Беларуская Служба

Беларуска адкрыла культурны клуб ва Ўроцлаве, дзе дзеці праводзяць час у беларускім асяроддзі (ФОТА)

15.02.2024 19:46
Клуб гуртуе дзяцей і падлеткаў, а вакол спадчыны аб’ядноўваюцца дарослыя ў якасці куратараў.
Аўдыё
  • Ва Уроцлаве актыўна працуе Клуб развіцця і культуры «Спадчына»
         (   -  )
Сустрэча ў Клубе развіцця і культуры «Спадчына» ва Уроцлаве (здымак размыты арганізацыяй з-за меркаванняў бяспекі)крыніца: Клуб развіцця і культуры «Спадчына»

Ва Уроцлаве актыўна працуе Клуб развіцця і культуры «Спадчына». Арганізацыя гуртуе беларускіх дзяцей і бацькоў, якія пражываюць у гэтым заходнепольскім горадзе. У клубе, як пішуць яго арганізатары, беларускія дзеці і моладзь знойдуць падтрымку сяброў, навучацца гуляць у настольныя гульні, вывучаць родную мову і проста правядуць свабодны час.

Ініцыятарам стварэння і заснавальніцай арганізацыі з’яўляецца Анастасія Сасыкбаева. Мы папрасілі яе падрабязней расказаць пра працу клубу і планы, а таксама пра тое, з чаго ўсё пачалося.

Нашая суразмоўца кажа, што аднойчы на адпачынку за мяжой звярнула ўвагу на тое, што «дзеці чытаюць па-беларуску з вельмі моцным польскім акцэнтам, а некаторыя нават пачалі забываць кірыліцу». Анастасія гаворыць, што падчас таго ж адпачынку дзеці з розных сем’яў пасябравалі паміж сабой, і хацелі сустракацца таксама ва Уроцлаве.

«Ім хацелася сустракацца, але ў іх не было месца, некаторых не адпускалі бацькі проста гуляць у горад, але маглі б адпускаць, напрыклад, калі б яны займаліся нейкай карыснай справай. І вось такім агульным мазгавым штурмам мы вырашылі, што нам трэба нейкае месца, дзе я спачатку прапанавала чытаць, практыкуючы беларускую мову, гуляць у настольныя гульні па-беларуску, а пазней яны б маглі заняцца сваімі справамі», – апавяла пра пачаткі «Спадчыны» Анастасія Сасыкбаева.

Анастасія Сасыкбаева (здымак прадастаўлены субяседніцай) Анастасія Сасыкбаева (здымак прадастаўлены субяседніцай)

Клуб гуртуе дзяцей і падлеткаў, а вакол спадчыны аб’ядноўваюцца дарослыя ў якасці куратараў, паведаміла ініцыятарка арганізацыі.

Часта здараецца, што беларусы, пераехаўшы за мяжу, у тым ліку і ў Польшчы, пераходзяць да сапраўднай беларускасці і нацыянальнай самаідэнтыфікацыі: гуртуюцца ў арганізацыях, пачынаюць размаўляць на беларускай мове і ўцягваюць у гэта таксама сваіх дзяцей. Анастасія гаворыць, што таксама назірае такую з’яву, а таксама адваротную – што дзеці прышчапляюць беларускасць бацькам.

«Ёсць іншы момант – калі дзеці перацягваюць вось у гэтую беларускасць бацькоў. Я неаднойчы чула, што, напрыклад, бацькі рускамоўныя, а дзеці прыходзяць да нас у клуб, пачынаюць размаўляць па-беларуску. І вось бацькі кажуць, што дзеці вяртаюцца дадому і там пачынаюць размаўляць па-беларуску», – кажа грамадская дзяячка і зазначае, што асабіста ведае прыклады сямей, дзе бацькі перайшлі на родную мову.

У бліжэйшых планах Клубу развіцця і культуры «Спадчына» – «Гуканне вясны», Дзень Волі, Купалле, а таксама шматлікія мерапрыемствы, у тым ліку на прыродзе і выязныя, падчас летніх канікул.

размова цалкам – слухайце аўдыёфайл

З Анастасіяй Сасыкбаевай размаўляў Валеры Саўко