Беларуская Служба

Мікеланджэла ў Вільні, Гродне і Варшаве: Мастацтвазнаўцы зрабілі сенсацыйныя адкрыцці

25.01.2024 16:01
Нацыянальны інстытут польскай культурнай спадчыны за мяжой Polonika выдаў працу пра дзейнасць у Рэчы Паспалітай італьянскага мастака Мікеланджэла Палёні.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". А.С.Чыж пра М.Палёні.
   Szczęśliwe nieba krajów włoskich Freskant Michelangelo Palloni w Wielkim Księstwie Litewskim.
Фрагмент вокладкі кнігі Szczęśliwe nieba krajów włoskich! Freskant Michelangelo Palloni w Wielkim Księstwie Litewskim.Anna Sylwia Czyż

Мастакі з цёплай сонечнай Італіі прыязджалі ў XVII ст. у халодную Літву і Беларусь, а таксама ў Польшчу. І тут пакінулі па сабе выдатныя творы мастацтва. Нацыянальны інстытут польскай культурнай спадчыны за мяжой Polonika выдаў працу Анны Сыльвіі Чыж, Пётра Ямскага і Караля Гутмэера пра дзейнасць у Рэчы Паспалітай ў XVII ст. італьянскага мастака Мікеланджэла Палёні  Szczęśliwe nieba krajów włoskich! Freskant Michelangelo Palloni w Wielkim Księstwie Litewskim.

Палоні — адзін з тых рызыкантаў, што адправіўся з паўднёвага выраю ў паўночную краіну ў пошуках лепшай творчай долі. Зрэшты, такіх, як ён, тут чакалі. Італія ў Літве, Беларусі і Польшчы была ў модзе — сярод заможных паноў, вядома. І тое-сёе са спадчыны таго часу захавалася да нашых дзён. Прычым адкрыцці зроблены яшчэ не ўсе. Мастацтвазнаўцы ўпэўнены: пра невядомыя творы можа стаць вядома нават заўтра. А пра тое, што ўжо вывучана і можна пабачыць пад Каўнасам, у Вільні, Гродне і Варшаве, расказвае кніга Анны Сыльвіі Чыж, Пётра Ямскага і Караля Гутмэера.

Анна Сыльвія Чыж: — Італьянцаў у Рэч Паспалітую, у т.л. у Вялікае Княства Літоўскае, прыцягвалі перш за ўсё грошы і магчымасць рэалізацыі сваіх творчых амбіцый. І прыкладам такога чалавека быў Палёні. Ён прыбыў у ВКЛ на запрашэнне вялікага літоўскага канцлера Кшыштафа Зыгмунта Паца, каб аздобіць касцёл і кляштар камедулаў у Пажайслісе пад Каўнасам (цяпер у межах гэтага горада. — Рэд.). Гэта была самая маштабная мастацкая інвестыцыя Паца, які ў 1670-я гг. вызначаў палітыку ВКЛ і ўплываў на палітыку РП.

Гэты касцёл Пац будаваў не толькі як рэлігійны аб’ект, але і як уласны маўзалей. А адначасова кляштар пры касцёле выконваў ролю месца палітычных сустрэч. Пажайсліс ляжаў сярод пушчы, і гэта было добрае месца, каб сюда запрасіць гасцей і весці тут тайныя палітычныя размовы.

І Пац з самага пачатку хацеў, каб Пажайсліс меў незвычайны архітэктурны выгляд — як знешні, так і ўнутраны. Таму сюды ён запрасіў плеяду мастакоў з усёй РП. Але не хапала жывапісца... Яму быў патрэбен нехта, хто свабодна, шырока, з эпічным размахам “расказаў” бы ў сваіх творах не толькі гісторыі святых, біблейскія гісторыі, але таксама адзначыў ролю Кшыштафа Зыгмунта Паца ў аздабленні комплексу ў Пажайслісе, а таксама ў кантэксце ўсяго ВКЛ.

І выбар паў на Мікеланджэла Палёні, які быў звязаны з фларэнційскім мастацкім асяроддзем і дваром Медычы. Але там было вельмі цесна, існавала вялікая канкурэнцыя. Мастакам было цяжка прабіцца, нават найлепшым. І таму, калі Палёні атрымаў прапанову выезду ў далёкую краіну, убачыў у гэтым магчымасць ажыццяўлення сваіх творчых задум.

І дзесьці на мяжы 1676 і 1677 гг., праз год пасля прыезду ў Пажайсліс, Палёні перавёз сюды ўсю сваю сям’ю — жонку, некалькі дзяцей. Бо ён разумеў, што гэта месца, дзе ён можа не толькі рэалізавацца як тварэц, але і добра зарабіць.

А калі Палёні зарабіў дастаткова грошай і завяршыў сваю працу ў Пажайслісе, ён пераехаў у Варшаву, дакладней, у юрыдыку Лешна, дзе купіў сабе невялікі драўляны двор (маёнтак) (раён сучаснай трасы W–Z — вул. Лешна і алеі “Салідарнасці”). Тут працягвалася творчая кар’ера і фінансавыя дасягенні італьянскага мастака. Пэўны час ён жыў таксама ў адным з дамоў на Рынку Старой Варшавы.

Анна Сыльвія Чыж: — Ён зарабляў, будучы пазней прыдворным мастаком караля Яна ІІІ Сабескага. Затым ён перабраўся ў Вэнгруў (горад на паўночны ўсход ад Варшавы. — Рэд.), уласнікам якога з’яўляўся Ян Даброгаст Красіньскі.


Змест кнігі Szczęśliwe nieba krajów włoskich! Freskant Michelangelo Palloni w Wielkim Księstwie Litewskim.
Змест кнігі Szczęśliwe nieba krajów włoskich! Freskant Michelangelo Palloni w Wielkim Księstwie Litewskim.

Анна Сыльвія Чыж высветліла, што дзеці і іншыя нашчадкі Палёні жаніліся, выходзілі замуж пераважна за італьянцаў, якія жылі ў РП — купцоў, мастакоў. Звестак пра тое, што яны вярнуліся ў Італію, няма.

Яшчэ адно месца творчасці Палёні — сталіца ВКЛ Вільня, дзе Палёні аздобіў фрэскамі палац Сапегаў у прадмесці Антокаль. Пра тое, што ён быў звязаны з гэтым месцам, даследчыкі пісалі яшчэ ў ХІХ ст. Але да нашага часу гэта немагчыма было пацвердзіць... Пакуль не пачалася рэстаўрацыя палаца.

Анна Сыльвія Чыж: — Адкрыты два фрагменты жывапісу бясспрэчнага аўтарства Палёні. Пра гэта сведчыць форма гэтых фрэскаў. Гэтыя фрэскі расказваюць пра жыццё пры двары Казімежа Яна Сапегі. Мы бачым на іх і музыкантаў і людзей з усходняй знешнасцю — у цюрбанах, чарнаскурых. Усё гэта сведчыць пра багаты двор Сапегі, які меў вялікія амбіцыі, а яго паплечнікі называлі яго Казімірам IV, бо ён прэтэндаваў на трон РП. 

Дзе яшчэ могуць быць выяўлены пакуль што невядомыя творы Палёні на тэрыторыі былога ВКЛ? Анна Сыльвія Чыж ведае, дзе варта шукаць.

Анна Сыльвія Чыж: — Пэўныя сюрпрызы можа нам прынесці палац Слушкаў у Вільні, які стаіць недалёка ад палаца Сапегаў. Мы ведаем, што і там, і тут працаваў адзін і той жа архітэктар — Джавані Батыста Фрэдыяні. І калі б дайшло да рэстаўрацыі гэтага палаца, то тут маглі б быць выўялены фрэскі Палёні.

Таксама Палёні ў 1790-я гг. працаваў у палацы Казімежа Яна Сапегі на Рынку ў Гродне. Але гэты будынак пазней неаднаразова перабудоўваўся, і фрэскі, мабыць, не захаваліся. Аднак, ведаючы, як выглядалі фрэскі ў палацы Сапегаў на Антокалі ў Вільні, мы можам здагадвацца, што аналагічны жывапіс быў і ў Гродне, тыповы для палацаў таго часу. Магчыма, што на фрэсках персанажы ў антычных міфалагічных касцюмах “расказвалі” пра заслугі і дасягненні ўладальніка —  Казімежа Яна Сапегі.

Гэты моцна перабудаваны будынак, які дагэтуль стаіць на старым Рынку, ніхто не даследаваў з пункту гледжання архітэктуры. Аднак мой калега Пётр Ямскі вывучыў гэты будынак з пункту гледжання гісторыі і мастацтвазнаўства. Таксама гэты будынак вывучаў Ежы Лілейка.

У канцы XVII ст. Гродна стала другім, пасля Варшавы, месцам правядзення пасяджэнняў Сейма РП. І пад гэтыя патрэбы быў рэканструяваны палац Сапегаў.

Патрэбна было месца для пасяджэнняў Сейма. Спачатку пад гэтыя патрэбы было прыстасавана памяшканне ў гродзенскім замку, а потым з гэтай мэтай быў перабудаваны палац Сапегаў, а затым, у часы Саксонскай дынастыі, для Сейма пабудавалі асобны будынак. Бо палац Сапегаў быў не зусім зручны, яго прыстасавалі пад патрэбы Сейма толькі на пэўны час.

Анна Сыльвія Чыж мяркуе, што Мікеланджэла Палёні мог працаваць таксама над аздабленнем фрэскамі суседняга з палацам Сапегаў у Гродне касцёла езуітаў. Храм захаваўся да нашых дзён. А пад тынкам у яго інтэр’еры, напрыклад, у купалы, могуць хавацца невядомыя пакуль што нам работы італьянца.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост