Дарота Міхалюк, прафесар Універсітэта Мікалая Каперніка ў Торуні, выдала кнігу «Беларуская Народная Рэспубліка 1918-1920 гг. Асновы беларускага дзяржаўнага жыцця ў катэгорыі гісторыі» – гэта вялікая даследчыцкая навуковая работа. Па гэтай тэме гісторык абараніла ў Польшчы доктарскую дысертацыю (атрымала ступень доктар габілітаваны).
Беларуская Народная Рэспубліка (БНР) – незалежная беларуская дзяржава была абвешчаная 25 сакавіка 1918 года падчас нямецкай акупацыі ў часе Першай сусветнай вайны. БНР з'яўлялася першай беларускай нацыянальнай дзяржавай, але не была прызнана большасцю краін і была падзелена паміж Польшчай і Савецкай Расіяй пасля заканчэння Першай сусветнай вайны.
Прафесар Дарота Міхалюк пералічвае фактары, якія паўплывалі на тое, што гэты палітычны праект быў такім кароткачасовым:
– Беларусы, а дакладней, беларускія палітычныя эліты, пайшлі тым жа шляхам, што і іншыя народы на абшарах Расіі. Гэта не было незвычайным. Прыбалтыйскія народы, украінцы, а таксама народы Каўказа і Цэнтральнай Азіі пайшлі гэтым шляхам да незалежнасці. Калі прасачыць за фарміраваннем урадаў гэтых новых дзяржаў, працэс будзе больш-менш аднолькавым. Гэта значыць, у 1917 годзе, калі быў створаны Часовы ўрад, пачалі гучаць лозунгі адносна палітычнай аўтаноміі ў складзе Расіі. Праблема заключалася ў тым, наколькі моцнымі былі гэтыя ўрады, бо для стварэння ўласнай дзяржавы павінны былі быць выкананы пэўныя ўмовы.
А ў выпадку з беларусамі гэта вызначалася як умовамі, так і знешнімі фактарамі, а менавіта падтрымкай з боку дзяржаў, якія выйгравалі войны і мелі вырашальнае слова на палітычнай карце ў гэтым рэгіёне, а таксама ў новых палітычных падзелах.
Беларусы не атрымалі знешняй падтрымкі.
Аднак, калі казаць пра ўнутраныя справы, то падтрымка была даволі істотнай. Беларускі рух да незалежнасці можна параўнаць з літоўскім або ўкраінскім. Беларускі нацыянальны рух нарадзіўся адносна позна. Было шмат фактараў, якія прывялі да яго няздольнасці своечасова інтэгравацца да Першай сусветнай вайны. Таксама адыгралі сваю ролю фактары, над якімі беларусы ў той час не мелі кантролю і што пачаліся шмат-шмат гадоў, нават стагоддзі раней.
Фрагмент кнігі, які тычыцца БНР і Парыжскай мірнай канферэнцыі (1919—1920).
Хачу звярнуць увагу на сацыяльную структуру беларускага насельніцтва. Падчас розных ранейшых працэсаў, такіх як паланізацыя і русіфікацыя, беларусы былі па сутнасці пазбаўлены палітычнай эліты. Гэта, сярод іншага, было наступствам адсутнасці сацыяльнай эліты, якая мела б універсітэцкую адукацыю, магла б справіцца з выклікамі палітычнай дзейнасці, у тым ліку на Захадзе. У адрозненне, напрыклад, ад літоўцаў, тады беларусы не мелі сваёй дыяспары ў эміграцыі, якая магла б аказаць нейкі ўплыў.
І, вядома, варта згадаць яшчэ адзін надзвычай важны фактар: недахоп фінансавання. Ні палітыка, ні ўзброеныя фарміраванні не могуць будавацца толькі на ідэях і рамантычных лозунгах. Не было грошай, каб рэалізаваць палітычныя намеры.
– Вы сказалі, што першапачаткова мелі рамантычны падыход да тэмы Беларускай Народнай Рэспублікі. Але які рамантызм можна знайсці ў гэтай палітычнай тэме?
– Я зацікавілася Беларускай Народнай Рэспублікай, чытаючы дакументы па тэме, апублікаваныя Сяргеем Шупам у Празе. Заўважыла, як шмат было слоў пра мары пра незалежнасць і стварэнне ўласнай дзяржавы. Мне здавалася, што гэта даволі рамантычны падыход. Аднак, па меры таго, як больш знаёмілася з дакументамі, з тэмай, я заўважыла, што там было шмат прагматычных рэчаў пра стварэнне ўласнай дзяржаўнасці. І ўрэшце ўсе тыя рамантычныя мары, якія гэтыя маладыя людзі, пераважна маладыя людзі, мелі пра сваю будучыню, разбіліся.
Таксама было шмат канфліктаў унутры гэтай супольнасці. І тут рамантызм быццам проста знік. Супольнасць, якая пастаянна атрымлівае паражэнні, схільная да падзелаў, спрэчак і ўзаемных абвінавачванняў.
– Ці ёсць у вас асоба сярод дзеячаў Беларускай народнай рэспублікі, якая выклікае найбольш сімпатый?
– Мушу сказаць, што я не спрабавала эмацыйна звязацца з гэтымі фігурамі, бо я не пісала біяграфію. Калі пішаш біяграфію, ты сапраўды бачыш гісторыю праз прызму жыцця іншага чалавека, трохі збліжаешся з ім, уважліва назіраеш за яго лёсам, спрабуеш пранікнуць у яго прыватныя рашэнні, яго інтымнае жыццё. Тут жа быў хутчэй калектыўны герой, шмат людзей, бо я апісвала чатыры ўрады Беларускай Народнай Рэспублікі, якія дзейнічалі паміж 1918 і 1920 гадамі. Было чатыры прэм'ер-міністры, якіх у той час называлі народнымі камісарамі, іх бліжэйшыя міністры.
Мне здаецца, што вядомай фігурай, і пра якую ёсць шмат матэрыялу, зʼяўляецца Антон Луцкевіч. Ён пакінуў пасля сябе дзённікі, шматлікія дакументы, лісты. Гэтую асобу цікава даследаваць. Але і няпроста, пра што сведчыць той факт, што поўнай біяграфіі Антона Луцкевіча да сённяшняга дня не існуе.
Яшчэ адна цікавая фігура – гэта Аляксандр Цвікевіч, чалавек, які ўдзельнічаў у стварэнні Беларускай Народнай Рэспублікі, які пакінуў пасля сябе цікавую аналітычную працу па ідэалогіі заходнерусізму. Ён нечакана паддаўся запрашэнню з савецкай Беларусі і вярнуўся з эміграцыі ў Мінск, дзе падзяліў лёс многіх людзей, якія загінулі падчас сталінскіх рэпрэсій 1930-х гадоў.
Дарота Міхалюк, прафесар Універсітэта Мікалая Каперніка ў Торуні.
– Праект БНР, нягледзячы на кароткае існаванне, лічыцца важным этапам у фармаванні дзяржаўнасці. Як гісторык, як вы ацэньваеце гэта, з улікам таго, што перыяд незалежнасці быў надзвычай кароткім, палітыкі мала што паспелі зрабіць для дасягнення поспеху?
– Мяркую, гэта важны перыяд у гісторыі Беларусі. Пасля Другой сусветнай вайны, пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года яны сталі на шлях дзяржаўнага будаўніцтва. Гэты працэс сярод народаў, якія жылі на заходніх, паўночных і паўднёвых ускраінах былой Расійскай манархіі, быў падобны. Вядома, ён не быў аднолькавым для ўсіх, бо кожны народ меў крыху розны стан унутранай інтэграцыі і арганізацыі вакол лозунгаў незалежнасці, але гэтыя працэсы працякалі вельмі падобна.
Гісторыя беларусаў раскрывае складаны бок гэтых працэсаў. Выглядае вырашальным, што ўзнік пранезалежніцкі лагер беларусаў, што прывяло да абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Урэшце ён паўплываў на стварэнне контрпраекта — Беларускай Савецкай Рэспублікі, які ў рэшце рэшт перамог, бо атрымаў вельмі моцную падтрымку з боку бальшавіцкага ўрада. Ён быў створаны пад іх сцягам, і гэты праект атрымаў далейшае развіццё.
Аднак пытанне, ці ўзнікла б увогуле БССР, калі б не існавала Беларускай Народнай Рэспублікі?
Фрагмент кнігі, які тычыцца тэрытарыяльнага пытання.
– Гісторыя Беларусі складаная, цяпер асабліва з улікам таго, што краіна трапляе пад крыло Расіі і яе амбіцый. З гістарычнага пункту гледжання, якую параду вы б далі сучасным палітыкам, якія вераць у будучыню Беларусі як незалежнай еўрапейскай дзяржавы?
– Вы закранулі шырокую тэму, але не ў сэнсе раздавання парад, а ў тым сэнсе – кім ёсць гісторык? Ці гісторык павінен быць чалавекам, які збірае і інтэрпрэтуе факты, ці можа быць суддзёю? Я прытрымліваюся прынцыпу, што гісторык павінен займацца сваёй справай, гэта значыць прадстаўляць гісторыю. Гэта таксама вельмі пытанне: ці ёсць урокі з мінулага, ці з гісторыі. Вядома, гэта можна інтэрпрэтаваць па-рознаму.
Я магу сказаць наступнае, не адказваючы наўпрост на гэтае пытанне: адны з прычын паразы Беларускай Народнай Рэспублікі было, сярод іншага, тое, што рух за незалежнасць не змог выразна інтэгравацца, дапускаў падзелы ўнутры сябе, не здолеў выкрышталізаваць адзіны агульны шлях. Гэта адзін з фактараў, бо было шмат іншых, і яны перапляталіся.
Усё гэта паўплывала на няўдачу ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі, што яна не атрымала міжнароднай падтрымкі. Агулам параза была вызначана мноствам унутраных фактараў.
вх