Беларуская Служба

3-4 чэрвеня ў «Willa Decjusza» будзе праходзіць шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных Беларусі

01.06.2023 09:17
Усе яны аб'яднаныя пад назвай «Культура ў эміграцыі». 
.
..

3-4 чэрвеня ў кракаўскім месцы сустрэч «Willa Decjusza» будзе праходзіць шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных Беларусі, пад назвай «Культура ў эміграцыі». Мерапрыемствы будуць праходзіць на беларускай і польскай мовах.

У суботу на працягу ўсяго дня будзе адбывацца Польска-беларускі кірмаш кнігі, запланаваны спектакль для дзяцей «Маленькі прынц» у выкананні беларускага тэатру «Дзеці суседзяў». Гэта аматарскі тэатральны калектыў з Кракава, які быў заснаваны летам 2021 года. Гурт складаецца з актораў з Беларусі і Украіны, якія эмігравалі ў Польшчу ў 2020-2022 гадах. Тэатр працуе на беларускай мове і стварае спектаклі для дзяцей ад 6 да 15 гадоў.

У суботу пройдзе вернісаж беларускай мастачкі Марыі Алены Бонет «Заручыны з морам», спалучаны з музычным выступам Віктара Сямашкі. «Заручыны з морам» – гэта візуальны праект Марыі Алены Бонет, які складаецца з кароткаметражнага фільма і фатаграфічных работ, створаных у рэдка сустраканай сёння тэхніцы гумовага храмата. Праца над праектам пачалася ў 2021 годзе, калі мастачка ў рамках стыпендыі Gaude Polonia пераехала з Беларусі ў Польшчу і пасялілася ў Гданьску.

Увечары пройдзе сустрэча з паэтам Уладзімірам Някляевым, а таксама пісьменніцай і перакладчыцай Ганнай Янкутай.

Другі дзень «Культуры ў эміграцыі» – гэта дэбата пра літаратуру з удзелам прадстаўнікоў беларускага і польскага ПЭНаў. Пасля абеду з чытачамі сустрэнуцца Уладзімір Арлоў, будзе прэзентавацца кніга Таццяны Астроўскай «Культура і супраціў», выдадзеная ПЦ «Вясна».

У межах акцыі салідарнасці, якую праводзіць «Вясна», насупраць «Willy Decjusza» падчас мерапрыемства будуць размешчаны партрэты палітвязняў з іх біяграфіямі.

Закончыцца мерапрыемства этнаканцэртам. Падрабязны план тут.

ав

Больш на гэтую тэму: Агляд падзей культуры