Беларуская Служба

Этнограф Алена Ляшкевіч: Традыцыя валачобніцтва супадае з арэалам рассялення этнічных беларусаў

31.03.2024 10:15
Вялікдзень – вялікае свята ў рэлігійным календары. Пра некаторыя народныя адметнасці яго святкавання сярод каталіцкай супольнасці ў Беларусі мы паразмаўлялі з этнографам Аленай Ляшкевіч.
Аўдыё
  • Каталіцкая традыцыя адзначэння Вялікадня ў Беларусі больш сціплая – каталікі ходзяць да касцёлу, прынята асвячаць стравы, у некаторых рэгіёнах ёсць традыцыя валачобніцтва.
   .
Валачобнікі ў вёсцы Танявічы.Фота: «Новы Час»

Слухайце матэрыял у далучаным файле!

Кожны год Вялікдзень адзначаюць у розныя даты. Вызначаюць дату свята наступным чынам: глядзяць, калі наступіць першая поўня пасля дня вясновага раўнадзенства (21 сакавіка). Найбліжэйшая да гэтай поўні нядзеля і ёсць днём Вялікадня. Калі гэтая дата прыпадае на юдэйскае свята Песах, то Вялікдзень пераносіцца на тыдзень наперад.

Сёлета каталікі адзначаюць Вялікдзень 9 красавіка, а праваслаўныя на тыдзень пазней – 16 красавіка.

Найперш варта адзначыць, што Вялікдзень – свята пазітыўнае ў сваёй сутнасці. Хрыстос уваскрэс, зіма скончылася – свята жыцця, надзеі.

Перад Вялікаднём шчырыя вернікі прытрымліваюцца строгага сямітыднёвага посту. За тыдзень да Вялікадня адзначаецца Вербная нядзеля ці Пальмовая нядзеля, з ёй асацыюецца ўваход Ісуса ў Ерусалім. Асвячаюць галінкі вярбы – «коцікі», а таксама адмыслова зробленыя «вербы». На Гродзеншчыне ў Беларусі гэтыя «вербы» сапраўдны твор мастацтва.

З народных тардыцый у Беларусі ўсім вядомыя завядзёнкі выпякаць паскі і фарбаваць яйкі ў розныя колеры. Адзначым, што каталіцкая традыцыя адзначэння Вялікадня ў Беларусі больш сціплая – каталікі ходзяць да касцёлу, прынята асвячаць стравы, у некаторых рэгіёнах ёсць традыцыя валачобніцтва. У праваслаўных да аналагічных дзеянняў у розных рэгіёнах дадаецца паленне вогнішчаў, паднашэнне крыжу «Еўцы» ды іншае.

Алена Ляшкевіч вылучае традыцыю валачобніцтва – хаджэння па дамам з песнямі, віншаваннямі, за якія гаспадары аддзячваюць пачастункамі.

У Шчучынскім раёне ў вёсцы Танявічы ёсць фальклорны гурт, які акурат і выконвае традыцыйныя валачобныя песні. Кіруе ім Тэрэса Адамовіч. Вёска Танявічы знаходзіцца на самай мяжы з Літвой. Калісьці тут жыло некалькі соцень чалавек, а цяпер засталося толькі пад 20 жылых хат. Усе танявічцы – католікі.

У заходняй Беларусі ў некаторых мясцовасцях на Вялікдзень абыходзяць двары дзеці. Іх завуць «жакамі» ці «жачкамі». У некаторых вёсках яны спяваюць, у іншых – дэкламуюць вершыкі. За гэта дзяцей частуюць слодычамі. 

Звычай валачобніцтва цяпер сустракаецца не часта, але дзе-нідзе ён захаваўся ці ўзноўлены мясцовымі энтузіястамі. Традыцыйна ў валачобнікі хадзілі мужчыны, у апошнія дзесяцігоддзі далучаюцца і жанчыны.

вх