Беларуская Служба

«Над Нёманам» Элізы Ажэшкі выбраны чытвом на Нацыянальнае чытанне ў Польшчы

07.06.2023 09:17
Раман апісвае панараму беларуска-польскага жыцця ў ваколіцах Гродна і Вільні пасля паўстання 1863–1864 гадоў. 
Аўдыё
  • «Над Нёманам» Элізы Ажэшкі выбраны чытвом на Нацыянальнае чытанне ў Польшчы
.
..

Матэрыялам 12-га Нацыянальнага чытання абраны раман Элізы Ажэшкі «Над Нёманам». Раман апісвае панараму беларуска-польскага жыцця ў ваколіцах Гродна і Вільні пасля паўстання 1863–1864 гадоў. Упершыню раман друкаваў часопіс «Tygodnik Ilustrowany» (Ілюстраваны штотыднёвік) у нумарах ад студзеня да снежня 1887 года. Асобнай кніжкай твор выдадзены ў 1888 годзе.

На беларускую мову раман упершыню перакладзены Анатолем Бутэвічам у 2003 годзе (выдавецтва «Мастацкая літаратура»).

Кожны год падчас кампаніі «Нацыянальнага чытання» палякі чытаюць творы, якія складаюць канон польскай літаратуры. Патранат над падзеяй штогод бярэ прэзідэнт Анджэй Дуда. Ён напісаў:

«Гэта атмасферная кніга, напісаная каларытнай мовай, і ў той жа час адметная ў сваім патрыятычным пасыле. Бо яе аўтар не толькі малюе шырокую панараму родных земляў, не толькі набліжае фальклор і шляхецкія звычаі, але і вельмі выразна ўспамінае гісторыю Польшчы, а праз тэму Студзеньскага паўстання, 160-годдзе якога мы святкуем сёлета, яна выдатна адлюстроўвае перажыванні, эмоцыі і дылемы сучасных палякаў. Дзякуючы гэтаму вобраз незалежніцкага паўстання, якое выбухнула ў 1863 годзе супраць царскіх захопнікаў, назаўсёды звязаўся з гэтай кнігай, а сам раман замацаваўся ў свядомасці як сапраўдны эпас польскага лёсу», – напісаў прэзідэнт Анджэй Дуда ў лісце, у якім заахвочвае да ўдзелу ў Нацыянальным чытанні.

«Над Нёманам» – самы вядомы раман Элізы Ажэшкі (1886–1887). За каларытнасць апісання, выразнасць герояў і шматлікія гістарычныя спасылкі твор параўноўвалі з «Панам Тадэвушам» Міцкевіча. Твор карыстаўся вялікай папулярнасцю ў Другой Польскай Рэспубліцы. У 1939 годзе была завершана экранізацыя рамана, але карціна была страчана падчас Другой сусветнай вайны. Наступны фільм быў зняты ў сярэдзіне 1980-х.

Акцыю «Нацыянальнае чытанне» арганізуе прэзідэнт Рэспублікі Польшча з 2012 года. Яе пачатак паклала чытанне «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча. Сёлета Нацыянальнае чытанне адбудзецца ў суботу, 9 верасня.

ав

Больш на гэтую тэму: Агляд падзей культуры