Беларуская Служба

У Бельведэрскім палацы можна пабачыць выставу «Маратон салідарнасці. Польскі спорт для Украіны»

08.03.2023 09:44
У ёй прадстаўлены фотаздымкі і выказванні спартоўцаў, якія атрымалі магчымасць працягнуць трэніроўкі ў Польшчы.
Адкрыццё выставы ў Бельведэрыфота: Пшэмыслаў Келер/Канцылярыя прэзідэнта

У ёй прадстаўлены фотаздымкі і выказванні спартоўцаў, якія атрымалі магчымасць працягнуць трэніроўкі ў Польшчы, а таксама тых, хто застаўся ва Украіне і займаецца там на разбураных расіянамі аб’ектах. Раней выстава дэманстравалася ў Сэйме, цяпер будзе вандраваць па ўсёй Польшчы.

Прэзідэнт Анджэй Дуда, які ўзяў ганаровы патранат над праектам, падзякаваў прадстаўнікам польскага спорту за тое, што яны адкрылі свой свет спартоўцам з Украіны.

Прэзідэнт падкрэсліў, што выстава – гэта дакумент-гонар дапамогі:

- Вы вырашылі па-спартыўнаму, як гэта адбываецца ў свеце спорту, перамагчы зло дабром. Вы пераўтварылі шляхетнае спартыўнае спаборніцтва ў шляхетную дапамогу тым, хто быў у патрэбе. Дзякую, што вы адкрылі свае сэрцы, спартыўныя аб'екты, свет польскага спорту на патрэбы суседзяў, якія апынуліся ў вельмі складанай сітуацыі.

Алімпійскі чэмпіён 1976 года ў сучасным пяціборʼі Януш Пецяк гаварыў, што такія каштоўнасці, як салідарнасць, супрацоўніцтва і сумленная гульня, маюць вялікае значэнне ў спорце. Ён адзначыў, што ад гэтага супрацоўніцтва выйграюць і польскія спартоўцы:

-Гэта карысць для двух бакоў. Не толькі мы дапамагаем украінскім спартоўцам, але і яны дапамагаюць нам. Яны становяцца спарынгавымі партнёрамі, а мы ведаем, што ўкраінскі спорт знаходзіцца на высокім узроўні. Мы атрымалі нямала карысці ад таго, што ўкраінскія спартоўцы маглі з намі трэніравацца.

Да праекту падключыўся фатограф Мікалай Сынельнікаў, фота якога ў сацсетках публікуе, у тым ліку, прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.

Выставу падрыхтаваў Фонд Інстытута Лукасевіча. Ён фінансуецца Міністэрствам спорту і турызму. З сакавіка выстава будзе вандраваць па ўсёй Польшчы.

ав

Больш на гэтую тэму: Агляд падзей культуры