дзеяннямі імкнецца аслабіць, разбурыць гандаль Прусіі, адцягваючы Польшчу з партоў Балтыйскага мора. Але калі Расія завалодае Ачакавам і ўсёй тэрыторыяй на гэтым баку Днястра, то на працягу некалькіх гадоў становішча Польшчы з гэтага боку акажацца горшым, чым з боку Прусіі. Яна з усіх бакоў акружана магутнымі суседзямі. І тады Польшча назаўсёды знікне, калі не прыкладзе апошніх намаганняў, каб сябе выратаваць».

Будучы іншаземцам, адзначае Эльжбета Будзіньская, Ёган Генрых Мюнц меў да Польшчы шчырыя цёплыя пачуцці. Ён разумеў праблемы краіны. Хацеў дапамагчы ўратаваць краіну, якая ў 1772 г. ужо перажыла свой першы падзел паміж Аўстрыяй, Прусіяй і Расіяй, а ў 1773–1789 гг. з’яўлялася пратэктаратам Расійскай імперыі, фактычна як сучасная Беларусь.

Эльжбета Будзіньская: — Мюнц на кожным кроку падкрэслівае сваю сувязь і сваю падтрымку ўсяму таму, што адбываецца ў Польшчы. Аднак ён глядзіць на тое, што адбываецца, цвяроза. Ён часта паўтараў: «Бедная Польшча!» У той жа час ён крытыкаваў Прусію, Аўстрыю, а ў асаблівасці імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Іосіфа II.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Geograficzno-polityczny atlas Polski расказвае пра палякаў у Беларусі і пра беларусаў у Польшчы

29.12.2022 15:57
Марцін Войцех Соляж з калегамі падрыхтаваў другое выданне Geograficzno-politycznego atlasu Polski, у якім сярод іншага адлюстравана гісторыя Рэчы Паспалітай і вайна ва Украіне.