Беларуская Служба

Гісторык Яраслаў Грыцак: Каб утварылася Украіна, зрэшты, як і Беларусь, Расія, павінна была быць зруйнавана старажытная Русь

28.09.2023 15:02
Вядомы ўкраінскі гісторык Яраслаў Грыцак лічыць, што ўкраінцам мала галушак і песень — ім патрэбна ўласная культура і дзяржава.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Я.Грыцак пра гісторыю Украіны
                  Ukraina. Wyrwać się z przeszłości.
У выдавецтве кракаўскага Міжнароднага цэнтра культуры ў перакладзе на польскую мову выйшла кніга вядомага ўкраінскага гісторыка Яраслава Грыцака Ukraina. Wyrwać się z przeszłości.https://www.facebook.com/photo.php?fbid=678377927655560&set=pb.100064500772237.-2207520000&type=3&locale=pt_PT

У выдавецтве кракаўскага Міжнароднага цэнтра культуры ў перакладзе на польскую мову выйшла кніга вядомага ўкраінскага гісторыка Яраслава Грыцака Ukraina. Wyrwać się z przeszłości («Украіна. Вырвацца з мінулага»). На 600 старонках апавядаецца гісторыя краіны, лёс якой шчыльна звязаны з Беларуссю і Польшчай — з часоў старажытнай Русі, Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.

Яраслаў Грыцак раіць прачытаць сваю кнігу Ukraina. Wyrwać się z przeszłości не толькі палякам, для якіх яна перакладзена, але і беларусам, у т.л. тым, якія жывуць у Польшчы.

Яраслаў Грыцак: — Мой тэзіс заключаецца ў тым, што каб утварылася Украіна, зрэшты, як і Беларусь, і Расія, павінна была быць зруйнавана старажытная Русь. Бо гэта Русь не мела ў сабе нічога нацыянальнага. Гэта была звычайная сярэдневяковая мультыэтнічная імперыя з чужой элітай, з рознымі вераваннямі.

І таму ўся спрэчка пра тое, ці з'яўлялася Русь украінскаю ці расійскаю дзяржаваю, не мае сэнсу. Бо яна не была ні ўкраінская, ні расійская, і нават дзяржавай яе нельга назваць. Бліжэйшае, што да яе падобна — гэта імперыя Каралінгаў, Свяшчэнная Рымская імперыя, якая ахоплівала тэрыторыі сучасных Францыі, Германіі і Італіі. Але наўрад ці сучасныя французскія ці нямецкія гісторыкі будуць спрачацца, ці была імперыя Каралінгаў французскай ці нямецкай дзяржавай. Штосьці падобнае мы маем і ў выпадку Украіны.

Але паколькі Расія, Пуцін ажыццяўляюць агрэсію на падставе манапалізацыі гісторыі Русі, як гэта рабіў з гісторыяй Гітлер, спрэчкі па гэтым пытанні яшчэ працягваюцца. Але з гэтымі спрэчкамі трэба скончыць, бо гэта вядзе да інтаксікацыі гісторыі, якая пераносіцца на палітыку.

Яраслаў Грыцак тлумачыць, чаму служыць псеўдагісторыя ў Расіі і чаму ўкраінцы глядзяць на сваё мінулае і будучыню не так, як на іх глядзяць у Маскве (можна дадаць — і ў афіцыйным прарасійскім Мінску).

Яраслаў Грыцак: — Ідэя Пуціна і рускіх імперскіх гісторыкаў заключаецца ў тым, каб паказаць, што Украіна не існуе, бо Украіна — гэта ўкраінская мова, а яна, мова, — быццам бы сялянская, а будучае быццам бы — за Расіяй, Польшчай і іншымі “вялікімі” краінамі, цывілізацыямі. І таму, маўляў, Украіна павінна знікнуць.

Украінцам “дазвалялася” быць этнасам, але не народам, г.зн. яны маглі танцаваць украінскія танцы, спяваць украінскія песні, есці ўкраінскую ежу — галушкі і  інш., але ім не дазвалялася мець высокую культуру. Бо высокая культура ў перспектыве прывяла б да ўзнікнення ўкраінскай дзяржавы. І гэта догма панавала на працягу ХІХ — ХХ стст. — у Расійскай імперыі, СССР, у даваеннай РП.

Але аказалася, што гэта схема не працуе. Украінцам замала галушак і песень. Мы хочам мець сваю ўласную культуру і сваю ўласную дзяржаву.

Украінскі гісторык лічыць, што ведаць гісторыю Украіны азначае лепш разумець гэту краіну і, адпаведна, лепш з ёю ўзаемадзейнічаць.

Яраслаў Грыцак: — Цяпер ужо не трэба даказваць, гэта не выклікае ніякіх сумненняў, што ўкраінскае пытанне — гэта глабальнае пытанне. Відавочна, што ад таго, што будзе адбывацца зараз ва Украіне, будзе залежаць і лёс Еўропы і, па вялікім рахунку, свету.

А мая кніга аб тым, пра што мы не ўсе ведалі, але што застаецца фактам: украінскае пытанне ў значнай меры здаўна з'яўлялася глабальным. Аднак трэба сказаць, што па-ранейшаму ніхто не ведае ўкраінскую гісторыю. Зрэшты, яе і немагчыма ведаць. Яна занадта складаная. Але ёсць і розныя ступені няведання. Скажам, больш за ўсё яе не ведае Пуцін.

Развіваючы думку аб «ведах» Пуціна пра гісторыю Украіны, Яраслаў Грыцак прыходзіць да лагічнага вываду.

Яраслаў Грыцак: — Калі б ён ведаў гісторыю Ўкраіны, то не пачынаў бы гэтую вайну. Ён павінен быў некалькі разоў падумаць — і спыніцца.

Але з іншага боку, дзякуй Богу, што ён не ведае гісторыю Украіны, таму што гэта і прывядзе да яго канца.

Мы ж, гісторыкі, змагаемся за тое, хто з нас ведае гісторыю Украіны не менш за іншых.

Адным з адрасатаў маёй кнігі з'яўляецца маладое пакаленне, а менавіта — пакаленне Зяленскага, прыблізна ва ўзросце 40 плюс-мінус 5 гадоў. Гэта людзі, якія цяпер прыбіраюць да рук уладу ва Украіне ўсюды — ад палітыкі да культуры. Гэта ўвесь сярэдні клас, які сфарміраваўся пасля распаду СССР. Яны выбралі сваёй ідэнтычнасцю ўкраінства, але цяпер не ведаюць, што гэта такое — быць украінцам. Таму ім тэрмінова патрэбен расказ аб гэтым. Мая кніга і напісана спецыяльна для гэтага маладога класа.

Як сказаў Яраслаў Грыцак, Пуцін не ведае гісторыю Украіны. А Зяленскі?  удакладніў я ў прафесара.

Яраслаў Грыцак: — Зяленскі не ведае гісторыю (Украіны. — Рэд.). Але ў меншай меры, у параўнанні з Пуціным. Але Зяленскі разумее і адчувае, у чым сутнасць гісторыі Украіны. Падчас аднаго з інтэрв'ю Зяленскага я заўважыў у яго на стале кнігу «Гісторыя Украіны — Русі» Міхайлы Грушэўскага (заснавальнік сучаснай украінскай нацыянальнай гістарыяграфіі і адзін з бацькоў украінскага нацыянальнага руху і дзяржаўнасці пачатку ХХ стагоддзя. — Рэд.). Не думаю, што Зяленскі спецыяльна паклаў у сябе гэтую кнігу. Але я ведаю, што ён чытае. Праўда, я не ведаю, што ён чытае, але трэба меркаваць, што сярод гэтай літаратуры ёсць і працы па гісторыі Украіны.

Цікавымі назіраннямі Яраслаў Грыцак падзяліўся і пра акружэнне Зяленскага.

Яраслаў Грыцак: — Звярніце ўвагу на тое, што акружэнне Зяленскага не толькі маладое. Добрая палова гэтага атачэння — ці яўрэі, ці грузіны, ці яшчэ нехта. І толькі палова — гэта ўкраінцы. І гэта адлюстроўвае сучасную ўкраінскую ідэнтычнасць, якая не этнічная, а палітычная, ці грамадзянская.

Яшчэ адна важная рыса асяроддзя Зяленскага — гэта тое, што ўсе гэтыя людзі прыйшлі не з колаў прамыслоўцаў, уладальнікаў дзяржмаёмасці, а гэта людзі з ІТ-бізнесу, СМІ. І цяпер, калі яны адчулі сябе ўкраінцамі, ім трэба растлумачыць, чым з'яўляецца гэтае пачуццё, як яго назваць. Увогуле, пра гэта мая кніга.

Калі ж я гавару пра акружэнне Зяленскага, то маю на ўвазе яго бліжэйшае кола: гэта Ярмак, былы міністр абароны Рэзнікаў, якога замяніў чалавек крымска-татарскага паходжання, Арахамія і інш. Гэта 6-7 чалавек — тыя людзі, якія заўсёды з’яўляюцца побач з Зяленскім. Розніца паміж імі і акружэннем Пуціна заключаецца ў тым, што ўсе ведаюць толькі, што Шайгу — не рускі. Іншыя вакол Пуцина — таксама не рускія паводле паходжання, але яны рускія паводле самасвядомасці — ужо ў другім-трэцім пакаленні.

І калі мы гаворым пра ўсіх гэтых людзей ва Украіне, якія адчулі сябе ўкраінцамі, то гэта іх выбар, а не іх бацькоў ці дзядоў. Яны самі выбралі сабе ўкраінскую ідэнтычнасць — пры сваім жыцці. І ў гэтым заключаецца галоўная розніца акружэння Зяленскага ад акружэння Пуціна.

А хто чытаў гісторыю Украіны ў версіі Грыцака з сучасных украінскіх палітыкаў, якія прымаюць ключавыя рашэнні ў краіне?

Яраслаў Грыцак: — Скажам, я ведаю, што гэтую кнігу чытаў галоўнакамандуючы ўкраінскай арміі Валерый Залужны. Мы з ім сустракаліся, і ён сам сказаў, што ў яго ёсць мая кніга, і ён яе чытаў. І я яму веру.

Цяпер і ў польскага чытача, дый у любога, хто чытае і разумее па-польску, таксама ёсць магчымасць зазірнуць углыб гісторыі Украіны вачыма прафесара Грыцака.

Віктар Корбут

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Праф. Яанна Гэтка: Лукашэнка прапанаваў контрпраект беларускай ідэнтычнасці — неасавецкі, заходнерускі, русафільскі

07.06.2023 14:01
Варшаўскі беларусіст Яанна Гэтка напамінае, што беларусы не раз страчвалі сваю этнічную ідэнтычнасць — не добраахвотна, а пад знешнім ціскам.

Нашчадак Гедыміна і Альгерда, сваяк Ягайлы — кароль Рэчы Паспалітай Міхал Карыбут Вішнявецкі «вяртаецца» да нашчадкаў

14.09.2023 15:51
У Варшаве пад рэдакцыяй Збігнева Хундэрта выйшла калектыўная манаграфія пра Міхала Карыбута Вішнявецкага, у 1669–1673 гг. караля польскага і вялікага князя літоўскага.