Беларуская Служба

Ва ўзросце 56 гадоў памерла славутая ірландская спявачка Шынейд ОʼКонар

27.07.2023 13:18
ОʼКонар была аўтаркай шматлікіх музычных хітоў, але і скандалаў.
 .
Шынейд О'Конар.фота: PAP/EPA/Marton Monus

Польскія выданні, між іншым Onet. Muzyka інфармуюць пра смерць славутай ірландскай пясняркі Шынейд ОʼКонар. Спявачцы было 56 гадоў. Ужо раней у яе былі праблемы псіхічнага характару. Прычыны смерці не паведамляюцца.

ОʼКонар была аўтаркай шматлікіх музычных хітоў, яе кампазіцыя «Nothing Compares 2U» (Нішто не зраўняецца з табой) застаецца адной з самых папулярных песняў поп-музыкі ўсіх часоў. Аднак з цягам часу слава музыканткі перастала грунтавацца толькі на яе музычнай дзейнасці, а пачала падсілкоўвацца таксама шматлікімі скандаламі. Напрыклад, ОʼКонар публічна парвала фатаграфію папы рымскага Яна Паўла ІІ, што было яе пратэстам супраць злоўжыванняў у каталіцкім касцёле. Дарэчы, яна сама перажыла ў дзяцінстве шмат насілля над сабою, у тым ліку ад яе ўласнай маці.

Праз шмат гадоў пяснярка згадвала, што жыць пад апекай маці (Мары ОʼКонар) было сапраўдным кашмарам. Жанчына, якая пакутавала ад псіхічнага расстройства, злоўжывала алкаголем, здзекавалася над дачкой. У пачатку 2022 года свет назіраў велізарную драму ў жыцці спявачкі. ОʼКонар прасіла дапамагчы знайсці яе сына Шэйна ў сацыяльных сетках. Неўзабаве пасля яе звароту 17-гадовы падлетак быў знойдзены мёртвым, ён здзейсніў самагубства. Смерць дзіцяці была вялізнай траўмай для ОʼКонар, ёй была патрэбная псіхіятрычная дапамога. Яна ніколі да канца не прыйшла ў сябе, заяўляла, што «пойдзе па слядах сына».

нг