Беларуская Служба

Польскае радыё для замежжа суправаджае і адлюстроўвае вехі гісторыі нашай часткі свету ўжо на працягу 88 гадоў

04.03.2024 17:32
Зараз Польскае радыё для замежжа транслюе перадачы на шасці мовах: польскай, ангельскай, беларускай, нямецкай, расійскай і ўкраінскай.
Аўдыё
  • Польскае радыё для замежжа суправаджае і адлюстроўвае вехі гісторыі нашай часткі свету ўжо на працягу 88 гадоў!
Рэдакцыйны калідор Каналу замежнага вяшчання Польскага радыё крыніца: Беларуская служба Польскага радыё

88 гадоў таму, 1 сакавіка 1936 году, распачало сваю дзейнасць Польскае радыё для замежжа. У гэты дзень пачалася штодзённая трансляцыя на кароткіх хвалях перадач на польскай і ангельскай мовах, адрасаваных іншаземцам і палякам замежжа. Пазней былі дададзены праграмы на нямецкай, чэшскай, венгерскай і партугальскай мовах.

Дзейнасць радыёстанцыі перапыніла вайна. Пасля вайны некалькі месяцаў перадачы вяшчаліся з Любліна, і толькі ў жніўні 1945 года Польскае радыё для замежжа было перанесена назад у Варшаву. З часам тут з'явіліся праграмы на многіх замежных мовах. Польскае радыё для замежжа вяшчала нават на дацкай, грэцкай і фінскай мовах, эсперанта і арабскай.

Вяшчанне на замежныя краіны ў часы ПНР, вядома, падвяргалася жорсткай палітычнай цэнзуры, але знайшло сваіх прыхільнікаў ва ўсім свеце. Часамі цэнзуру ўдавалася абысці. Дастаткова прыгадаць, што з Польскім радыё для замежжа супрацоўнічалі многія выдатныя польскія артысты і журналісты, у тым ліку, Ерэмі Пшыбора, Ірэна Дзедзіч, Бажэна Вальтэр і Міхал Суміньскі.

Пасля 1989 года праграма змяніла сваю формулу. Ствараліся рэдакцыі, у тым ліку, на мовах нашых усходніх суседзяў: літоўскай, украінскай, беларускай. Галоўная рэдактра Польскай службы Польскага радыё для замежжа Халіна Остас правяла на нашых хвалях 40 гадоў, журналістка адна з тых, хто вызначаў сучасны выгляд Польскага радыё для замежжа. Папрасілі Халіну Остас прыгадаць самыя кранальныя моманты яе кар’еры ў Польскім радыё для замежжа:

- Безумоўна, гэта былі пераломныя моманты, звязаныя з гісторыяй Польшчы, маю на ўвазе 1989 год і развал соцлагера. Таксама прыгадваецца, як 25 гадоў таму, калі Польшча ўступіла ў НАТА, гэта таксама быў надзвычайны момант, калі мы былі надзвычай шчаслівыя разам з усімі палякамі і адпаведна працавалі, асвятляючы гэты без перабольшання векапомныя падзеі.

Канечне, тады было шмат вельмі цікавых размоваў і перадач, але я думаю, што мне асабліва запомнілася паездка ў Капенгаген, калі на саміце Еўразвязу Польшча, разам з з іншымі краінамі, была прыняты ў ЕЗ.

Гэта былі вельмі кранальныя моманты. Дарэчы там мы былі разам з калегам з Беларускай рэдакцыі Валерыем Саўко. У той час працавалі ў Капенгагене, рыхтавалі матэрыялы і ўсведамлялі, што гісторыя адбываецца перад нашымі вачыма, свет мяняецца на нашых вачах.

Сапраўды, Польскае радыё для замежжа суправаджала і адлюстроўвала вехі гісторыі нашай часткі свету. Паўстанне незалежнай Беларусі не было выключэння. Дзякую намаганнем праф. Ніны Баршчэўскай у 1992 годзе паўстала Беларуская служба Польскага радыё для Замежжа. Галоўны рэдактар Беларуская службы Яланта Смялоўская звярнула ўвагу на важнасць польскага вяшчання на мовах суседзяў Польшчы:

- Нягледзячы на тое, што мы суседзі, мы мала ведаем адзін пра аднаго. Складаная палітычная сітуацыя ў Беларусі і навокал яе не спрыяе польска-беларускаму дыялогу. Польскае радыё для замежжа, а менавіта Беларуская служба хоць у нейкай ступені намагаецца палепшыць гэту сітуацыю.

Варта таксама прыгадаць, што ў гарачыя дні жніўня 2020 г. Польскае радыё для замежжа, наш тагачасны дырэктар Анджэй Рыбалт, выступіў з ініцыятывай да Першага канала Польскага радыё стварыць інфармацыйную праграму на беларускай мове на іх хвалях.

Навіны для Беларусі, якія гучалі на агульнанацыянальных хвалях Польскага радыё каля двух гадоў, сталі цікавай і незвычайнай старонкай у 88-гадовай гісторыі Польскага радыё для замежжа.

Зараз Польскае радыё для замежжа транслюе перадачы на шасці мовах: польскай, ангельскай, беларускай, нямецкай, расійскай і ўкраінскай. У 2022 годзе з-за нападу Расіі на Украіну было створана Польскае радыё для Украіны – на сёння найбуйнейшая рэдакцыя Польскага радыё для замежжа. Аднак вайна ў суседняй краіне паўплывала таксама на характар працы ўсіх шасці рэдакцый, кажа галоўная рэдактарка Англіскай службы Данута Іслер:

-Я лічу бясспрэчным фактам, што сітуацыя прымусіла нас накіраваць навіны ў некалькі іншым рэчышчы. Па-першае, шмат чаго адбывалася за польскай мяжой і замежны слухач не заўсёды меў магчымасць звярнуцца да нейкіх надзейных крыніцаў, каб даведацца, што насамрэч адбываецца і чаму. Па-другое, Польшча прыняла шмат людзей з Украіны, якія ўцякалі ад вайны. Як вядома, спачатку гэта былі ў асноўным жанчыны і дзеці. Гэта былі людзі, якія прыехалі сюды, не ведаючы, колькі яны тут прабудуць, не ведаючы, калі вернуцца, але і не ведаючы, што адбываецца дома, ва Украіне.

Я лічу, што было вельмі важна даць ім інфармацыю пра тое, што там адбываецца і куды яны могуць звярнуцца з адміністрацыйнымі ці іншымі пытаннямі. То бок дапамагчы гэтым людзям не толькі матэрыяльна, але і інфармацыйна.

У той момант важна было распаўсюдзіць інфармацыю і дасягнуць большай колькасці людзей. Калі я ехала ў Нью-Ёрк, амерыканцы меркавалі, што я разумею ўкраінскую мову і што ўкраінская і расійская – гэта адно і тое ж. Мы ведаем, што гэта ментальны стэрэатып, распаўсюджаны на Захадзе пра постсавецкія краіны.

Я думаю, асабліва для амерыканскіх слухачоў, якія зʼяўляюцца адной з нашых асноўных аўдыторый, мы павінны павысіць абазнанасць аб гэтым і паказаць, як усё насамрэч, таму што існуе так шмат скажэнняў, стэрэатыпаў, якія выкарыстоўваюцца ў якасці асновы для маніпуляцый на карысць Расіі. Я ўпэўнена, што гэта трэба мяняць і мы гэта робім.

слухайце аўдыёфайл

 эж

Польскае радыё для замежжа рыхтуецца да свайго 85-годдзя

27.02.2021 14:11
Польскае радыё для замежжа вяшчае 85 гадоў, за выключэннем перапынку, выкліканага пачаткам Другой сусветнай вайны.

«Магія радыё, мікрафону і студыі мяне «ўсмактала» так, як губка ўсмоктвае ваду»

13.01.2022 12:11
Размова з Нінай Баршчэўскай – першым галоўным рэдактарам Беларускай служба Польскага радыё на 30-гадовы юбілей рэдакцыі.

Рэдакцыя, якая нарадзілася на хвалі беларускага Адраджэння

13.01.2022 12:02
Гісторыі, навіны, рэпартажы з Польшчы гучаць па-беларуску вось ужо 30 гадоў. Столькі працуе Беларуская служба Польскага радыё!

Кабінет Ціханоўскай узнагародзіў былую галоўную рэдактарку Беларускай службы Польскага радыё

21.02.2024 17:02
Прафесар Ніна Баршчэўская была заснавальніцай Беларускай службы Польскага радыё.