Беларуская Служба

Музычны ўрок польскай мовы: Анна Сакалоўска з кампазіцыяй «Паветраны змей і лакаматыў»

13.07.2023 17:49
Анна Сакалоўска (Алабрудзінска) – спявачка, аўтарка песень, кампазітарка.
Аўдыё
Anna Sokołowska.
Anna Sokołowska.фота: TVP / Forum

Сёлета на Фестывалі польскай песні ў горадзе Аполе падчас прэм’ернага конкурсу выступіла Анна Сакалоўска (Anna Sokołowska), якая вядомая таксама пад псеўданімам A.S.A. яна праспявала песню «Ты са мной». Для артысткі гэта быў другі выступ на апольскай сцэне, куды яна вярнулася праз два гады перапынку.

Анна Сакалоўска (Anna Sokołowska, Alabrudzińska) – спявачка, аўтарка песень, кампазітарка. Вучылася ў Музычнай акадэміі імя Караля Шыманоўскага ў Катавіцах, закончыла таксама Варшаўскі ўніверсітэт, факультэт паланістыкі. Яна з'яўляецца лаўрэатам шматлікіх фестываляў і музычных конкурсаў, супрацоўнічае з многімі тэатральнымі сцэнамі Польшчы. Некалькі гадоў была салісткай Сабат-тэатра, спявала ў тэатры Малгажаты Патоцкай, выконвае кампазіцыі, да якіх словы напісаў, у прыватнасці, яе дзядзька Ян Навіцкі.

Нарадзілася спявачка ў невялікай мясцовасці Коваль. Калі вучылася ў сярэдняй школе, паралельна атрымлівала музычную адукацыю ў класе флейты, раз у тыдзень ездзіла ў Варшаву на заняткі ў вакальную студыю пры тэатры «Buffo». Анна кажа, што менавіта тады прыняла рашэнне звязаць сваё жыццё з музыкай, паступіць у Музычную акадэмію ў Катавіцах.

Вакалістка кажа, што і яна, і яе бацькі заўсёды адчувалі пэўную трывогу з-за сітуацыі, што цяжка будзе зарабляць на жыццё адной музыкай. Таму яны вырашылі, што Анна будзе паралельна вывучаць польскую філалогію ў Варшаўскім універсітэце. На паланістыцы яна атрымала спецыяльнасць лагапедыя і медыя. У дыпломнай рабоце яна пісала пра тэксты ў песнях і працэс іх напісання, так што гэтая тэма была непасрэдна звязана з яе хобі, а цяпер ужо і працай. Як прызнаецца сама спявачка, ёй не было лёгка сумяшчаць два факультэты, але яна не шкадуе, што ўзяла на сябе гэтыя цяжкасці.

А сёння я вам прапаную песню ў выкананні Анны Сакалоўскай, якую адны назавуць дзіцячай, а іншыя філасафічнай. Кампазіцыя называецца «Latawiec i lokomotywa» (Паветраны змей і лакаматыў).

On okrakiem na tęczy, jego przestrzeń nie męczy

Został po nim na niebie tylko ślad

Już nie widać go prawie, gdzieś odfrunął latawiec

Co porywa go byle, byle wiatr

Ja wśród pól, wśród ugorów, twardo trzymam się torów

We mnie mrozy i deszcze i grad

Z ociężałą dobrocią tak się turlam jak pociąg

Dzielnie wlokę się za nim przez świat

Latawiec i Lokomotywa,

Symbioza prawie niemożliwa – tak bywa

 Z perspektywy sokoła czasem do mnie zawoła

Kurtuazji manna z nieba w dół

Gdy zadyszka pozwoli, coś odkrzyknę z tych dolin

Niosąc głowę przy ziemi jak muł

Czasem nos go zawiedzie, jest jak dzieciak w tej biedzie

Że świat nie chce grać z jego nut

Mnie nie grozi frustracja, staję tylko na stacjach

Biorę węgiel i ruszam, ruszam wprzód

Latawiec i Lokomotywa Symbioza prawie niemożliwa – tak bywa...


Вярхом на вясёлцы сядае, прастор яго не стамляе, ад яго ў небе застаўся толькі след. Ужо амаль не відаць, кудысьці паляцеў паветраны змей. Любы вецер яго зносіць. А я сярод палёў, сярод залежаў трымаюся каляін. У мяне маразы і дажджы, і град. З цяжкой дабрынёй я качуся наперад, як цягнік. Я цярпліва цягнуся за ім па свеце. Паветраны змей і лакаматыў, сімбіёз амаль немагчымы – вось так бывае.

Паветраны змей і лакаматыў. З перспектывы сокала часам кліча мяне ветлівая манна нябесная. Калі дыханне дазволіць, я крыкну што-небудзь у адказ з даліны, трымаючы галаву блізка ад зямлі, як мул. Часам нос яго падвядзе, ён як дзіця ў гэтай бядзе, што свет не хоча граць паводле яго нотаў. Мне не пагражае расчараванне, я спыняюся толькі на станцыях. Бяру вугаль і рухаюся наперад.

Паветраны змей і лакаматыў, сімбіёз амаль немагчымы – так бывае...

Okrakiem na tęczy – вярхом на вясёлцы. Okrakiem – так кажуць, калі нехта сядзіць, трымаючыся чагосьці або кагосьці нагамі, як правіла okrakiem сядзяць на кані, але можна сесці так і на крэслы.

Odfrunął latawiec – адляцеў паветраны змей. Frunąć – гэта значыць лёгка ляцець, як птушка.

Porywa go byle wiatr – зносіць яго кожны вецер. Porywać, porwać – гэты дзеяслоў можа мець рознае значэнне. У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра вецер, які зносіць, нясе паветранага змея, але ён таксама можа азначаць захоп чалавека або самалёта.

Dziecko zostało porwane przez nieuwagę rodziców – Дзіця было выкрадзена з-за адсутнасці ўвагі бацькоў. Porwanie samolotu jest ciężkim przestępstwem – Захоп самалёта – гэта цяжкае злачынства.

Trzymam się torów – я трымаюся каляіны (гаворка ідзе пра чыгуначную каляіну). Калі ўжо пайшла гаворка пра тор (гэта вызначаная траса для нейкага транспартнага сродку), то я хачу прывесці адзін цікавы фразеалагізм. Палякі часам кажуць jechać po bandzie. Даслоўна гэта азначае «ехаць па бар’еры, па сценцы, які аддзяляе паласу гонак», калі гаворка ідзе пра аўтамабільныя або іншыя гонкі. А пераноснае значэнне – моцна рызыкаваць.

нг

Больш на гэтую тэму: Музычны ўрок польскай мовы