Беларуская Служба

Заснавальнік Nazareth Піт Эгню: «Мы ніколі не забудзем канцэрт у Мінску»

02.11.2023 18:45
Легендарны шатландскі гурт чарговыя сусветныя гастролі сёлета распачаў з Польшчы. 15 хвілін гутаркі з заснавальнікам гурта дазволілі даведацца чаму гастролі ў Мінску былі самымі незвычайнымі ў іх кар’еры.
Аўдыё

Несамавітая атмасфера ў познанскай канцэртнай залі “В 16”. Пераважная большасць гледачоў – мужчыны і жанчыны далёка за сорак, людзі пенсійнага веку прыйшлі парамі, а маладыя на танц-поле як мага бліжэй да музыкантаў. Многія хіты зала спявае з новым вакалістам Карлам Сентансам, а ён не стамляецца яе падбадзёрваць. Яго голас нагадвае мне легендарнага Дэна Маккафэрці, які, на жаль, адышоў ужо ў лепшы свет.

Неверагодна, але ў галаве ўсплываюць мае 70-80-я,  калі яшчэ школьнікамі куплялі фірмовыя кружэлкі Nazareth і іншых заходніх гуртоў на рынках і ў фарцоўшчыкаў за шалёныя грошы, слухалі іх музыку ў некага ў кватэры, чакалі “Listę Przebojów ” на польскай трэцяй праграме радыё, вышуквалі хоць нейкую дробную інфармацыю аб іх у савецкіх моладзевых часопісах. Насілі доўгія валасы, як заходнія музыканты, якія прымушалі нас у школе стрыгчы і нават не пускалі на заняткі, выклікалі бацькоў.

Памятаю, як адзін аднакурснік, фан гурта, напісаў на сваіх калодках (так называўся модны абутак у 70-я і 80-я) -Nazareth і хадзіў так па ўніверсітэту. Але, каб трапіць на канцэрт…, тады ніхто пра гэта не марыў.

І толькі ў 90-я, тыя самыя 90-я падарылі народам былога Савецкага саюзу свежае паветра і менавіта тады многія заходнія музыканты змаглі даваць канцэрты ў былых рэспубліках СССР. Праўда, ні на адзін з трох канцэртаў Nazareth у Мінску патрапіць так і не выпала. У Мінску яны выступалі ў 1999, 2007 і 2013 гадах.

І вось цяпер яны, як і некалі - дзве гітары, барабаны і саліст. Сціплыя “Маршалы” і без якіх кольвек падтанцовак і разагрэваў, як прынята на канцэртах сучасных музыкантаў. Але гэты час ты жывеш у іх музыцы і пра ўсё забываеш.  

На сцэне Nazareth ужо больш за 50 год, з пачынальнікаў застаўся толькі Піт Эгню, які і заснаваў гурт. Ён па-ранейшаму з бас гітарай і дружалюбна ўсміхаецца фанам на іх апладысменты. Адчуваю, што не ўсе іх песні цяпер ведаю, але калі гучыць кампазіцыя “Love hurts” - усё ў табе варушыцца.

Ім нічога не трэба даказваць, Nazareth цяпер на такой стадыі існавання, калі рэйтынгі і розная іншая мішура шоў-бізнесу не мае ніякага значэння. Яны ўсё ўжо даўно гледачам даказалі.

Мой англійскі калега, які дамовіўся на 15 хвіліннае інтэрв’ю пасля канцэрту з заснавальнікам гурта, прапанаваў пайсці разам і прадставіў мяне Піту Эгню, як журналіста з Беларусі. Той прыязна да мяне паставіўся і прапанаваў задаць пытанні.

Мы раней дамовіліся, што пачнем з больш агульных пытанняў з-за абмежаванага часу, але калі размову ўдасца прадоўжыць, то былі да гэтага падрыхтаваныя. Праўда, адміністратарка музыканта папрасіла, каб мы не перабольшвалі з часам, маўляў, падам вам знак і інтэрв’ю скончана.

-Які перыяд у творчасці Nazareth быў самым цікавым для вас? – задаў я першым пытанне.

Ён амаль не задумваючыся адказваў адразу. Хаця не спяшаючыся і нібыта нешта ўзгадваючы са свайго мінулага.

-Усе перыяды нашай творчасці былі па-свойму цікавыя  таму, што ў кожным з іх у складзе гурта былі розныя музыканты, якія ўносілі ў  нашу творчасць сваё, непаўторнае. Кожны склад нашага гурта меў сваю адметнасць і гэта было цікава.

Мой англійскі калега паглядаючы, то на мяне, то на музыканта спрабуе ўдакладніць.

-А для вас, асабіста, які з гэтых перыядаў запомніўся найбольш?

-О…, напэўна, гэта калі я быў малады, бо заўсёды лепш, калі ты малады. Я любіў усе склады нашага гурта, якія былі на працягу гісторыі Nazareth. Праўда, мушу сказаць, што найбольш вясёлы для нас перыяд пачаўся ў 90-я гады, калі ўпаў Берлінскі мур і ўсе заходнія гурты змаглі выступаць у Савецкім саюзе. Раней ніхто з заходніх гуртоў не быў ні ў Беларусі, ні ва Украіне, ні ў Расеі. Бадай гэты час стаў адным з самых цікавых для нас.

Мы размаўляем за кулісамі сцэны, тут побач рабочыя складаюць апаратуру і інструменты, просяць нас перайсці на іншае месца. Але спадару Піту гэта не перашкаджае, мы пераходзім, а ён не перастае гаварыць.

-І якімі былі першыя ўражанні ад наведвання Усходняй Еўропы? – удакладняе англійскі журналіст.

-Перад першай паездкай мы не ўяўлялі, што можам там пабачыць, з чым сустрэцца, але ўжо тады атрымлівалі шмат лістоў з СССР - людзі, якія слухалі і любілі нашу музыку, пісалі нам і запрашалі прыехаць. А таму мы ведалі, што там нас чакаюць і нам будуць рады. Тым не менш, хваляваліся і не ведалі як насамрэч успрымуцца нашы канцэрты.

І ўжо пасля першых гастроляў нам стала зразумела, што і за той жалезнай заслонай людзі таксама людзі, як паўсюль. І публіка, якая прыходзіла на канцэрты ў Савецкім саюзе была практычна такой самай, як і ў заходніх краінах.

Я адчуваю шчырасць і чалавечае разуменне таго аб чым ён кажа. І цяпер у яго няма ніякага здзіўлення, а проста канстатацыя факта. Толькі тады мы сапраўды належалі да двух зусім розных светаў…

-Адзінае, што фанам на нашых канцэртах ахова і арганізатары не дазвалялі пашалець, як яны гэтага праглі, слухаючы нашу музыку. Ім увесь час нагадвалі, каб яны не ўставалі з сваіх месцаў, не выкрыквалі… І гэта нас вельмі здзіўляла. Мы не маглі зразумець чаму людзям не дазваляюць захоўвацца так, як яны хочуць, слухаючы нашу музыку. Праўда, у хуткім часе парадкі змяніліся і фанам на канцэртах стала нашмат вальней.

Трохі задумаўшыся спадар Піт гучнейшым голасам працягвае.

-Тыя часы праз 30 гадоў наагул немагчыма параўнаць. Калі мы першы раз ехалі ў Беларусь, ва Украіну, Расею ў нашым грамадстве і СМІ панаваў стэрэатып, што на ўсходзе Еўропы жывуць чуць ці не ворагі нашы. І калі мы першы раз патрапілі да гэтых “ворагаў”, то адчувалі сябе так прыемна, дружалюбна – мы проста не маглі нацешыцца атмасферай сярод гэтых людзей.

Nazareth гастраляваў па рэспубліках былога СССР больш за іншыя заходнія гурты. І мы ніколі не баяліся туды ездзіць.

Спадар Піт уважліва ўглядаецца на мяне і чакае наступнага пытання

-Я слухаў ваш гурт яшчэ ў школьным узросце, а мне цяпер ужо 60 год. А вы дагэтуль выступаеце на сцэне, больш чым паўтары гадзіны з гітарай. Я разумею, што вы вельмі адданы музыцы, але што вы ў ёй шукаеце цэлае жыццё і магчыма знайшлі?

- Прыемна, што вы слухалі нас будучы яшчэ падлеткам. Але мне зараз 77 гадоў і гэта не нейкая цяжкая праца тое, што я раблю. Наадварот, я не магу сабе ўявіць, каб не іграць, не выступаць на сцэне. Калі мне было толькі шэсць гадоў, музыка была ўсім для мяне і я хацеў займацца толькі музыкай. І што яшчэ цяпер падабаецца мне ў маім занятку – я не мушу ісці на пенсію, як людзі іншых прафесій, а я магу сам вырашыць, калі мне ісці адпачываць. І гэта цудоўна, бо  я ніколі не хацеў пакінуць сваю працу, я ўвесь часу хачу толькі іграць. Музыка ў маім жыцці ёсць любоў і я працягваю быць ёй верным.

Насамрэч у сваёй журналісцкай практыцы першы раз сустракаю чалавека з такой адданасцю сваёй справе і вельмі шкадую пра сябе, што не маем магчымасці пагаварыць і аб гэтым больш падрабязна.

-Так, але як у 77 год адыграць цэлы рок-канцэрт на сцэне, амаль дзве гадзіны?

-Іграць канцэрт на сцэне – гэта самае прыемнае, гэта радасць для мяне.

Самае складанае – гэта пераезды з аднаго гораду ў другі, з краіны ў краіну. Падчас пераездаў сапраўды стамляешся. Я ніколі сабе не кажу, што хопіць іграць, ты ўжо стамляешся. Але вельмі часта паўтараю: я больш не хачу падарожнічаць.

Калі мы збіраемся ў тур, я заранёў сябе псіхалагічна рыхтую да пераездаў падбадзёрваючы тым, што мы будзем выступаць.

-І як вам здаецца, яшчэ сем год здолееце выступаць?

-Я хачу быць на сцэне да самага канца. І хацеў бы развітацца з гэтым светам на сцэне. А наступіць гэта тады, калі наступіць. Але да гэтага моманту хачу іграць.

Адміністратарка, як раней і было дамоўлена, паказвае нам, што інтэрв’ю скончана, але Піт Эгню кажа мне задаваць яшчэ пытанне.

-Дзякуючы гастролям вы здолелі аб’ехаць практычна ўвесь свет. На ваш погляд, як змяніўся гэты свет, калі глядзіш на яго з канцэртнай сцэны?

-Калі глядзець са сцэны толькі на сваіх фанаў, то мне здаецца мала што змянілася. Найбліжэй да сцэны заўсёды маладыя, старэйшыя людзі трымаюцца трохі воддаль.

А калі казаць наагул пра свет, то відавочна, што ён вельмі змяніўся. І мы ўсе бачым, як ён змяніўся. Я, да прыкладу, сёння не магу пражыць з тых альбомаў, якія мы выпускаем, бо ўсе імкнуцца слухаць і запісваць музыку з інтэрнэту, бясплатна.

На развітанне, усміхаючыся да нас, Піт Эгню кажа, што хоча распавесці пра самы памятны канцэрт, які адбыўся ў Мінску. Nazareth тройчы выступаў у сталіцы Беларусі, але ён дакладна не памятае ў якім годзе быў той канцэрт.

-Мы адпачывалі перад канцэртам яшчэ ў гатэлі, але раптам тэлефануюць з адміністрацыі стадыёна, дзе павінен быў адбывацца наш выступ і кажуць, што канцэрт давядзецца адкласці. Маўляў, там прэзідэнт Лукашэнка гуляе ў хакей. З-за гэтага рабочыя не могуць мантаваць сцэну і падключаць апаратуру.

Ён бачыць на тварах наша здзіўленне, усміхаецца і працягвае.

-Я быў у шоку, казаў, што дата канцэрту была вызначана месяц таму. На другім канцы проваду мяне разумелі, але тлумачылі, што ў хакей гуляе прэзідэнт і канцэрт трэба адмяніць. Я адказаў, што мы нічога адмяняць не будзем, паколькі прададзены білеты, людзі чакаюць. Канцэрт прызначаны на 20.00, будзем чакаць, пакуль ён скончыць сваю гульню.

Ну і канцэрт распачалі пасля поўначы. Такога ў нашай доўгай біяграфіі ніколі не было. І заўсёды калі нешта цікавае ўзгадваем у калектыве з нашага мінулага, то заўсёды гаворым пра канцэрт у Мінску. Мы ніколі не забудзем пра канцэрт у Мінску: прэзідэнт спрабаваў сапсаваць нам яго.

Але сам канцэрт, нягледзячы на хакей прэзідэнта, прайшоў пры поўнай залі фанаў.

Адміністратарка яшчэ раз паказвае, што наш час скончыўся. Мы цёпла развітваемся, робім на памяць здымак аб нашым інтэрв’ю. Рабочыя са сцэны выносяць апошнія “Маршалы”. А ў вестыбюле саліста Карла Сентансама яшчэ не адпускаюць фаны. Ён дае аўтографы і фатаграфуецца з імі. Яму прыкладна каля шасцідзесяці, а самым маладым фанкам напэўна ўжо болей за сорак. І ўсё так цёпла і прыемна…

Павел ЗАЛЕСКІ

Здымкі аўтара: