Беларуская Служба

Памяць, адукацыя і дапамога – гэта тры слупы, на якіх будуецца грамадская кампанія па ўшанаванні памяці пра Варшаўскае паўстанне

08.08.2023 14:15
Сёлета гэта 79 гадавіна, а штогод палякі згадваюць падзеі Варшаўскага паўстання з пачатку зрыву 1 жніўня да 2 кастрычніка, які лічыцца канцом гэтай падзеі.
Аўдыё
  • Памяць, адукацыя і дапамога – гэта тры слупы, на якіх будуецца грамадская кампанія па ўшанаванні памяці пра Варшаўскае паўстанне
Сімвал Варшаўскага паўстання на польскім сцягу PAP/Andrzej Lange

79 гадоў таму пачалося паўстанне супраць жорсткай нямецкай акупацыі ў надзеі вызваліць горад да прыходу Чырвонай Арміі. Паўстанцы прайгралі, немцы знішчылі польскую сталіцу. Памяць пра тыя падзеі жыве, а палякі надаюць гэтаму вялікае значэнне.

Ушанаванне памяці і пашырэнне ведаў пра Варшаўскае паўстанне мае разнастайную форму і працягваецца два месяцы, столькі ж колькі ішло паўстанне. Свой унёсак робіць таксама Польскае радыё. На нашых хвалях штодзённа гучыць хроніка падзей.

Апошняя перадача «Błyskawica» выйшла ў эфір увечары 4 кастрычніка 1944 года, пасля разгрому паўстання. Адразу пасля гэтага радыёстанцыю знішчылі, каб не трапіла ў рукі акупанта.

Адной з найбольш вядомых і маштабных акцый па ўшанаванні памяці Варшаўскага паўстання з’яўляецца кампанія «ГеройЁн – уключы гісторыю!» (арыг.: BohaterON – włącz historię). Сёлета акцыя праходзіць восьмы па ліку раз. Яна нарадзілася як акцыя пісання лістоў паўстанцам, а ў выніку перарадзілася ў рознабаковую кампанію папулярызацыі ведаў пра паўстанне, але і дапамогі паўстанцам, якія яшчэ засталіся ўжывых.

Арганізатарка Агнешка Лэсюк-Краеўска гаворыць, што кожны выпуск кампаніі ўключае новыя элементы, але сёлетняя акцыя з’яўляецца выключнай:

-Штогод паяўляецца нешта новае, але думаю, што супольным элементам усіх кампаній з’яўляюцца тры сферы дзейнасці: памяць, адукацыя і дапамога. Я з поўнай адказнасцю магу сказаць, што гэта самая буйная адукацыйная праграма, але і акцыя дапамогі варшаўскім паўстанцам. Гэта вельмі важна. Нельга забываць, што яны надалей знаходзяцца сярод нас. Мы павінны паказваць ім, на колькі яны для нас важныя. Дзесяць гадоў таму, калі мы пачыналі, былі не цэлыя пяць тысяч паўстанцаў, сёння сярод нас каля 500 чалавек у Польшчы і замежжы. Гэта час, каб паказаць, чым для нас з’яўляецца Варшаўскае паўстанне і тое, што яны для нас зрабілі 79 гадоў таму.
Сёлетні выпуск з’яўляецца выключным, паколькі не закончыцца як заўжды 2 кастрычніка, а будзе працягвацца да наступнага году, да 80 гадавіны пачатку Варшаўскага паўстання. Ужо пакліканы грамадскі камітэт па справе ўшанавання 90 гадавіны Варшаўскага паўстання.

Кампанія «ГеройЁн – уключы гісторыю!» нарадзілася як акцыя пісання лістоў паўстанцам. Паўстанцы атрымлівалі іх сотнямі:

-Мы слухаем нашых герояў і ведаем, што яны ўжо не могуць атрымліваць дзясяткі, сотні паштовак, паколькі яны не ў стане на іх адпісваць. У сувязі з гэтым узнікла віртуальнае месца памяці dumnizpowstancow.pl. Гэта амаль 40 тысяч упісаў, цудоўных фільмікаў, песень, здымкаў, дададзеных на старонку. Там ёсць незакончаны каталог ідэй, якія мы будзем развіваць да 90-годдзя Варшаўскага паўстання. Гэта ідэі на малыя, сярэднія і вялікія праекты звычайных людзей, але і муніцыпальных уладаў. Мы заахвочваем напісаць нешта ў сацсетках, вывесіць сцяг. Таксама мы заахвочваем адшукаць паўстанцаў, якія жывуць па-за Варшавай, у розных раёнах Варшавы. Зрабіць тэматычны мурал, звязаны з будучым годам. Каб падтрымліваць гэтую памяць, апекавацца магіламі, зладзіць адукацыйную праграму.

Паштоўкі паўстанцам можна адпраўляць і ў гэтым годзе: у віртуальным месцы памяці на адмысловай старонцы, а пры жаданні можна аддаць даніну павагі героям паасобку і даслаць паведамленне канкрэтнаму чалавеку ці групе людзей.

Кампанія «ГеройЁн – уключы гісторыю!» рэалізуецца з 2016 года дзвюма ўроцлаўскімі арганізацыямі: фондам «Sensoria» і фондам «Generation of Columbus», якія ў сваёй дзейнасці кіруюцца лозунгам: Памяць-Адукацыя-Дапамога.

ав

слухайце аўдыё