23-28 лістапада ў Доме польскай культурным у Вільні пройдуць X Дні польскай культуры ў Вільні – мерапрыемства, якое папулярызуе разнастайнасць і багацце польскай культуры.
Праграма юбілейнага фестывалю польскай культуры ў Вільні вельмі разнастайная і адаптаваная да гледача, незалежна ад узросту. Шматдзённае мерапрыемства будзе насычана спектаклямі, канцэртамі, вандроўкамі, сустрэчамі, кінапраглядамі і майстар-класамі.
Мэта імпрэзы – папулярызацыя польскай культуры і культурнай спадчыны Віленскага краю, прэзентацыя дасягненняў польскіх мастацкіх колаў у Літве, папулярызацыя гісторыі Польшчы, павышэнне пачуцця нацыянальнай ідэнтычнасці і прасоўванне польскай культуры як сярод палякаў, якія жывуць у Літве, але таксама і сярод літоўцаў. Падрабязнасці праграмы X Дзён польскай культуры ў Вільні распавядае каардынатарка культурніцкіх праектаў Дома польскай культуры ў Вільне Бажэна Межоніс (Bożena Mieżonis):
– Гэта даўняя традыцыя Дома польскай культуры ў Вільні, і гэты фестываль – своеасаблівая візітоўка нашай установы, мэта якой – папулярызацыя сучаснай польскай культуры, не забываючыся, вядома, і на гісторыю.
Спадарыня Бажэна, сёлетнія Дні польскай культуры ў Вільні працягнуцца аж шэсць дзён. Сярод вялікай праграмы імпрэзы, якія падзея вы асабіста вылучаеце?
– Сёлета ў нас сапраўды насычаная праграма, якая будзе доўжыцца шэсць дзён. Звычайна свята доўжылася тры дні (пятніца, субота і нядзеля). Цяпер мы пашырылі яго да шасці дзён. Усяго адбудзецца чатырнаццаць культурных мерапрыемстваў. Будуць паказы фільмаў, сустрэчы з артыстамі тэатра, тэатральныя пастаноўкі для дзяцей і дарослых, будуць паказаныя мюзіклы. Прыкладна так выглядае наша праграма. Прапанова адрасавана разнастайнай узроставай групе і, вядома, кожны зможа знайсці ў ёй нешта для сябе.
На Х Дні польскай культуры ў Вільні завітаюць два тэатры. Гэта Мазавецкі музычны тэатр з Варшавы, а таксама Музычны тэатр з Торуні, яны паставяць вельмі розныя спектаклі. У адным выпадку гэта будзе п’еса для дзяцей «Awantura w Molldurze», якая будзе паказана тройчы ў канцэртнай зале Доме польскай культуры, таму гэтую п’есу паглядзяць больш за тысячу дзяцей з Вільні і ваколіц. Гэты тэатр таксама паставіць мюзікл. І гэта будзе настальгічнае падарожжа ў міжваенны час.
Гледачоў, якія любяць пасмяяцца падчас спектакляў, запрашаем на прагляд спектакля «Piękna Lucynda». Наколькі я чула, зала не перастае смяяцца на працягу ўсёй пастаноўкі. Забылася сказаць, што ў нас ёсць музычны спектакль «Noc w SPATiF-ie», дзе гучаць музычныя творы зусім іншай эпохі. Гэты спектакль прадставіць Лінгвістычнае аддзяленне Кракаўскай акадэміі, і падчас яго гледачы перанясуцца ў 1960-70-я гады і пачуюць вядомыя песні, такія як «Szare miraże», «Miłość w Portofino» ды многія іншыя. Ну, а калі казаць пра спектаклі, то, гэта напэўна, усё.
А яшчэ нас чакае шмат фільмаў. Будзе ажно пяць фільмаў для дзяцей, падлеткаў і дарослых. У нас ёсць «Najmro. Kocha, kradnie, szanuje», але гэта будзе закрыты паказ, адрасаваны вучням польскіх школаў Віленшчыны. Таксама мы даслалі адукацыйныя матэрыялы, каб пасля прагляду настаўнікі маглі паразмаўляць з дзецьмі пра фільм.
Таксама будзе паказаная драма, напрыклад, стужка «Filip». Дзецям прапануем «Detektyw Bruno» і два ўнікальныя спектаклі: «Prawdziwe Życie Aniołów» і «Chrzciny». Акрамя таго, у нас запланаваная сустрэча з акторам Міхалам Жураўскім і рэжысёрам, сцэнарыстам Якубам Скочэнем. Сустрэча адбудзецца пасля паказу іх фільма «Chrzciny». Пасля прагляду фільма «Prawdziwe Życie Aniołów» мы сустрэнемся з акторам Юліюшам Хжанстоўскім і рэжысёрам, сцэнарыстам Артурам Баронам.
Прыкладна так выглядаюць сёлетнія Х Дні польскай культуры ў Вільні, запрашаем усіх! Уваход на ўсе мерапрыемствы вольны але пры наяўнасці квіткоў, якія можна атрымаць у Доме польскай культуры ў Вільні абсалютна бясплатна.
Карыстаючыся нагодай, хачу адзначыць, што ўвесь гэты праект Дні польскай культуры ў Вільні фінансуецца Канцылярыяй прэм’ер-міністра Польшчы ў рамках конкурсу «Палонія і палякі замежжа 2023».
На завяршэння нашай размовы каардынатарка праектаў Дома польскай культуры ў Вільні звярнула ўвагу на асаблівае значэнне культуры для захавання нацыянальнай адметнасці польскай меншасці ў Літве:
– Захады, якія папулярызуюць польскую культуру, як прывезеную з Польшчы, так і польскую культуру, якая ствараецца тут, безумоўна, актывізуюць польскую супольнасць у Літве. Трэба разумець, што без культуры ніякая супольнасць не можа існаваць, таму мы вельмі рады, што можам папулярызаваць польскую культуру і даем магчымасць паглядзець лепшыя польскія канцэрты, спектаклі і фільмы.
Слухайце аўдыё!
эж