Беларуская Служба

У Лодзі пройдзе выстава беларускіх фатографаў

14.06.2023 12:45
У рамках лодзінскага фестывалю пройдуць Месяц фатаграфіі ў Мінску і Odesa Photo Days — фестывалі, якія з-за вайны ва Украіне і рэпрэсій беларускага рэжыму не змаглі правесці ў звычайным рэжыме. 
.
.congerdesign/pixabay.com/CC0

Апошнія тэндэнцыі ў сучаснай фатаграфіі і культавыя працы Крыса Нідэнталя будуць паказаны ў Лодзі. Гледачы 22-га Міжнароднага фестывалю фатаграфіі змогуць пазнаёміцца з самым цікавым у гэтай галіне мастацтва з 15 па 25 чэрвеня ў двух фестывальных цэнтрах – Art_Inkubator на Fabryka Sztuki ў Лодзі і OFF Piotrkowska Center.

Ужо з чацвярга можна будзе глядзець выставу з асноўнай праграмы пад назвай «Надзея». «Нас натхнілі словы амерыканскай пісьменніцы і актывісткі Рэбекі Солніт пра тое, што «надзея патрабуе дзеяння; дзеянне немагчыма без надзеі». Мы запрасілі творцаў, якія прадстаўляюць розныя формы супраціву, падтрымкі і супрацоўніцтва ва Усходняй і Заходняй Еўропе, у Паўднёвай Амерыцы і Блізкім Усходзе», — падкрэсліў Кшыштаф Цандровіч з калектыву фестывалю.

У рамках лодзінскага фестывалю пройдуць Месяц фатаграфіі ў Мінску і Odesa Photo Days — фестывалі, якія з-за вайны ва Украіне і рэпрэсій беларускага рэжыму не змаглі правесці ў звычайным рэжыме. Агульная мэта - падтрымка ўкраінскіх і беларускіх фатографаў.

Выстава беларускіх фатографаў пройдзе пад назвай «Дзесьці паміж». Яна адчыніцца 17 чэрвеня і будзе працаваць да 25 чэрвеня па адрасе OFF Piotrkowska, Piotrkowska 138/140.

«Мы знаходзімся дзесьці паміж: паміж гістарычнымі эпохамі, паміж магчымасцямі, паміж марамі — мы ўжо не знаходзім ні апоры ў мінулым, ні здольных зрабіць крок наперад. Здаецца, будучыні ў нас няма. У нас няма перспектываў. На гарызонце відаць мала — усё ахутана туманам, размыта. Мімалётныя моманты і чаканне сталі сутнасцю нашага існавання. Нашы вялікія планы і мары зменшыліся - яны цяпер звычайныя, нявызначаныя і далікатныя. Надзея згасае і растае… дзесьці паміж», - чытаем у афішы прац беларускіх фатографаў.

На выставе паявяцца працы: Машы Святагор, Аляксандра Васюковіча, Аляксандра Зянковіча, Андрэя Шкiлёнка, Кацярыны Кузьмічовай, Пашы Крычко, Макса Шведа, Вiталя Стужкі, Міхаіла Мішука, Яўгена Атцецкага, Канаплёва+Лейдзік, Веры Мірскай, Беларускага Клімату і некаторых інш.

Інфармацыю пра ўсе раздзелы праграмы фестывалю можна знайсці на сайце www.fotofestiwal.com.

ав

Больш на гэтую тэму: Агляд падзей культуры