Беларуская Служба

Музычны ўрок польскай мовы: Эва Фарна прапануе рабіць, што падабаецца, не зважаючы на погляды іншых

24.08.2023 17:10
Польска-чэская пяснярка нарадзілася ў сям’і палякаў з Чэхіі.
Аўдыё
Ewa Farna
Ewa Farnamateriały promocyjne

Асобы, якія жывуць на памежжы розных культур, часта дабіваюцца шмат у жыцці. Уплыў іншай культуры як правіла ўзбагачае чалавека, пашырае яго гарызонты. І такім прыкладам можа быць польска-чэская пяснярка, якая паходзіць з сям’і палякаў з Чэхіі.

Эва Фарна (Ewa Farna сапраўднае прозвішча Эва Хобат) нарадзілася ў 1993 годзе ў мясцовасці Тршынец у Чэхіі, а расла ў чэскай вёсцы Вендрынье. Бацькі Эвы – палякі, але дома размаўлялі на мясцовай цешынскай гаворцы. Што цікава, бацькі дзяўчыны ніякім чынам не былі звязаныя з прафесійнай музычнай сцэнай, яны зараблялі на жыццё, гандлюючы валютай у абменніку.

Затое Эва з дзяцінства цікавілася музыкай, прымала ўдзел у розных конкурсах і праслухоўваннях, але, відаць, не было ў яе мары пра сцэнічную кар’еру, паколькі доўгі час займалася спортам, была лыжніцай, а вучыцца ў ВНУ пайшла на юрыдычны факультэт у Варшаўскім універсітэце. Праўда, пасля піершага курсу кінула вучобу. На музычным рынку ў Чэхіі яна дэбютавала ва ўзросце 13 гадоў, на польскім рынку выдала першую кружэлку, маючы 14 гадоў. Польская кружэлка была перакладам яе чэскай версіі.

І з таго часу Эва рэгулярна выдае сінглы, а вось у выдачы кружэлак быў перапынак. Справа ў тым, што ў жыцці Эвы здарыліся важныя падзеі, яна стала мамай, у яе нарадзіліся сын, а пазней дачка. Спявачка называе мацярынства самай важнай роляй у сваім жыцці. «Погляд на жыццё крыху змяніўся. Само жыццё прымусіла мяне запаволіцца: пабыць з сабой і дзецьмі», – сказала Эва Фарна ў эфіры Польскага радыё і дадала, што дзякуючы дзецям яна перажывае сваё жыццё нанова, акрамя таго, яна пасталела.

На працягу некалькіх гадоў Эва Фарна старалася шырока закранаць тэму ўспрымання сябе, казала, каб прымаць сваё цела такім, якое яно ёсць. Яна выступае супраць пагоні за такой фігурай і выглядам, якія падабаюцца іншым і адпавядаюць канонам, прадстаўленым у сацыяльных сетках.

З нагоды свайго юбілею, 30-годдзя, выканаўца запісала песню пад назвай «Partner in Crime», яна грае канцэрты ў Празе і Варшаве. І менавіта гэтую кампазіцыю пад ангельскай назваю, але на польскай мове, я прапаную вашай увазе. Даслоўны пераклад загалоўку – «Партнёр у злачынстве», хаця тут гаворка ідзе не пра класічнае злачынства, а хутчэй пра тое, каб рабіць нешта, што падабаецца нам, а не іншым.

Zgasły wszystkie lampy
Pora iść spać
Ale mnie dziś nie obchodzi
What have to be done

Nie chcę się tłumaczyć
Nie będę czuć się źle
Za to, że nareszcie
U mnie jest okay

A niech sobie piszą
To omija mnie
Ma to vibe
Chyba mówię ma to vibe
Nawet nie wiem, co to znaczy
A, ważne że dobrze nam

Ej, czasem tak mam
Że kusi mnie ten
Zakazany smak
No i co
Wiem, ty też tak masz
My partner in crime
Ja mam cały plan
Za mną chodź

Do dna wszystkie lampki
Nie chcę iść spać
Dalej będę tańczyć
Chociaż na językach ciągle ja

Niech każdy myśli i mówi to, co chce
I niech każdy nosi, to co uniesie
Powiedz mi, co czujesz
Nie obrażę się

Усе лямпы пагаслі, час ісці спаць, але сёння мне ўсё роўна, што трэба зрабіць. Я не буду апраўдвацца. Я не буду адчуваць сябе дрэнна. Бо ў канцы канцоў са мной усё ў парадку.

Хай пішуць, мне ўсё роўна, вось гэта класна. Здаецца, кажуць на гэта вайб. Я нават не ведаю, што гэта значыць. А важна тое, што нам добра.

Гэй, часам са мной так бывае, што мяне спакушае гэты забаронены смак. Ну і што, я ведаю, што з табой так таксама бывае. Мой партнёр па злачынстве. У мяне ёсць план, хадзі са мной.

Да дна ўсе келішкі, я не хачу класціся спаць. Я буду працягваць танцаваць, хаця ўсе пляткараць пра мяне. Няхай кожны думае і гаворыць, што ён хоча, і няхай кожны апранае тое, што яго падыме. Скажы мне, што ты адчуваеш, я не буду крыўдаваць.


Ale mnie dziś nie obchodzi – гэта словазлучэнне, якое вельмі часта можна пачуць з вуснаў палякаў. Яны так кажуць, калі імкнуцца паказаць, што іх меркаванне важнейшае, чым погляды іншых людзей. «Мяне гэта не цікавіць, мне ўсё роўна, што іншыя думаюць».

Сzasem tak mam – часам са мной так здараецца, часам са мной так бывае. Таксама папулярны гутарковы зварот.

Do dna wszystkie lampki – да дна ўсе келішкі. Выраз lampka можа мець некалькі значэнняў. Гэта як малая лямпа, напрыклад, настольная, так і келішак для віна. Тут маецца на ўвазе гэтае другое значэнне. Так што, калі афіцыянт у польскім рэстаране спытае вас, ці жадаеце lampkę wina, будзеце ведаць, што ён прапануе вам келіх віна. Ёсць таксама слова kieliszek, менавіта яно было першым для названня посуду, з якога пілі алкаголь. Слова lampka ў дадзеным значэнні пачалі ўжываць прыкладна 150 гадоў таму, дзякуючы вынаходніцтву польскага фармацэўта Ігнацы Лукасевіча – керасінавай лямпе. Яна па форме была падобная да келішкаў для віна, і паступова прыжылася менавіта такая назва посуду для віна – лямпка. Дарэчы, калі вас хтосьці запрашае «na lampkę wina», не разумейце даслоўна. Гэта проста значыць, што ён запрашае вас да сябе ў госці.

Chociaż na językach ciągle ja – być na językach – гэта значыць «быць аб’ектам пляткарства», які іншыя людзі пастаянна абгаворваюць.

нг


Больш на гэтую тэму: Музычны ўрок польскай мовы