Беларуская Служба

Сёння - дзень нараджэння ксяндза Яна Твардоўскага

01.06.2023 13:50
Менавіта з яго верша «Давайце спяшацца» паходзяць вядомыя ў Польшчы афарызмы – «Спяшаемся любіць людзей, яны так хутка сыходзяць» або «любім яшчэ мала і заўсёды позна».
Кнігі Яна Твардоўскага для дзяцей на беларускай мовефота: radyjo.net

108 гадоў таму – 1 чэрвеня 1915 году – нарадзіўся ксёндз Ян Твардоўскі, паэт і аўтар рэлігійнай лірыкі. Менавіта з яго верша «Давайце спяшацца» паходзяць вядомыя ў Польшчы афарызмы – «Спяшаемся любіць людзей, яны так хутка сыходзяць» або «любім яшчэ мала і заўсёды позна».

Святар шмат гадоў быў пробашчам касцёла сясцёр візітак у Варшаве і выкладчыкам духоўнай семінарыі. Падчас Другой сусветнай вайны ён дапамагаў жыхарам гета, уступіў у Армію Краёвую і падтрымліваў яе дзейнасць, але ў баявых дзеяннях не ўдзельнічаў. Памёр у 2006 годзе.

Ян Твардоўскі выдаў больш за 20 тамоў паэзіі. Сярод іх: «Знакі даверу», «Каханне шукае кахання», «Нябёсы ў добрым настроі», «Не бойцеся кахаць». Вялікай папулярнасцю карыстаюцца таксама зборнікі апавяданняў і анекдотаў, створаныя з разлікам на дзяцей, – «Сшытак у кратку» і «Нештодзённік», а таксама «Буквар ксяндза Твардоўскага для грэшнікаў і святых». Святар пісаў таксама нарысы, анекдоты і апавяданні.

Яго паэзія, адкрытая да разнастайнасці і прыгажосці жыцця, выражае стаўленне, блізкае да францысканскай традыцыі, у салідарнасці з пакутай і слабасцю. Айцец Ян Твардоўскі хацеў, каб яго вершы рабілі свет лепшым:

-Свет атручаны не толькі смеццем і пылам, рассыпаным брудам, але таксама нежаданнем, злосцю, кепскім настроем. Мае вершы даюць добрае надвор’е, цяпло, усмешку, могуць ліквідаваць атруту з атмасферы, могуць нагадваць святога Мікалая, бо могуць даваць радасць нават маленькім падарункам.

Адказваючы на пытанне аб сваёй працы, ён адказваў: «Усё, што ў мяне атрымліваецца, – гэта не мая заслуга. Калі я гляджу на жыццё, у мяне такое ўражанне, што я карыстаўся пастаяннай апекай Бога».

Характэрнай рысай паэзіі ксяндза Твардоўскага з'яўляецца яго захапленне справамі і зʼявамі паўсядзённага жыцця, любоў да прыроды. Паэт падкрэсліваў, што ў сучасных творах «мала свету божага названага імем»:

-Гаворыцца: птушка, кветка, жывёла, але не гаворыцца, якая птушка, якая жывёла, якая кветка. А гэтага столькі ў Міцкевіча, у Ажэшкі. Старое пакаленне столькі ведала пра прыроду, нас інакш вучылі аб прыродзе.

Памёр ксёндз Ян Твардоўскі 18 студзеня 2006 г. Пахаваны ў Пантэоне вялікіх палякаў у храме Божага Провіду ў Варшаве. У 2013 годзе ў Варшаве каля касцёла сясцёр візітак, дзе працаваў ксёндз Ян Твардоўскі, усталявалі помнік у выглядзе лаўкі з фігурай святара. На лаўцы надпіс, які зʼяўляецца фрагментам верша паэта: «Можна сысці назаўсёды, каб заўсёды быць побач».

За сваю дзейнасць Твардоўскі атрымаў вялікую колькасць узнагарод. Твардоўскі пісаў кароткія, простыя вершы, гумарыстычныя, часам з прастамоўнымі словамі і выразамі. Яго творчасць аб’ядноўвае тонкія назіранні за наваколлем і філасофскія рэфлексіі.

Некалькі зборнікаў яго вершаў выйшлі на беларускай мове. Вершы на беларускую мову пераклалі Хрысціна Лялько і Данута Бічэль. Выдавецтва Про Хрысто выдала зборнікі: «Разам з Табою: выбраныя вершы», «Першая камунія з белым бантам», «Ад вуха да вуха: пра ўсмешку і радасць: [апавяданні]», «Вазьмі свой крыж. Разважанні Крыжовага шляху», «Кубак з адным вухам» і некаторыя іншыя.

ав


Больш на гэтую тэму: Багацце веры