Беларуская Служба

Музычны ўрок польскай мовы: Kathia з кампазіцыяй «Lekka jak powietrze»

22.06.2023 15:52
Музыкантка рыхтуе свой першы кампакт-дыск.
Аўдыё
Kathia.
Kathia.фота: mat. promocyjne/Universal Music Polska

Сёння я хачу вам прадставіць маладую пяснярку, якая зусім нядаўна пачала сваю музычную дзейнасць, але ўжо рыхтуецца выдаць сваю першую кружэлку. Нягледзячы на маладосць, Каця (псеўданім Kathia, сапраўднае імя Katarzyna Pólroczniak) мае даволі багаты досвед, паколькі яна ўжо шмат выступала, праўда, не на прафесійнай сцэне, а ў прыватных дамах з канцэртамі.

21-гадовая Каця родам з Познані, яна сама піша надзвычай кранальныя песні. Артыстка ўжо паспела заявіць пра сябе шырокай аўдыторыі. У Польшчы шмат жанчын, якія пішуць тэксты, музыку і выконваюць песні, таму Каці ёсць на каго раўняцца, яна называе сярод сваіх фаварытаў Кору, Наталлю Пшыбыш, Касю Лінц і Катажыну Насоўскую з гуртом Hey.

Выканаўца пачала сваю прыгоду са сцэнай у пачатковай школе, хаця ў той час гэта была больш забава. З тых часоў Каця працягвае пісаць песні. «Я сачыняю на гітары ці піяніна, у залежнасці ад таго, што мне больш падабаецца ў дадзены момант», – распавяла яна падчас візіту ў студыі Польскага радыё.

У адной з размоў Каця адзначыла, што ёй не трэба слухаць, што кажуць суседзі ці пра што гавораць людзі ў аўтобусе ці трамваі, таму што яна піша песні пра сябе. У кампазіцыях пясняркі гучыць шмат болю і смутку, але яна не лічыць сябе сумным чалавекам. «Людзі звычайна мне кажуць, што я – сонечны чалавек. Я заўсёды гэта падкрэсліваю, каб потым не казалі, што з людзьмі, якія слухаюць мае песні, нешта не так», – адзначыла яна.

Зараз артыстка працуе над дэбютным альбомам. А я прапаную паслухаць песню, якая называецца «Лёгкая як паветра» (Lekka jak powietrze). Гэта трэці сінгл Каці – як яна сама адзначае, гэта крык аб дапамозе, але крык, скіраваны да самой сябе. Як і ўся творчасць выканаўцы, гэта вельмі асабістая песня, глыбока кранальная, прасякнутая эмоцыямі, імкненнем вярнуцца да спакойнага жыцця, як яна кажа, вярнуцца да сябе. «Калі я пісала «Лёгкая, як паветра», я крычала да сусвету, але ўсё, што выходзіла з майго цела, было толькі слабым шорахам. Гэта жаданне вярнуцца да сябе, да стану без страху і штодзённага, бездапаможнага крыку на рэчаіснасць. Гэта стан, які доўжыцца месяцамі, так што вы амаль забываеце, як выглядала ваша цела раней» – так пяснярка апісала працу над кампазіцыяй.

 

Niezmiennie tego szukam

Wszędzie naprzemiennie zimna

Trudna smutna od miesięcy

Chcę trzymać znowu z tobą

Bez napięcia w ciele

Chcę patrzeć gdzieś daleko i mieć pewność,

Że będziemy patrzeć razem

Chcę być lekka jak powietrze

Z tobą lekka jak powietrze

Lekka jak powietrze

Razem lżejsi niż powietrze

Daj z powrotem nam nas…

Я несупынна гэта шукаю. Паўсюль. Кантрастна халодная, цяжкая, сумная. Ужо шмат месяцаў я хачу зноў быць з табой. Без напружання ў целе. Я хачу глядзець кудысьці далёка і быць упэўненай, што мы будзем глядзець разам. Я хачу быць лёгкай, як паветра. З табой лёгкай, як паветра, Лёгкай, як паветра. Разам лягчэйшыя за паветра. Аддай назад нам нас. Вярніце нам нас. Дай нам нас...

Niezmiennie tego szukam – я пастаянна, без перапынку гэта шукаю. Я хачу звярнуць увагу нашых слухачоў на канструкцыю словазлучэння з выразам шукаць па-польску. Палякі кажуць szukać czego – шукаць чаго, а не шукаць што, як гавораць беларусы, відаць, у вялікай ступені пад уплывам расійскай мовы. Прыклад – szukam pracy, szukam domu – я шукаю працу, шукаю дом. І яшчэ адна заўвага – ёсць два вельмі падобныя словы, якія можна лёгка пераблытаць, але яны маюць зусім рознае значэнне. Выраз niezmiennie азначае без зменаў, без перапынку, а niezmiernie – гэта вельмі, надзвычайна, напрыклад niezmiernie się cieszę – я надзвычайна задаволены, вельмі цешуся.

Naprzemiennie zimna – папераменна халодная або кантрастна халодная. Можа быць таксама naprzemienny prysznic (або tusz, natrysk) – гэта кантрастны душ, раз халодны, раз цёплы.

Trudna – гэта складаная. Часта палякі кажуць trudno, але не заўсёды гэта азначае толькі “складана”. Калі вы будзеце ў Польшчы або будзеце размаўляць з палякам, то з вялікай дозай верагоднасці пачуеце гэтае слова, якое ўжываецца тады, калі чалавек хоча паказаць, што ён не злуецца, хаця нешта ідзе не так, як ён бы хацеў. Прыклад:

Może pójdziemy jutro do kina? – Можа, пойдзем заўтра ў кіно.

Niе, nie mogę, mam dużo pracy – Не, я не магу, у мяне шмат працы.

No, trudno, pójdziemy kiedy indziej – Ну, што ж (дый і ладна), пойдзем у іншы раз.

Od miesięcy chcę trzymać z tobą – я шмат месяцаў хачу быць з табой. Trzymać з кімсьці – гэта быць з ім, згаджацца, сябраваць з ім, але не быць разам у інтымным сэнсе, так не скажуць пра пару, а пра сяброў, калег.

нг

Больш на гэтую тэму: Музычны ўрок польскай мовы