Беларуская Служба

Праз 300 гадоў пасля смерці Хрыста яго крыж знайшла св. Алена

07.04.2023 11:15
У вернікаў лайцінскага абраду сёння Вялікая пятніца, дзень пакут і смерці Хрыста.
Аўдыё
  • Праз 300 гадоў пасля смерці Хрыста яго крыж знайшла св. Алена
.
Ілюстрацыя.MichaelGaida/pixabay.com/CC0

Амаль праз 300 гадоў пасля смерці Хрыста месца яго пакарання, смерці і пахавання знайшла маці імператара Канстанціна Вялікага – св. Алена. Паводле некаторых паданняў, ёй прысніўся сон, у якім ёй прынеслі Жыватворчы Крыж.

Лёс Алены вельмі моцна звязаны з гісторыяй хрысціянства, расказвае прафесар Моніка Рэкоўская з Інстытуту мастацтвазнаўства:

-Хоць не зусім магчыма вызначыць, калі і пры якіх абставінах адбылося яе навяртанне. Магчыма, гэта было прыкладна ў 313 годзе, калі адбыўся зварот да хрысціянства, што сталася пасля выдання Міланскага эдыкта, які ўвёў свабоду веравызнання. Гэта азначала, што хрысціяне маглі бесперашкодна вызнаваць сваю рэлігію.

Як падкрэслівае прафесар Рэкоўская, Алена была вядомая сваёй пабожнасцю і дабрачыннасцю, як і сам Канстанцін. Аднак варта нагадаць, што Канстанцін Вялікі прыняў хрысціянскую рэлігію на смяротным ложы і прыняў хрост толькі перад смерцю.

У пэўным моманце маці імператара арганізоўвае падарожжа ў Ерусалім. У знакамітае падарожжа св. Алена, паводле летапісцаў, накіравалася ў 325 годзе.

- Падарожжа суправаджаецца гісторыяй, што гэта павінна была быць экспедыцыя з малітвай за няшчаснага сына. Гаворка пра забойства, пры даволі загадкавых абставінах, першынца Канстанціна ад Мінервіны, а потым Фаўсты, другой жонкі імператара. Гэта павінна была быць пілігрымка, дзякуючы якой Канстанцін атрымаў бы ласку провіду, – тлумачыць спецыялістка.

Аднак больш рацыянальным тлумачэннем з’яўляюцца амбіцыі біскупа Ерусаліма Макарыя, які хацеў надаць гораду статус горада смерці і пакут Хрыста.

Гаворачы сённяшняй мовай Алена распачала археалагічныя раскопкі. Былі знойдзеныя тры крыжы. Праблема паявілася ў моманце ідэнтыфікацыі: які з крыжоў быў тым патрэбным.

-Біскуп Макарый запрапанаваў правесці эксперымент. Усе тры крыжы былі занесеныя да цяжка хворай жанчыны. Кожным з іх па чарзе дакраналіся да целы жанчыны. Сапраўдным прызналі той, ад дотыку якога жанчына выздаравела. Ёсць іншая версія ідэнтыфікацыі крыжа. Версія святога Амвросія Медыяланскага і Яна Хрызастома. Вызначэнне крыжа стала магчымым дзякуючы шыльдзе, прыбітай на крыжы над галавою, і гэта дзякуючы ёй Алена развеяла сумневы адносна ідэнтычнасці крыжа, – расказвае прафесар Моніка Рэкоўская.

Пасля таго, як крыж быў знойдзены, імператар Канстанцін прымае рашэнне разбурыць паганскую святыню і на яе месцы збудаваць Храм Гробу Гасподняга. І хоць рашэнне і сродкі паходзілі ад імператара, то традыцыя кажа, што гэта Алена прыклала намаганні для будаўніцтва храму, кажа адмыслоўца:

-Гэта ў ім апынулася частка святога дрэва, для якога быў падрыхтаваны адмысловы срэбны футляр. Таксама ёсць сведчанні пілігрымаў, у прыватнасці з VI стагоддзя, якія пацвярджаюць, што ў галоўнай частцы храма захоўваліся мошчы Святога Крыжа і шыльда з надпісам: «Гэта Кароль іўдзейскі», якая падчас укрыжавання была прыбітая да крыжа.

Фрагмент крыжа Алена выслала сыну ў Рым. Там Канстанцін пабудаваў касцёл Святога Крыжа.
Падчас свайго падарожжа Алене было мінімум 70 гадоў, хоць дакладная дата яе нараджэння невядомая. Што сталася са святой?

-Як сцвярджае Яўсефій Памфіл, вяртаючыся ва ўсёй пышнасці ўлады, як ён піша, Алена была аўтаркай незлічоных добрых учынкаў у дачыненні да жыхароў розных гарадоў і паасобных людзей, даючы ім падарункі. Таксама яна будавала чарговыя, але меншыя касцёлы. Алена памерла ў Нікамедзіі, у горадзе Малой Азіі паміж 327 і 330 годам, ёй было каля 80 гадоў. Яе пахаванне было вельмі ўрачыстым, аднак яе астанкі ў пазнейшым часе былі перавезеныя ў Рым. Іх паклалі ў парфіравым саркафагу, гэта важна, паколькі парфір быў прызначаны толькі найвышэйшым асобам і ўладарам, і быў змешчаны ў маўзалеі на Лабіканскай дарозе.

Праваслаўная традыцыя лічыць, што праз два гады пасля пахавання ў Рыме прах Алены быў перанесены ў Канстанцінопаль, дзе Канстанцінам у храме Апосталаў была створана імператарская пахавальня.

ав

слухайце аўдыё


Больш на гэтую тэму: Багацце веры

У Каталіцкім і пратэстанцкім касцёлах сёння Вялікая пятніца

07.04.2023 11:30
Цэнтральнай падзеяй літургіі Вялікай пятніцы з'яўляецца ўшанаванне Крыжа.