«Гісторыя прамаўляе праз пакаленні» – пад такім лозунгам у чацвер, 13 красавіка, на Нацыянальным стадыёне ў Варшаве распачаўся Кангрэс нацыянальнай памяці.
Гістарычныя дэбаты, гульні, выставы, разнастайныя майстар-класы і кінапаказы - гэта далёка няпоўная праграма трохдзённай імпрэзы, арганізаванай Інстытутам нацыянальнай памяці Польшчы (Instytut Pamięci Narodowej).
Кангрэс невыпадкова распачаўся 13 красавіка, бо ў Польшчы быў Дзень памяці ахвяраў Катынскага злачынства. Прэзідэнт Анджэй Дуда заявіў, што гэта адна з найважнейшых гістарычных дат, прысвечаных аднаму з самых трагічных момантаў польскай гісторыі. Гэта гадавіна публікацыі нацысткай Германіяй, 13 красавіка 1943 года, афіцыйнай інфармацыі аб выяўленні масавых пахаванняў польскіх афіцэраў у Катыні. З красавіка па травень 1940 г. супрацоўнікі НКУС Савецкага Саюза стрэлам у патыліцу забілі амаль 22 тыс. палякаў, захопленых у палон у верасні 1939 г.
У Дзень памяці ахвяр катынскага злачынства кіраўнік польскай дзяржавы сказаў, што падзеі, якія адбыліся ў Бучы і іншых гарадах ва Украіне, нагадваюць катынскія падзеі больш чым 80-гадовай даўніны:
-Гэтыя злачынствы маюць быць справядліва асуджаны. Злачынствы, асабліва мінулага года, учынены расіянамі. Тыя, хто іх учыніў, павінен быць прыцягнуты да адказнасці, каб такія злачынствы больш ніколі не паўтарыліся. Свет абавязаны ўстанавіць, злавіць, судзіць, вынесці прысуд і прасачыць, каб злачынцы панеслі суровае пакаранне.
Калі даводзіцца казаць пра гістарычныя аналогіі з Катынскім злачынствам і злачынствах расійскіх акупантаў ва Украіне, прыгадваюцца вечныя словы класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча: «Хто не памятае мінулага, хто забывае мінулае – асуджаны зноў перажыць яго. Безліч разоў». У тым ліку, каб разарваць гэта замкнёнае кола і ладзяцца імпрэзы кшталту Кангрэс нацыянальнай памяці.
Ён стаў адказам на даследаванне пад назвай «Адукацыя дзеля памяці». З дакументу вынікае, што 59% польскіх школьнікаў і 15% дарослых жыхароў краіны атрымліваюць гістарычныя веды з Інтэрнэту ды камп'ютарных гульняў. Такі стан рэчаў зʼяўляецца выклікам для Інстытут нацыянальнай памяці, лічыць яго кіраўнік Караль Наўроцкі:
-Вялікі патэнцыял Інстытута нацыянальнай памяці – гэта група моладзі і дарослых, якія пасіянарна ставяцца да гісторыі, гэта значыць больш за 50%. Мы перакананыя, што ўласна да гэтай аўдыторыі мы трапна прамаўляем праз музычную сцэну, кінематограф, праз VR. Мы хочам дапамагчы ў стварэнні глыбокага агульнага пачуцця гістарычнай тоеснасці, у тым ліку, праз супольнае пераасэнсаванне гісторыі.
У даследаванні, якое праводзілася пад кіраўніцтвам Кшыштафа Маліцкага з Універсітэта Жэшава, узялі ўдзел шэсць тысяч чалавек з трох прадстаўнічых груп: старшакласнікі, дарослыя старэйшыя за 20 гадоў і настаўнікі гісторыі.
Як адзначае кіраўнік Нацыянальнага Інстытута нацыянальнай памяці Караль Наўроцкі, задача гісторыкаў заключаецца ў тым, каб знайсці спосаб данесці да маладога пакалення ўрокі гісторыі:
-Гэтаму мусяць паспрыяць дататковыя шлях пазнання, якія абапіраюцца на гістарычнай праўдзе. На Кангрэсе нацыянальнай памяці, у якім удзельнічаюць госці з усёй Польшчы і многіх краінаў свету, будзе прадэманстравана, што Інстытут нацыянальнай памяці грунтоўна займацца навуковымі даследаванні, архіўнай справай, пошукам месцаў пахавання ахвяраў таталітарных рэжыму, а таксама выкарыстоўвае для папулярызацыі гістарычных ведаў новыя тэхналогіі і культруна-масавыя мерапрыемствы.
У Кангрэсе нацыянальнай памяці, акрамя панэлі «Адукацыя дзеля памяці», адбудуцца таксама дыскусіі, прысвечаныя пошуку ахвяраў Другой сусветнай вайны, рэпрэсіям і ваенным рэпарацыям.
Мерапрыемства таксама суправаджаецца IV Міжнародным кінафестывалем, прысвечанаму таталітарызмам «Рэха Катыня» (па-польску «Echa Katynia»). «Як штогод, гэта выдатная нагода паглядзець польскія і замежныя фільмы»– кажа дырэктар аддзелу Інстытуту нацыянальнай памяці ў Катавіцах доктар Анджэй Шнайдэр:
-Гэта таксама добрая нагода пазнаёміцца з фільмамі ў тым ліку мастацкімі, хаця ў праграме кінафестывалю, безумоўна, дамінуюць дакументальныя стужкі. Разнастайнасць прадстаўленых карцін сведчыць аб тым, што дагэтуль гэта трагедыя даследаваная не да канца.
Кангрэс нацыянальнай памяці, які працягнецца да суботы 15 красавіка, праходзіць пад ганаровым патранатам прэзідэнта Анджэя Дуды. Адным з галоўных медыйных партнёраў сімпозіуму зʼяўляецца Польскае радыё.
iar/pr/эж