Беларуская Служба

Рыхтуецца да выхаду кніга пра палякаў на Усходзе, у т.л. у Беларусі

28.12.2023 15:59
Ośrodek Karta і Dom Spotkań z Historią сабралі ўспаміны палякаў за ўсходняй мяжой РП у выніку 35 экспедыцый у 7 дзяржаў, у т.л. у РБ.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Д.Чапіга аб праекце "Палякі на Усходзе".
 .
Ілюстрацыйнае фота.https://polacynawschodzie.pl/

Polacy na Wschodzie («Палякі на Усходзе») — такі праект ажыццяўляе, а дакладней, завяршае Архіў вуснай гісторыі фонду Ośrodek Karta («Цэнтр «Карта») і Dom Spotkań z Historią («Дом сустрэч з гісторыяй»). Гэта збор успамінаў палякаў, якія пражываюць за ўсходняй мяжой сучаснай РП. Частка гэтых сведчанняў неўзабаве ўбачыць свет у кніжным фармаце.

Праект збору ўспамінаў палякаў за ўсходняй мяжой РП ажыццяўляўся ў 2006-2012 гг. і складаўся з 35 экспедыцый у 7 дзяржаў — Беларусь, РФ, Украіну, Літву, Латвію, Румынію і Казахстан. Трэба сказаць, што даследчыкі літаральна, як гаворыцца, заскочылі ў апошні вагон. Бо цяпер, у сувязі са становішчам у Расіі, Беларусі і Украіне, гэта было б зрабіць складана, а то і немагчыма.

Дамінік Чапіга, супрацоўнік фонду Ośrodek Karta: — За гэты час нам удалося запісаць сведчанні больш чым тысячы чалавек, адсканіраваць асабістыя архівы нашых суразмоўцаў, што склала больш за 4000 фатаграфій і дакументаў. У ажыццяўленні гэтага праекта прымалі ўдзел каля 40 чалавек.

Навошта мы туды ездзілі? Дзеля таго, каб запісаць гісторыі палякаў, якія пасля 1944—1945 гг. засталіся на тэрыторыях, якія да Другой сусветнай вайны ўваходзілі ў склад РП. Акрамя таго, мы сустракаліся з людзьмі, якія жылі па-за гэтымі тэрыторыямі, далей на Усход.

Мы папрасілі нашых суразмоўцаў расказаць пра месцы, дзе яны нарадзіліся, пра сваіх блізкіх, што яны перажылі. Мы, зрэшты, добра ведаем, што яны перажылі драматычныя моманты гісторыі на гэтых землях.

Праўда, не ўсе расказы пра жыццё ў даваеннай РП ідылічныя. Таму ў кнізе, якая ўбачыць свет, будзе рэканструяваны ў пэўнай меры набліжаны да рэальнага свет як даваеннай Польшчы, так і перыяду Другой сусветнай вайны. Гэта будзе разыходзіцца з тымі настальгічнымі і ідэалізаванымі вобразамі, якія дастаткова шырока распаўсюджаны.

На самай справе нашым героям часта ў жыцці было цяжка. Напрыклад, яны расказваюць аб тым, як хацелі вучыцца, але не было такой магчымасці. Яны расказваюць аб матэрыяльных цяжкасцях. Але, вядома, успамінаюць і аб тым, што іх радавала — аб бацьках, гульнях часоў дзяцінства.

Таксама ва ўспамінах шмат сведчанняў аб жыцці нацыянальных меншасцей — украінцаў, беларусаў, яўрэяў у даваеннай РП.

Значнае месца ў даследаванні займае перыяд Другой сусветнай вайны, а ў выпадку палякаў па-за межамі даваеннай РП — перыяд Вялікага тэрору ў СССР. І, натуральна, расказы сведкаў датычаць пасляваеннага і сучаснага этапаў гісторыі.

Калі выйдзе кніга, то чытач таксама зможа пачуць галасы палякаў з-за ўсходняй мяжы РП. Як?

Дамінік Чапіга: — У кнізе будуць QR-коды, якія дадуць магчымасць уключыць запісы з галасамі нашых суразмоўцаў.

Дарэчы, трэба сказаць, што такі маштабны праект мы змаглі ажыццявіць дзякуючы фінансаванню па Праграме развіцця гуманітарных навук. У т.л. дзякуючы гэтым сродкам быў абноўлены партал праекту ў Інтэрнэце.

На сайце можна знайсці больш дакумэнтаў і пачуць больш запісаў. Дарэчы, гэта не толькі ўспаміны, але і запісы песень і вершаў.

У Дамініка Чапігі, які асабіста ўдзельнічаў у экспедыцыях за ўсходнюю мяжу сучаснай РП, я пацікавіўся, а што яго асабіста больш за ўсё кранула падчас сустрэч з палякамі там, за цяперашняй граніцай.

Дамінік Чапіга: — Больш за ўсё ў гутарках з людзьмі ўразіла тое, што для іх свет не з'яўляецца чорна-белым, як гэта часам адлюстравана ў розных гістарыяграфіях. Сярод розных падзей ёсць і трагедыі, як Валынская 1943 года, але ёсць і гісторыі пра добрасуседства.

Зрэшты, і суседзі часам спрачаюцца. Рэальнасць заўсёды неадназначная. І гісторыі нашых герояў гэтага добра ілюструюць.

Дамінік Чапіга адзначае, чым якасна адрозніваюцца апавяданні непасрэдных сведкаў тых ці іншых падзей.

Дамінік Чапіга: — Палітыкі і гісторыкі часта расказваюць аб тым, у чым часта не прымалі ўдзелу. А нашы суразмоўцы выступаюць у ролі экспертаў уласнага жыцця. Яны нас набліжаюць да тых падзей, якія самі перажылі.

А як фарміруецца ідэнтычнасць палякаў за ўсходняй мяжой РП ва ўмовах узаемадзеяння з прадстаўнікамі іншых культур, — спытаў я ў Дамініка Чапігі.

Дамінік Чапіга: — Многія нашы суразмоўцы жывуць у змешаных шлюбах. І ў такіх сем'ях падзяліць розныя ідэнтычнасці складана. Гэта датычыць і веравызнання. Часам у такіх сем'ях бацька праваслаўны, а маці каталічка.

Напрыклад, у Беларусі людзі добра ўсведамляюць сваё паходжанне з той ці іншай сям'і, тое ж тычыцца і веравызнання. Але ў савецкі час, калі многія храмы зачыняліся, не было свяшчэннікаў, людзі хрысцілі сваіх дзяцей там, дзе гэта магчыма, у выпадку католікаў — нават у царкве. Людзі разам адзначалі святы ці, прынамсі, з павагай ставіліся да суседзяў іншай веры. І прыклады гэтых людзей могуць быць карысныя як вопыт узаемадзеяння і суіснавання.

Аднак можна заўважыць, што ў грамадстве ўкараняюцца стэрэатыпы ў адносінах да тых ці іншых падзей, якія затым умацоўваюць сваімі выказваннямі палітыкі, грамадскія дзеячы.

Які ўплыў чарговыя публікацыі сведкаў падзей могуць аказаць на грамадскую думку? – спытаў я ў Дамініка Чапігі.

Дамінік Чапіга: — Палітыкі ідуць сваім шляхам і не заўсёды сочаць за публікацыямі ці нават выкарыстоўваюць іх. Аднак я лічу, што кніга “Палякі на Усходзе” можа быць выдатным даведнікам па ўсходніх землях даваеннай РП, аб складаных узаемаадносінах з нашымі суседзямі, нацыянальнымі меншасцямі, якія жылі ў гэтым рэгіёне.

Гэта выданне можа даць сучаснаму чытачу шмат прыкладаў яднання людзей у мінулым, а не толькі падзелаў. А галоўнае, што нясе ў сабе наша даследаванне, гэта тое, што рэальнасць заўсёды больш складаная, чым гэта спрабуюць нам унушыць палітыкі розных масцей са сваімі інтарэсамі.

І я думаю, што калі б палітыкі ўдумліва чыталі такія публікацыі, то маглі б паглыбіць свае веды і выкарыстоўваць іх на агульную карысць.

Віктар Корбут

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Кракаўскі Міжнародны цэнтр культуры звяртаецца да беларускай праблематыкі

19.10.2023 15:07
Лукаш Галюсэк, намеснік дырэктара па праграмах фонду «Міжнародны цэнтр культуры», расказвае пра беларускія аспекты дзейнасці арганізацыі.

Быдгашч з часоў Эдварда Вайніловіча прываблівае эмігрантаў з Беларусі

21.12.2023 15:51
Дзмітрый Нікановіч, ураджэнец Брэста, пераехаў са сталіцы Беларусі Мінска разам з жонкай Кацярынай і дачкой Нікай у польскі горад Быдгашч больш за год таму.